Жло́бін () — горад раённага падпарадкавання ў Жлобінскім раёне Гомельскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна. Трэці па колькасці насельніцтва горад у вобласці (пасля Гомеля і Мазыра). Размешчаны на раўніне Гомельскае Палессе, за 93 км ад Гомеля, 215 км ад Мінска. Прыстань на Дняпры. Буйны чыгуначны вузел (кірункі на Мінск, Магілёў, Гомель, Калінкавічы); аўтадарогі на Бабруйск, Гомель, Рагачоў, Светлагорск.

Назва У беларускай антрапаніміі вядомыя прозвішчы Жлоба, ЖлобічМ. В. Бірыла. Беларуская антрапанімія. Мінск, 1969. С. 146.. З прозвішчам Жлоба звязваў назву Жлобіна географ Вадзім ЖучкевічЖучкевич В. А. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 124..

З іншага боку, ёсць гідронім Жлобін, так называецца возера каля Баранавічаў (цяпер у складзе горада).

Ёсць некалькі версій паходжання назвы «Жлобін», у тым ліку адкінутыя, легендарныя, тапанімічныя і лінгвістычныя.

Працяглы час у літаратуры сцвярджалася, што старая назва Жлобіна — «Хлепень», нібыта згаданая ў 1492 годзе ў сувязі з вайной Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім. Аднак сучасныя даследаванні паказалі, што гаворка ішла пра іншае паселішча — вёску Хлепень каля Сычова ў сучаснай Смаленскай вобласці Расіі. Атаясненне Хлепеня і Жлобіна прызнана памылковымЖлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 65—73..

Паводле народнай легенды, назва Жлобін паходзіць ад імя легендарнага заснавальніка Злобіна — ваяра, які нібыта выратаваў людзей ад цмока. Паселішча было названа ў ягоны гонар, а з часам назва змянілася на «Жлобін». Версія падмацоўваецца мясцовымі паданнямі і тыповай практыкай утварэння назваў ад імёнаў першапасяленцаў.

Яшчэ адна легенда сцвярджае, што ў балотах каля сучаснага Жлобіна жыў дванаццацігаловы цмок, які патрабаваў даніну людзьмі. Малады асілак Пятрок забіў цмока, але загінуў у баі. На месцы яго пахавання паставілі крыж, а пазней быў заснаваны замак Злобін. Назву нібыта далі ад слова «злоба» або ад крыку плытагонаў «Злоообін!» у небяспечным месцы на павароце Дняпра.

Назва можа паходзіць ад мясцовых геаграфічных умоў — узгоркаў над Дняпром, на якіх не даставала паводкавая вада. У гэтым выпадку «злобак», «злобень» азначалі ўзвышша, сухое месца ў забалочанай мясцовасці. Версія падтрымліваецца шэрагам беларускіх тапанімістаў, уключаючы Ю. Татарынава.

Апублікаваная ў выданні «Жлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік» (2025) балцкая версіяЖлобінскі край: ад мінулага да сучаснасці. Гісторыка-краязнаўчы даведнік. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2025. — С. 65—73. была цалкам скапіравана з артыкула «Жлобін» Беларускай Вікіпедыі (версіі паміж 1 мая 2023 і 16 мая 2025), але гэтыя звесткі на праўдзе не пацверджаліся крыніцамі, хоць зноскі на іх стаялі, таму з вікіпедыйнага артыкула іх выдалілі 16 мая 2025 года.

Разглядаецца таксама магчымасць паходжання ад фіна-угорскіх або іранскіх кораняў, звязаных са значэннямі «вільготнае месца», «талая вада» ці «рака» (камскі, таджыцкі, персідскі адпаведнікі). У такім выпадку «Жлобін» мог значыць «паселішча на вільготным месцы».

Геральдыка Герб і сцяг Жлобіна зарэгістраваны ў Гербавым матрыкуле Рэспублікі Беларусь 28 студзеня 2002 года пад № 80Герб горада Жлобіна // Геральдыка Беларусі..

Афіцыйны герб Жлобіна — сярэбрана-чорная ладдзя на блакітным полі іспанскага шчыта. Сцяг уяўляе сабой блакітнае прамавугольнае палотнішча з суадносінамі бакоў 1:2, у цэнтры якога размешчана бела-чорная ладдзя.

Выява ладдзі адсылае да значэння Дняпра як гандлёвага і культурнага шляху, які спрыяў фарміраванню Жлобіна. Ладдзя сімвалізуе падарожжа і накіраванасць у будучыню.

Падчас публічнага абмеркавання герба разглядаліся і іншыя варыянты, у тым ліку грыфон з мячом як сімвал роду ХадкевічаўАдамушко В. І., Елінская М. М. «Гербы и флаги Беларуси». — Мінск: Беларусь, 2006. — С. 254.. Аднак перамог праект з ладдзёй, падтрыманы большасцю ўдзельнікаў конкурсу.

