Мурэа (франц. Moorea, таіц.: Moʻorea, літаральна «жоўтая яшчарка») — востраў у Французскай Палінезіі. Уваходзіць у групу Наветраных астравоў Таварыства. Плошча — 134 км². Насельніцтва — 16191 чал. (2007 г.)

Геаграфія Востраў размешчаны не далёка ад Таіці. Мае вулканічнае паходжанне. Даволі ўзгорысты. Найвышэйшы пункт — гара Тахіэа (1 207 м). Уздоўж часткі ўзбярэжжа цягнецца каралавы рыф, які фарміруе 3 невялікія астраўкі моту.

Клімат трапічны мусонны. Сезон дажджоў працягваецца са снежня да красавіка. У зімовыя месяцы (чэрвень — верасень) з паўднёвага ўсходу дзьме прахалодны вецер Марааму. Сярэднегадавая тэмпература 24 — 28 °C.

Гісторыя Мурэа быў населены палінезійцамі ў канцы 1 тысячагоддзя н. э. Да прыбыцця еўрапейцаў ён з’яўляўся важным духоўным цэнтрам Палінезіі. Да нашага часу захавалася некалькі палінезійскіх стадолаў марае. Найбольш старажытны — Афарэату, усталяваны ў IX ст.

Адкрыты ў 1767 г. брытанцам Сэмюэлем Уолісам. На востраве таксама пабывалі Дж. Кук, Ч. Дарвін, О. Кацэбу.

У канцы XVIII ст. быў далучаны да Таіцянскай дзяржавы. У XIX ст. быў абвешчаны калоніяй Францыі.

У 2010 г. група палінезійцаў у пратэст супраць змен у традыцыйным ладзе жыцця абвясціла на Мурэа дзяржаву Хау Пакумоту.

Эканоміка і інфраструктура Мурэа — другі па значэнню востраў Французскай Палінезіі, дзе інтэнсіўна развіваецца турызм. Мясцовыя жыхары займаюцца земляробствам (вырошчваюць ваніль, цытрусавыя, ананасы, бананы і г. д.) і ловам рыбы. Частка тубыльцаў стала працуе на суседнім Таіці.

Востраў звязаны з Таіці і некалькімі іншымі астравамі Таварыства паромнай пераправай. Дзейнічае аэрапорт. Галоўная шаша цягнецца вакол усяго ўзбярэжжа Мурэа.

Спасылкі

Поўны даведнік для наведвальнікаў Агульная інфармацыя Le gouvernement Hau Pakumotu passe au recrutement… History of Hau Repupirita Pakumotu

Катэгорыя:Астравы Таварыства Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна