Со́рга (Sorghum) — род кветкавых раслін сямейства Метлюжковыя, таго самага падсямейства, што кукуруза і цукровы трыснёг.
Апісанне Налічвае 366 апісаных відаў, распаўсюджаных у трапічных, субтрапічных і часткова ва ўмераных паясах. 17 відаў паходзяць з Аўстраліі. 31 від сорга вырошчваюць як культурную расліну.
Аднагадовыя і шматгадовыя травяністыя расліны, сцёблы вышынёй да 4—5 м і болей, моцныя, прамастойныя. Шырокая і разгалінаваная каранёвая сістэма можа дасягаць глыбіні 2—2,5 м. Плод — зярняўка каля 4 мм у дыяметры.
Выкарыстанне Па пажыўных уласцівасцях збожжа і зялёная маса сорга амаль не саступаюць кукурузе, а па некаторых і пераўзыходзяць яе. Сорга папулярнае ў Азіі і Афрыцы як мука для выпечкі хлебных вырабаў і макарон. Збожжа таксама гатуецца як папкорн, смажаннем на патэльні. З сорга робяць кашы, аладкі, лікёры і піва, асабліва для людзей з непераноснасцю глютэну. Патаку (соргавы мёд) атрымліваюць са сцёблаў цукровага сорга, які змяшчае да 18 % цукру. Гэтая культура багатая на вугляводы (61—68 %), бялкі (7,8—16,7 %), карацін, дубільныя рэчывы, вітаміны, якія іграюць важную ролю ў падвышэнні прадуктыўнасці жывёл. Валодае супрацьдыярэйнымі, або звязальнымі, і гамеастатычнымі ўласцівасцямі.
Усе сорга змяшчаюць таніны, а большасць змяшчае флаваноіды. Таніны душаць рост патагенных мікраарганізмаў, зніжаюць цікаўнасць жывёлы да з’ядання расліны. Збожжа сорга з’яўляецца адной з найлепшых крыніц флаваноідаў праантацыянідзіну. Агульнае змяшчэнне фенолу ў танінах і ў флаваноідах карэлюе з антыаксідантнай актыўнасцю. Антыаксідантная актыўнасць найбольшая ў сорга з цёмным каляплоднікам і пігментаваным насеннікам. Антыаксідантнай актыўнасцю сорга можна растлумачыць зніжэнне захворвання на некаторыя віды раку ў насельніцтва, якое ўжывае сорга. Антыаксіданты зніжаюць глікемічны індэкс і могуць памяншаць узровень халестэрыну ў крыві. Утрыманне фенолаў у некаторых відах сорга настолькі высокае, што звязванне бялкоў, вугляводаў і мінералаў можа знізіць іх біялагічную даступнасць. Гэты эфект можа быць часткова скасаваны апрацоўкай збожжа.
Зялёную масу і зерне ахвотна ядуць многія віды сельскагаспадарчых жывёл. Для збалансаванага харчавання жывёл трэба дадаваць крыніцы лізіну, якога бракуе ў сорга.
Салома выкарыстоўваецца як сыравіна для вытворчасці паперы, кардону, плеценых вырабаў, венікаў, ёю пакрываюць дахі, выкарыстоўваюць на паліва, для платоў. З сухіх сцёблаў некаторых відаў атрымліваюць чырвоную фарбу для апрацоўкі шкур.
Вырошчванне ў свеце
Сорга — пятая па значнасці збожжавая культура ў свеце. Мэтазгоднасць вырошчвання сорга ў засушлівых і паўзасушлівых рэгіёнах планеты абумоўліваецца яго ўніверсальнасцю і высокай прадуктыўнасцю.
Патрабаванні да цяпла для зерневага сорга вышэй за патрэбы кукурузы. Для прарастання яму трэба тэмпература ад 12 да 13 °C. Рост больш удалы пры тэмпературы вышэй за 15 °C, аптымальная тэмпература складае каля 32 °C. Перапады тэмпературы падчас цвіцення могуць знізіць ураджай збожжа. Сорга супрацьстаіць высокім тэмпературам значна лепей, чым нізкім. Ён здольны даволі працяглы час пераносіць засуху, а пасля спынення засухі аднаўляць рост. Патрабуе менш вады за кукурузу, каб утварыць кілаграм сухога рэчыва. Добра развіваецца на шчолачных глебах. Цукрыстыя сарты патрабуюць наяўнасці ў глебе карбанату кальцыя, які павялічвае змяшчэнне цукрозы ў сцёблах і лісці. Аддае перавагу лёгкім глебам, здольны расці на троху засоленых глебах.
Найбуйнейшымі экспарцёрамі ў свеце з’яўляюцца ЗША, Аргенціна і Аўстралія. У 2020 годзе сусветная ўрадлівасць склала каля 14,6 ц/га.
Асноўнымі спажыўцамі з’яўляюцца Злучаныя Штаты, Мексіка, Японія, Аргенціна і Усходняя Еўропа. Гэтыя краіны разам паглынаюць больш за 80 % сусветнай вытворчасці сорга ў кармавой форме.
+ Вытворчасць сорга ў выбраных краінах свету Краіна Вытворчасць у 2021 г. (т) Плошча ў 2021 г. (га) Увесь свет 64.367.143 41.587.217 10 найбольшых 47.088.223 25.275.595 11.374.900 2.262.440 6.725.000 5.700.000 4.810.000 4.240.000 4.450.000 1.650.000 4.370.000 1.297.538 3.530.000 6.920.000 3.530.000 748.566 3.002.146 631.910 2.506.772 888.534 1.638.962 572.607 1.617.000 1.576.610 173.160 41.700 115.406 82.655 29.300 6.300 22.100 15.883 4.524 9.058 193 98 70 26 6 11
Атрутнасць На ранніх стадыях росту раслін некаторыя віды сорга могуць змяшчаць сінільную кіслату, хардэін і нітраты ў колькасці, смяротна небяспечнай для жывёл, якія пасвяцца. Расліны, якія цярпяць ад засухі або спёкі, таксама могуць змяшчаць таксічныя ўзроўні цыяніду і нітратаў на позніх стадыях росту.
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Просавыя Катэгорыя:Вікіпедыя:Істотныя артыкулы Катэгорыя:Трапічная сельская гаспадарка