Но́выя Ма́ркавічы. Сустракаецца таксама варыянт Навама́ркавічы (, ) — вёска ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці. Адміністрацыйны цэнтр Навамаркавіцкага сельсавета. Насельніцтва 403 чал. (2004). Знаходзіцца за 34 км на поўдзень ад горада і чыгуначнай станцыі Жлобін (лінія Бабруйск — Гомель), за 83 км ад Гомеля.
На поўначы Шыхава-Гелінскі канал.
Гісторыя Паводле пісьмовых крыніц вядомая з канца XIX стагоддзя як вёска ў Рагачоўскім павеце Магілёўскай губерні. У 1910 годзе ў наёмнай хаце адкрытая земская школа. Вялікія страты нанесены пажарам 2 кастрычніка 1924 года, калі згарэла 36 будынкаў у 12 дварах.
З канца 1924 года цэнтр Навамаркавіцкага сельсавета Стрэшынскага, з 4 жніўня 1927 года Жлобінскага, з 28 чэрвеня 1939 года Стрэшынскага, з 17 снежня 1956 года Жлобінскага раёнаў Бабруйскай (да 26 ліпеня 1930 года) акругі, з 20 лютага 1938 года Гомельскай вобласці. У 1929 годзе арганізаваны калгас «12 гадоў Кастрычніцкай рэвалюцыі», працавалі 2 ветракі, конная крупарушка, кузня. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў верасні 1941 года і верасні 1943 года акупанты забілі 18 жыхароў, а ў 1943 годзе спалілі 33 двары. У баях каля вёскі ў 1943—1944 гадах загінулі 279 савецкіх салдат і партызан, у гонар якіх у 1955 годзе каля будынка выканкама сельсавета ўсталяваная скульптура салдата. 84 жыхары загінулі на фронце. У 1966 годзе да вёскі далучана вёска Мікулічы. Цэнтр калгаса «Бярэзіна». Працуюць сярэдняя школа (новы цагляны будынак пабудаваны ў 1987 годзе), Дом культуры, бібліятэка, фельчарска-акушэрскі пункт, аптэка, аддзяленне сувязі, дзіцячы сад, швейная майстэрня, 2 крамы.
Насельніцтва XX стагоддзе: 1925 — 98 двароў; 1940 — 112 двароў, 532 жыхары; 1959 — 399 жыхароў (паводле перапісу) XXI стагоддзе: 2000 — 155 двароў, 493 жыхары; 2004 — 138 гаспадарак, 403 жыхары
Літаратура
Спасылкі
Катэгорыя:Навамаркавіцкі сельсавет Катэгорыя:Населеныя пункты Жлобінскага раёна