Гісторыя

Старажытнасць Вынікі археалагічных даследаванняў паказваюць, што першыя пасяленні людзей на тэрыторыі сучаснага горада ўзніклі ў першабытнаабшчынны час, задоўга да заснавання Жлобіна. На ўзбярэжжы Дняпра ў межах горада знойдзены рэшткі паселішча перыяду бронзавага веку (II — пачатак I тысячагоддзя да н.э.). На тэрыторыі гарадскога парку культуры і адпачынку «Прыдняпроўскі» выяўлены сляды пасялення перыяду жалезнага веку, якое існавала ў канцы I тысячагоддзя да н. э. — пачатку I тыс. н.э..

У Рэчы Паспалітай Падчас вайны Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай 1654—1667 гадоў казацкі гетман Іван Залатарэнка, які ваяваў на баку Маскоўскай дзяржавы, у сваім лісце ад 15 ліпеня 1654 года паведаміў, што яго войскі спалілі «замак Злобін» (разам з замкамі Рэчыца, Стрэшын, Рагачоў і Горваль). Больш позніх пісьмовых звестак пра гэты замак не маецца. Злобін таксама згадваецца як мястэчка ў шэрагу іншых дакументаў, звязаных з вайной 1654—1655 гадоў.

Паводле археалагічных даных, Жлобінскі замак існаваў у XV—XVII стагоддзях ля ўпадання ручая Чорначка ў раку Дняпро, побач з сучасным гарадскім паркам «Прыдняпроўскі». Абарончыя ўмацаванні складаліся з 2-х частак: замка і падзамка. Пляцоўка замка ўзвышаецца над нізінай на 3—4 м (цяпер тут знаходзіцца сучасны будынак — спартыўная школа). Пляцоўка падзамка, якая выцягнута з поўначы на поўдзень, узвышаецца над нізінай на 2 — 3 м (стадыён спартыўнай школы). Побач знаходзіцца і першапачатковае неўмацаванае сярэдневяковае селішча. На ім размясціўся парк «Прыдняпроўскі». Пры археалагічных абследаваннях знойдзены матэрыял XIV—XVIII стагоддзяў. Такім чынам, вызначана, што гістарычная частка Жлобіна размяшчаецца пераважна паміж Свята-Троіцкім саборам, Дняпром, былым ручаём Чорначка, які цяпер знаходзіцца ў калектары, і колішнім шляхам Рагачоў — Рэчыца, цяпер вуліцай Карла Маркса.

У XV—XVI стагоддзях гэта мясцовасць знаходзілася ва ўладаннях Хадкевічаў, у Рэчыцкім павеце Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага (якое 1 ліпеня 1569 года аб’ядналася з Польскім Каралеўствам у Рэч Паспалітую).

У публікацыях сустракаецца меркаванне аб тым, што першая пісьмовая згадка аб Жлобіне пад назвай Хлепень адносіцца да 1492 года, але гэта памылка. Імаверна, яна ўзнікла ў выніку таго, што з беларускім горадам Рагачоў (паблізу Жлобіна) блыталі сяло, якое ў XV стагоддзі знаходзілася на сумежжы Вялікага Княства Літоўскага і Маскоўскай дзяржавы — (у сучасным Дмітраўскім раёне Маскоўскай вобласці), а непадалёк ад яго ёсць в. Хляпень (Сычоўскі раён Смаленскай вобласці). Дакументаў пра тое, што ў Жлобіна была назва Хлепень, няма.

З 1509 года ў складзе Рагачоўскай воласці, ва ўладанні каралевы Боны Сфорцы, з 1556 года ў складзе скарбовага Рагачоўскага маёнтка. З 1563 года ва ўладанні полацкага шляхціца. Злобін пазначаны на картах 1772, 1776 і 1799 гадоў.

У 1790 годзе кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі выдаў прывілей на штотыднёвыя таргі і 4 гадавыя кірмашы ў Жлобіне, які тады належаў І. Халецкаму. Былі прыстань і паромная пераправа, вялося будаўніцтва рачных суднаў. З 1792 года дзейнічала Крыжаўзвіжанская царква.

У Расійскай імперыі З 1793 года, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Жлобін у Расійскай імперыі, мястэчка Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні. Падчас вайны паміж Францыяй і Расіяй 1812 года французскія войскі 20 ліпеня 1812 года занялі Жлобін, але ў хуткім часе адступілі. Паводле рэвізіі 1816 года ў Жлобіне 189 двароў.

З 1818 года Жлобін стаў мястэчкам. Паводле інвентару 1847 года меў 965 жыхароў. У 1860 годзе меліся царква, паштовая станцыя (24 камплекты коней), прыстань і пераправа.

У 1863 годзе шляхта Жлобіншчыны далучылася да паўстання 1863—1864 гадоў у Польшчы, Літве і Беларусі супраць уладаў Расійскай імперыі. Гл. таксама: Паўстанне 1863–1864 гадоў на тэрыторыі Рагачоўскага павета

У 1863 годзе замест састарэлага ўзведзены новы будынак царквы, дзейнічалі народнае вучылішча (у 1864 годзе 15 вучняў, у 1889 годзе 92 вучні), хлебазапасны магазін. З 1876 года працаваў дрожджавы завод, з 1868 года — крупарушка. Праз мястэчка праходзіла дарога з Магілёва на поўдзень Беларусі.

