Літоўская меншасць у Беларусі кампактна пражывае на граніцы з Літвой у Воранаўскім і Астравецкім раёнах Гродзенскай і Браслаўскім раёне Віцебскай абласцей. Таксама існуюць літоўскія паселішчы ва ўсходніх раёнах рэспублікі. Акрамя гэтага, пэўная колькасць літоўцаў пражывае па ўсёй рэспубліцы, асабліва ў буйных гарадах.
Агульная колькасць літоўцаў на тэрыторыі Беларусі паводле перапісу 2009 года 5087 чалавек, такім чынам з’яўляючыся дзявятай па велічыні нацыянальнай меншасцю у краіне. 1 597 з іх (31,4 %) у якасці роднай мовы назвала літоўскую мову, 1 999 (39,3 %) — рускую мову. Сярод вернікаў большую частку складаюць каталікі.
Гісторыя
Да пачатку фарміравання беларускага і літоўскага народаў значную частку тэрыторыі сучаснай Беларусі займалі балцкія этнічныя супольнасці (яцвягі, літоўцы-аўкштайты, латгалы, жамойты, прусы), якія пасля этнічна ўвайшлі ў іх склад. У XIV—XVI стст. літоўцы займалі тэрыторыю сучаснай паўночна-заходняй Беларусі — да захаду і поўначы ад лініі Гродна — Шчучын — Ліда — Валожын — Крэва — Паставы — Браслаў. Перасяленні літоўцаў адбываліся галоўным чынам у заходнія і цэнтральныя рэгіёны Беларусі. Дамінуючае становішча беларускага этнаса ў Вялікім Княстве Літоўскім выклікала паступовую асіміляцыю літоўцаў беларуска-літоўскага памежжа і памяншэнне іх этнічнай тэрыторыі ў паўночна-заходнім кірунку. Найбольш хутка беларусіфікавалася літоўскае насельніцтва ў наваколлях Вільні, дзе знаходзілася шматлікае ўсходне-славянскае акружэнне. Літоўцы засвойвалі мясцовыя беларускія гаворкі, што давала магчымасць прылучыцца да дзяржаўнай мовы Вялікага Княства Літоўскага.
У канцы XIX — пачатку XX ст. літоўскае насельніцтва захавалася ў наваколлях цяперашніх вёсак Дзевянішкі (цяпер Літва), Лаздуны Іўеўскага, Парэчча Гродзенскага, Гервяты Астравецкага, Опсы Браслаўскага, Пелясы і Жырмуны Воранаўскага раёнаў і іншых населеных пунктаў беларуска-літоўскага памежжа. Пастаянныя працяглыя кантакты паміж беларусамі і літоўцамі, аднолькавыя прыродныя і сацыяльна-эканамічныя ўмовы прывялі да ўзаемнай інтэграцыі шматлікіх элементаў традыцыйных беларускай і літоўскай культур. Мова была асноўнай рысай, якая адрознівала мясцовых літоўцаў (галоўным чынам каталікоў) ад беларусаў. У канцы XIX ст. адбывалася перасяленне часткі літоўцаў у Беларусь, галоўным чынам у цэнтральныя і ўсходнія рэгіёны. Карэннае насельніцтва было сканцэнтравана ў Гродзенскім (2912 чал.), Лідскім (17828 чал.), Ашмянскім (8765 чал.), Слонімскім (305 чал.) паветах.
У перыяд Першай сусветнай вайны колькасць літоўскага насельніцтва Беларусі павялічылася за кошт бежанцаў, значна ўзрасла колькасць літоўцаў у гарадах. Паводле перапісу 1926 года ў Беларусі было 6864 літоўцы. У 1920—1930-я гг. выпускаліся літоўскія друкаваныя выданні, рыхтаваліся спецыялізаваныя кадры для школ, вялося радыёвяшчанне на літоўскай мове. У 1927 годзе ў Інбелкульце працавала кафедра гісторыі Літвы. Створаны літоўскі сектар у АН Беларусі (1929), Інстытут літоўскай і латышскай культур (1933), літоўская секцыя Інстытута нацыянальных меншасцей (1935). Літоўскае бюро існавала пры ЦК КП(б)Б. У 1933—1934 гадах у Беларусі працавалі 12 літоўскіх школ, існавалі літоўскія нацыянальныя калгасы, Малькаўскі літоўскі нацыянальны сельсавет. У 1937 годзе ў Беларусі налічвалася 5422 літоўцы.
