Клецк (), сустракаецца мясцовае маўленне Кле́цак — горад у Мінскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Клецкага раёна, на рацэ Лані. Размешчаны за 140 км на паўднёвы захад ад Мінска; чыгуначная станцыя на лініі Асіповічы—Баранавічы. Аўтадарогамі злучаны з Нясвіжам, Баранавічамі, Слуцкам. Насельніцтва 11 348 чалавек (2017).

Назва На думку беларускага географа Вадзіма Жучкевіча, тапонім «Клецк» утварыўся ад асновы клець, або старога дыялектнага слова «клеч» — бярозавы параснік.

Ранейшыя назвы горада ў гістарычных крыніцах: Клѣчьск, Клеческ, Клическ. З увагі на тое, што тапонімы такога тыпу (з утваральнікам -ск-) утвораны ад рэк, можа паходзіць ад назвы рэчкі, на сутоках якой з Ланню горад і ўзнік.

Гісторыя Археалагічная гісторыя мясцін пачынаецца ў IV—V стст., калі на беразе Лані існавала неўмацаванае балцкае паселішча культуры штрыхаванай керамікі. У 2-й палове Х ст. на месцы горада было неўмацаванае паселішча дрыгавічоў. Паселішча, паводле археалагічных раскопак, на месцы сучаснага Клецка існавала і ў сярэдзіне XI ст.

Упершыню Клецк згадваецца пад 1127 годам як сталіца ўдзельнага княства, калі князь Вячаслаў Яраславіч «ис Клечьска» браў удзел у паходзе кіеўскіх князёў на Полацкую зямлю.

Пазнейшае беларуска-літоўскае летапісанне (XVI-XVII ст.) распавядае пра спаленне Клецка татарамі, але пра гэта і час падзей няма верагодных звестак.

У XIV ст. Клецкае княства далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Пад 1398 годам згадваецца Ямант Тулунтавіч — клецкі намеснік вялікага князя Вітаўта. У 1401 годзе Вітаўт перадаў горад свайму брату Жыгімонту Кейстутавічу, у 1404 — князю Раману Фёдаравічу. У 1433 годзе пад Клецкам войскі Жыгімонта Кейстутавіча разбілі прыхільнікаў Свідрыгайлы Альгердавіча. Пазней вялікі князь Казімір даў горад і княства маскоўскаму ўцекачу князю Івану Васілевічу Яраславічу, які пакінуў іх у спадчыну свайму сыну Фёдару.

У 1503 годзе Клецк спалілі крымскія татары. У 1506 годзе на Вялікае Княства Літоўскае напалі больш за трыццаць тысяч крымскіх татараў на чале з Махмат-Гірэям, Біціс-Гірэям і Бурнаш-салтанам. Сабранае вялікім князем Аляксандрам войска на чале з Міхаілам Глінскім 5 жніўня 1506 года разбіла войска крымскіх царэвічаў на Лані, большасць татараў загінула, многіх узялі ў палон і іх нашчадкі жылі ў Клецку пазней.

Вялікі князь Аляксандр выдаў Клецку прывілей на адзін рэгулярны кірмаш. У 1522—1556 гадах горад знаходзіўся ў валоданнях вялікай княгіні Боны Сфорца.

У 1550 Андрэй Маствілоўскі фундаваў у Клецку Фарны касцёл (Траецкі касцёл). У 1552 годзе ў горадзе было сто трыццаць сем двароў, чатыры царквы, манастыр, касцёл. У 1553 пачаў дзейнічаць адзін з першых на Беларусі кальвінскіх збораў, дзе ў 1560—1563 служыў прапаведнікам Сымон Будны. У 1559 вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў гораду прывілей на два рэгулярныя кірмашы. У 1586 г. утварылася Клецкая ардынацыя Радзівілаў. У 1626 у горадзе было 448 двароў, пад 1641 годам згадваецца Клецкая бібліятэка Радзівілаў.

27 жніўня 1652 кароль і вялікі князь Ян Казімір надаў Клецку Магдэбургскае права і герб: «у блакітным полі княжацкая карона, пад якой паляўнічы рог». У Трынаццацігадовую вайну ў 1655 маскоўскія захопнікі зруйнавалі Клецк. Насельніцтва горада скарацілася ўдвая. У 1683 г. маршалак вялікі Станіслаў Казімір Радзівіл заснаваў дамініканскі кляштар. У гэты час у горадзе было 217 двароў, дзейнічалі драўляныя ўніяцкія цэрквы Ушэсця і Уваскрэсенская, працавалі тры рамесныя цэхі.

Падчас Вялікай Паўночнай вайны ў 1706 шведскі аддзел разбіў пад Клецкам расійскае войска. Кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны паўторна надаў гораду прывілей на два рэгулярныя кірмашы. У 1713 годзе ў горадзе было сто пяцьдзясят два двары.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Клецк апынуўся ў складзе Расійскай імперыі, дзе стаў цэнтрам воласці Случарэцкага павета. Статус паселішча панізілі да мястэчка, якое зрабілася вядомым у рэгіёне цэнтрам гандлю. У 1796 у Клецку збудавалі харальную сінагогу. 20 красавіка (3 мая) 1917 гараджане ўпершыню змаглі ўрачыста адзначыць гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 мая.

Згодна з Рыжскім мірным дагаворам (1921) Клецк апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Нясвіжскім павеце. Цягам 1924—1931 у Клецку працавала беларуская гімназія. У 1924—1939 гадах у горадзе дзейнічалі польскія памежныя падраздзяленні: батальён Корпуса аховы памежжа «Клецк», артылерыйская батарэя КАП «Клецк» і кавалерыйскі эскадрон «Клецк».