16 лістапада 1873 года была адкрыта чыгунка Асіповічы — Гомель і чыгуначная станцыя Жлобін 2-га класа. За 1 км на захад ад мястэчка было збудавана паравознае дэпо, вагонныя майстэрні, памяшканні для пасажыраў. Пазней быў узведзены аднапавярховы драўляны вакзал.

13 мая 1880 года ў пажары згарэла 159 дамоў, царква, усе 5 яўрэйскіх малітоўных дамоў, народнае вучылішча, хлебазапасны магазін, 65 лавак і складоў з таварамі. Адбудоўвалася мястэчка паводле новага плана. У 1880 годзе 164 двары, 430 жыхароў, 6 лавак, цукровы завод. 16 мая 1889 года ў пажары згарэла 89 дамоў з надворнымі пабудовамі.

Паводле перапісу 1897 года ў вёсцы Карпілаўка, якая ў 1905 годзе ўвайшла ў склад Жлобіна, — 301 двор, 1307 жыхароў, капліца, яўрэйскі малітоўны дом, хлебазапасны магазін, чыгуначнае вучылішча, 8 крупарушак, 4 пастаялыя двары і 2 карчмы. Паблізу размяшчаўся казённы завод для прэсавання сена, якое накіроўвалася ў ваенныя акругі.

24 снежня 1902 года адкрыта чыгунка Віцебск — Жлобін, 2 лістапада 1915 года — чыгунка Жлобін — Калінкавічы. Пашыраўся гандаль, асабліва хлебам, лёнам, пянькой. Працавалі 2 вінакурні. З 22 снежня 1905 года да 2 студзеня 1906 года адбывалася забастоўка чыгуначнікаў. З 1908 года дзейнічала пазыкова-ашчадная каса. Мелася паштовае аддзяленне.

У 1909 годзе ў Жлобіне, які адносіўся да Лукаўскай воласці Рагачоўскага павета Магілёўскай губерні, налічвалася 486 гаспадарак, 4270 жыхароў, 613 драўляных і 4 мураваныя будынкі. 27 красавіка 1910 года жыхары Жлобіна на беразе Дняпра сустракалі мошчы прападобнай Ефрасінні Полацкай, якія на параходзе «Галавачоў» перавозілі з Кіева ў Полацк. У той жа дзень параход спыняўся ў Стрэшыне, а святыню таксама сустракалі жыхары прыбярэжных вёсак Жлобіншчыны — Казіміраўкі, Страдубкі, Чапліна, Холмечы і іншых. У 1910 годзе быў атрыманы дазвол на адкрыццё прыватнай чатырохкласнай жаночай навучальнай установы А. Е. Мірановіч. У чэрвені 1914 года яна атрымала правы прагімназіі, а ў ліпені 1915 года была пераўтворана ў сямікласную жаночую гімназію; пры ёй працавала бібліятэка. У 1913 годзе адкрыта крэдытнае таварыства.

1917—1941 У час рэвалюцыйных падзей 1917 года Часовы ўрад Расіі вырашыў выкарыстаць для барацьбы з рэвалюцыйнымі выступленнямі рабочых польскія часці Ю. Доўбар-Мусніцкага. Корпус польскіх легіянераў знаходзіўся ў раёне Жлобіна. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі Ю. Доўбар-Мусніцкі заявіў аб сваім нейтралітэце ў адносінах да савецкай улады, аднак у 12 студзеня 1918 года ён аб’явіў вайну Савецкай Расіі. Каля станцыі Жлобін упарты бой, аж да рукапашных стычак, працягваўся 6, а гарматны агонь — 30 гадзін; атрымаўшы перамогу ў гэтым баі, чырвонаармейскія атрады ўвайшлі ў Жлобін.

З 2 сакавіка да лістапада 1918 года акупаваны нямецкімі войскамі. Немцы пратрымаліся ў Жлобіне да 24 лістада 1918 года. 25 сакавіка 1918 года абвешчана аб прыналежнасці тэрыторыі да Беларускай Народнай Рэспублікі. 24 лістапада 1918 года ўладу ўзялі бальшавікі. З 1 студзеня 1919 года згодна з пастановай I з’езда КП(б) Беларусі Жлобін увайшоў у склад Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі, аднак 16 студзеня ЦК РКП(б) пастанавіў уключыць яго ў састаў Расійскай Савецкай Федэратыўнай Сацыялістычнай Рэспублікі. У 1919 годзе Жлобін становіцца цэнтрам воласці. Да восені 1920 года пабудавана электрастанцыя магутнасцю 35 конскіх сіл. 9 мая 1923 года створана Жлобінская воласць.

У сакавіку 1924 года Рагачоўскі павет, у т. л. Жлобін, вернуты Беларускай ССР. З 17 ліпеня 1924 года Жлобін — адміністрацыйны цэнтр Жлобінскага раёна (да 26 ліпеня 1930 года ў Бабруйскай акрузе). У 1924 годзе на паўночнай ускраіне мястэчка заснавана метэастанцыя, працавала ветэрынарная лячэбніца. З 3 ліпеня 1925 года — горад.