У другой палове 1930-х гадоў у СССР па вядомых прычынах змяніўся вектар палітыкі, накіраванай на развіццё культур розных этнічных груп. Былі ліквідаваны нацыянальныя калгасы і сельсаветы, згорнутая навукова-даследчая праца, закрыты нацыянальныя школы. Частка літоўцаў БССР, у першую чаргу інтэлігенцыя, сталі ахвярамі масавых рэпрэсій. Перапіс насельніцтва 1937 г. сведчыць пра скарачэнне колькасці літоўскага насельніцтва ў БССР. Паводле матэрыялаў гэтага перапісу, у 1937 годзе ў БССР пражывалі 5422 літоўцы, што на 20 % было менш паказчыку 1926 г.
Сярод беларускіх літоўцаў Заходняй Беларусі ў 1920—1930-х гг. актыўную культурна-асветніцкую працу праводзілі таварыствы «» і , якія засноўвалі пачатковыя школы, вячэрнія курсы, ізбы-чытальні, бібліятэкі і інш. Да канца 1930-х гг. іх дзейнасць была спынена польскімі ўладамі.
На працягу 2-й паловы XX ст. адбылося памяншэнне літоўцаў у Беларусі. Актыўнае перасяленне літоўцаў у Літоўскую ССР адбывалася ў паваенныя гады. З развіццём індустрыялізацыі і ўрбанізацыі ўзмацніліся міграцыі літоўцаў у гарады. Паводле даных перапісу насельніцтва 1970 года, узровень урбанізацыі літоўцаў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей склаў 69 % (у 1926 г. — толькі 31 %) а ў 1989 годзе вырас да 74 %.
У пасляваенныя гады ў БССР былі закрыты ўсе літоўскія школы, ліквідаваны літоўскі друк. Была паралізавана дзейнасць каталіцкага касцёла, які традыцыйна меў вялікую значнасць для літоўцаў. Неаднаразова беларускія літоўцы звярталіся з петыцыямі і прашэннямі аб адкрыцці літоўскіх школ да савецкага вышэйшага кіраўніцтва. Нягледзячы на цяжкасці, з якімі прыйшлося сутыкнуцца літоўцам БССР у барацьбе за права атрымання адукацыі сваімі дзецьмі на роднай мове, у 1956—1957 гадах у Воранаўскім і Астравецкім раёнах усё ж было адкрыта 8 літоўскіх школ. Аднак праз некаторы час іх засталося толькі 3 (у вёсках Гіры і Рымдзюны Астравецкага раёна і Пеляса Воранаўскага раёна). Цесныя міжэтнічныя кантакты паміж літоўцамі і беларусамі вялі да паступовай асіміляцыі беларускіх літоўцаў (у першую чаргу моўнай). У 1950-1980-я гады мэтанакіраванай нацыянальнай палітыкі ў дачыненні да літоўцаў у БССР практычна не праводзілася. Асноўнай сферай функцыянавання і захавання літоўскай мовы, які быў выціснуты з адукацыі і касцёла засталася сям’я. Сучаснасць
Літоўцы галоўным чынам кампактна пражываюць каля вёсак Опса Браслаўскага, Гервяты Астравецкага, Пеляса Воранаўскага раёнаў, дысперсна — ва ўсіх памежных з Літвой раёнах і некаторых раёнах цэнтральнай і ўсходняй Беларусі (в. Малькаўка Мсціслаўскага раёна), значная частка ў гарадах (Мінск, Гродна, Ліда).
Пасля аднаўлення незалежнасці Літоўскай Рэспублікі ў пачатку 1990-х гадоў літоўскім урадам была выпрацавана новая канцэпцыя ў дачыненні да сваіх суайчыннікаў, якія пражываюць у Рэспубліцы Беларусь. Маюцца 2 агульнаадукацыйныя школы з літоўскай мовай навучання (вёскі Рымдзюны Астравецкага, Пелясы Воранаўскага раёнаў). На іх базе дзейнічаюць культурна-адукацыйныя цэнтры, адкрытыя пры актыўнай дапамозе Літоўскай Рэспублікі. Працуюць нядзельныя школы па вывучэнні літоўскай мовы (Мінск, Гродна, Ліда, Браслаўскі, Воранаўскі, Астравецкі раёны). Пры 20-й Мінскай гарадской бібліятэцы адкрыта літоўская чытальня.
З 1994 года галоўную ролю ў аб’яднанні і развіцці нацыянальна-культурнага жыцця літоўцаў Беларусі належыць Рэспубліканскаму грамадскаму аб’яднанню «Беларуская абшчына літоўцаў» (з абласнымі, раённымі і гарадскімі філіяламі). У 1995 годзе створаны Пеляская і Гервяцкая абшчыны літоўцаў, у 1995 — Гродзенская, у 1998 годзе — Браслаўская, у 2004 годзе — Астравецкая. Дзейнічаюць аб’яднанне літоўцаў Гродзенскай вобласці «Tėvynė» (). Існуюць таксама нефармальныя аб’яднанні літоўцаў в. Пелясы Воранаўскага раёна «Gimtinė» (), Жырмунскі клуб літоўцаў (Воранаўскі раён), літоўцаў Ліды «Rūta» (), Рэчыцы, Баранавічаў.
Выхадцы з літоўскіх вёсак Беларусі заснавалі ў Літве зямляцкія клубы: «Gervėčiai» («Гервяты»), які аб’ядноўвае літоўцаў — выхадцаў з Гервяцкага края (Астравецкі раён), і «Beržynas» («Бярэзнік»), які аб’ядноўвае літоўцаў — выхадцаў з в. Малькаўка (Мсціслаўскі раён) і іншых літоўскіх вёсак усходняй Беларусі. РГА «Беларуская абшчына літоўцаў» штогод арганізуе святкаванні Дня аднаўлення літоўскай дзяржаўнасці (16 лютага), Дня аднаўлення незалежнасці Літвы (11 сакавіка), Грунвальдскай бітвы (15 ліпеня) і каранацыі Міндоўга (6 ліпеня). Адзначаюцца ўгодкі знішчэнняў літоўцаў НКУС ў Ігумене.
Асвятленнем жыцця беларускіх літоўцаў займаецца штомесячная газета «» («Мары літоўцаў»), якая выдаецца з 1993 г. у Вільнюсе. З 1999 г РОА «Беларуская абшчына літоўцаў» выдае інфармацыйны бюлетэнь «Mūsų žodis» (). У рэспубліцы існуе невялікае кнігавыдаўніцтва на літоўскай мове — у 2009 годзе выйшлі 6 кніг і брашур агульным тыражом 5,3 тыс. асобнікаўКозловская А. И. Проблемы и перспективы книгоиздания на национальном языке в Республике Беларусь // Известия высших учебных заведений. Проблемы полиграфии и издательского дела. — 2011. — № 2. — С. 165.
Дружына беларускіх літоўцаў атрымала некалькі медалёў у спартыўных гульняў літоўцаў свету.
Рэпрэсіі супраць літоўскай меншасці Пасля масавых пратэстаў 2020 года супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і пачатку палітычнага крызісу ў Беларусі рэжым Лукашэнкі распачаў рэпрэсіі, у тым ліку супраць арганізацый літоўскай меншасці, якія разглядаліся як інструмент «мяккай сілы» Літвы — сродак неканстытуцыйнага ўплыву і дэстабілізацыі ўнутранай палітычнай сістэмыКазак, О. Г. Клуб «Гервечай» как инструмент литовской «мягкой силы» в Республике Беларусь / О. Г. Казак. — Текст : электронный // Межрегиональные и межгородские связи на евразийском пространстве в условиях системных изменений мирового порядка : сборник материалов Международной научно-практической конференции, гг. Тюмень, Москва, Минск, Бишкек, 29-30 марта 2024 г. / под редакцией О. С. Пустошинской [и др.] ; Министерство науки и высшего образования Российской Федерации, Тюменский государственный университет [и др]. — Тюмень : ТюмГУ-Press, 2024. — С. 33-45.. У 2021 годзе былі ліквідаваныя Беларуская абшчына літоўцаў і Радунскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гінтарас», у 2023 годзе — Браслаўскае раённае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Рытас», Гервяцкая суполка літоўцаў, Лідскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Рута», Культурна-гісторыка-асветная гарадская грамадская арганізацыя «Аб’яднанне літоўцаў «Віціс», Пеляскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Гімціне», у 2024 годзе — Гродзенскае грамадскае аб’яднанне літоўцаў «Тэвіне» і клуб «Гервячай».
З 1 верасня 2022 года ў Беларусі пачалі дзейнічаць змены, унесеныя ў Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, згодна з якімі ў Беларусі не застаецца школьнай адукацыі на мовах нацыянальных меншасцей. Таму шкаляры ў двух агульнаадукацыйных школах з літоўскай мовай навучання ў вёсках Рымдзюны (Астравецкі раён) і Пеляса (Воранаўскі раён) будуць вывучаць прадметы на беларускай або рускай мовах, а літоўская застаецца толькі як асобны дадатковы прадмет. 12 жніўня 2022 года Міністэрства замежных спраў Літвы заявіла пасольству Беларусі ў Літве афіцыйную ноту з нагоды закрыцця літоўскіх школ у Беларусі. 15 верасня 2022 года Беларусь у аднабаковым парадку скасавала дамову з Літвой аб міждзяржаўным супрацоўніцтве ў галіне адукацыі. 27 верасня Сейм Літвы заявіў з нагоды гэтага пратэстhttps://www.lrs.lt/sip/portal.show?p_r=36002&p_k=1&p_t=282373.
Дынаміка насельніцтва Дынаміка колькасці літоўцаў у Беларусі паводле даных перапісаў: 1926 год — 6 864 1959 год — 8 363 — 0,10 % 1970 год — 8 092 — 0,09 % 1979 год — 6 993 — 0,07 % 1989 год — 7 606 — 0,07 % 1999 год — 6 387 — 0,06 % 2009 год — 5 087 — 0,05 % 2019 год — 5 287 — 0,06 %
Мова + Размеркаванне літоўцаў па роднай мове
Калі ў 1959 г. літоўскую мову ў якасці роднай назвалі каля 77 % усіх літоўцаў Беларусі, у 1999 г. — 52 %, то ў 2009 годзе толькі 31 %. Гэты паказчык у гарадскога літоўскага насельніцтва склаў 24 %, а ў сельскага — 45 %. Беларускую мову ў якасці роднай у 2009 г. назвалі 26 % літоўцаў Беларусі. Яшчэ больш літоўцаў роднай мовай назвалі рускую мову — 39 %. Колькасць літоўцаў, якія назвалі ў 2009 г. роднай мовай літоўскую, у параўнанні з 1999 г. паменшылася на 21 %, у той час як беларускую і рускую мовы прызналі роднымі на 5 % і 13 % літоўцаў больш адпаведна. Такая дынаміка гэтых лінгвістычных паказчыкаў сведчыць пра далейшую моўную асіміляцыю беларускіх літоўцаў, якая шмат у чым звязана з іх актыўнай урбанізацыяй у гэты перыяд.