Увосень 1939 года Клецк увайшоў у БССР, дзе ў 1940 стаў цэнтрам раёна. У Вялікую айчынную вайну з 26 чэрвеня 1941 года да 4 ліпеня 1944 года горад знаходзіўся пад нямецкай акупацыяй, 6 кастрычніка 1941 нацысты расстралялі каля чатырох тысяч яўрэяў. У 1953 савецкія ўлады злачынна ўзарвалі Фарны касцёл.

У 1987 годзе да горада далучаны пасёлак ПерамаганосныРашэнні выканкома Мінскага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 23 лютага, 23 сакавіка і 29 чэрвеня 1987 г. // Збор законаў Беларускай ССР, указаў Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, пастаноў Савета Міністраў Беларускай ССР. — 1987, № 23 (1901)..

29 лістапада 1999 адбылося афіцыйнае зацверджанне гістарычнага герба Клецка. 11 лістапада 2008 з ініцыятывы мясцовага святара Маскоўскага патрыярхату на помнік архітэктуры XVII ст., колішні касцёл дамініканцаў, паставілі пазалочаны купал-цыбуліну, што з’яўляецца грубым парушэннем дзейнага заканадаўства. Нягледзячы на звароты грамадскасці ў пракуратуру, неўзабаве такія ж купалы паставілі над бакавымі вежамі. 25 снежня 2008 у Клецку адбылося ўрачыстае асвячэнне новага касцёла Найсвяцейшае Тройцы.

Насельніцтва

XVI стагоддзе: 1552 — 0,7 тыс. чал. XVII стагоддзе: 1626 — 2,0 тыс. чал.; 1683 — 1,1 тыс. чал. XVIII стагоддзе: 1713 — 0,6 тыс. чал. XIX стагоддзе: 1897 — 4,7 тыс. чал. XX стагоддзе: 1939 — 7,9 тыс. чал.; 1959 — 4,1 тыс. чал.; 1970 — 5,7 тыс. чал.; 1991 — 11 тыс. чал.; 1997 — 11 тыс. чал. XXI стагоддзе: 2006 — 10,4 тыс. чал.; 2007 — 10,1 тыс. чал.; 2008 — 10,1 тыс. чал.; 2009 — 10 761 чал. (перапіс); 2015 — 11 237 чал.; 2016 — 11 317 чал.; 2017 — 11 348 чал.

Эканоміка Прадпрыемствы харчовай (малочнай, масласыраробнай, кансервавай, камбікормавай), дрэваапрацоўчай, лёгкай прамысловасці. Гасцініца «Клецк».

Культура

Клецкі гісторыка-этнаграфічны музей.

Адукацыя У Клецку працуюць 3 сярэднія, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы і селькагаспадарчы прафесійны ліцэй.

Славутасці Гарадзішча (XI—XIII стагоддзі) Будынак былога касцёла пры кляштары дамініканцаў (1683), вул. Я.Купалы, 1 — Будынак былога кляштара дамініканцаў (XVII ст.), вул. Панкратаўская, 8 — Свята-Пакроўская царква на могілках (другая палова XIX стагоддзя), вул. Леніна — Будынак былой ешывы (1920), вул. Гагарына, 11 — Будынкі былых казармаў (пачатак XX стагоддзя), вул. Казарменная, 4 — Будынак былога шпіталя (1909), вул. Школьная, 23 — Мемарыяльны крыж і камень на месцы бітвы пад Клецкам 5 жніўня 1506 года Мемарыяльны комплекс савецкім воінам і партызанам, брацкая магіла (1975, 1944), пл. Маякоўскага, у скверы — Магіла чырвонаармейцаў (1917, 1967), гарадскія могілкі — Касцёл Святой Тройцы Памятны знак у гонар 800-годдзя горада

Страчаная спадчына Касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Фарны; XVI ст., захавалася частка заходняй сцяны) Замак Капліца (XIX ст.) Мячэць (1881) Вялікая сінагога (XVIII ст.) Ветраны млын

Вядомыя асобы

Валерый Задаля (1953—2007) — беларускі журналіст, грамадска-палітычны дзеяч. Уладзімір Ільіч Канановіч (нар. 1964) — беларускі гісторык. Уладзімір Кісель (1922—1999) — беларускі педагог, удзельнік антысавецкага падпольнага руху. Святаслаў Леанідавіч Шайко (нар. 1955) — беларускі архітэктар-рэстаўратар. Анатоль Тадэвушавіч Шчасны (нар. 1961) — беларускі медык. Хасень Мустафавіч Александровіч (нар. 1924) — беларускі хімік. Якуб Мустафавіч Александровіч (нар. 1934) — эканаміст.

Зноскі

Літаратура

Пазднякоў В. Клецк X — XVIII стст.: матэрыяльная і духоўная культура беларускага феадальнага горада. ― Мн.: БелНДІДАС, 2008. — 287 с.

Kleck // S. 122—123. Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Т. 1: Лаврентьевская летопись и Суздальская летопись по академическому списку / [под редакцией Е. Ф. Карского]. — М.: Издательство восточной литературы, 1962. — VIII, 577, с. Полное собрание русских летописей / Академия наук СССР, Институт истории. Том 2: Ипатьевская летопись. — М.: Издательство восточной литературы, 1962. — XVI, 938, 87 с.

Спасылкі

Інфастаронка города Клецка м. Клецк на Radzima.org «Край|BY»: тлустая кропка ў татарскіх наездах — Клецк! Інфармацыя на старонцы «Rzeczpospolita wirtualna — Kresy wschodnie» Прагноз надвор’я ў м. Клецк