Касцёл Найсвяцейшай Дзевы Марыі і кляштар бернардзінцаў — часткова захаваны кляштарны комплекс у Полацку. Знаходзіцца на левым беразе Дзвіны, у Задзвінні, па адрасе вуліца Гвардзейцаў, 23. Помнік архітэктуры барока. Унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Гісторыя
У XI—XVI стст. Полацк пераважна праваслаўны горад, але заходні ўплыў быў здаўна. У сярэдзіне XIII ст. полацкі князь Канстанцін заснаваў каталіцкае Рускае біскупства і пабудаваў у Полацку кафедральны касцёл, пасля смерці бяздзетнага князя ў пачатку 1260-х гадоў Полацкая зямля на кароткі час нават трапіла пад уладу рыжскага архібіскупа.
Паводле хронікі , у 1498 годзе пры садзейнічанні вялікага князя Аляксандра ў Полацку заснаваны кляштар бернардзінцаўСлюнькова И. Н. Монастыри восточной и западной традиций. Наследие архитектуры Беларуси. ― М.: Прогресс-Традиция, 2002.. Да гэтага часу ў Вялікім Княстве Літоўскім ужо было два бернардзінскія кляштары — віленскі з касцёлам Св. Францыска (1469) і ковенскі з касцёлам Св. Георгія (1471). Першы драўляны касцёл полацкага кляштара пабудаваны ў 1502 годзе. Аднак, кляштар цалкам знішчаны пажарам падчас Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў у аблогу горада маскоўцамі ў 1563 годзе.
У 1695 годзе полацкі ваявода Аляксандр Слушка запрасіў у горад бернардзінцаў, для іх у 1696 годзе на левым беразе Дзвіны пабудаваны драўляныя касцёл Маці Божай і кляштарны корпусРукописный отдел Библиотеки Академии наук (Петербургское отделение). F. 266. Т. 3. План Полоцка (Plan von Polozko) 1707 г..
Каменныя будынкі касцёла Св. Марыі і кляштара пабудаваны ў 1769 годзе ў стылі барока на месцы драўляныхWolff J. Senatorowie i dygnitarze Wielkiego Księstwa Litewskiego 1386—1795. — Kraków, 1885. S. 55—62.. У 1772 годзе ў кляштары 10 манахаў, дзейнічала філасофская школа. У комплекс кляштара ўваходзілі гаспадарчыя пабудовы — пякарня, бровар, лядоўня, кузня, стайня, лазня, пладовы сад з агародам. Агулам 30 жылых і 8 нежылых памяшканняў.
У 1832 годзе кляштар закрыты, манахі пераведзены ў Друйскі кляштар, касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву Іаана БагасловаРГВИА. Ф. 405, оп. 7, ед. хр. 2371, 1834 г. С. 66-68.. У 1880 годзе прыбудавана багадзельня. Будынкі займалі 3780 м², агароды — 11 497,5 м².
У 1920-я гады савецкія ўлады закрылі царкву. У Другую сусветную вайну комплекс быў пашкоджаны, ад касцёла засталіся руіны. Захаваўся жылы корпус, дзе з 1950-х гадоў размяшчалася медыцынская ўстанова.
Галерэя
Царкоўныя старасты кляштара Царкоўным старастам кляштара ў 1670 годзе быў віленскі канонік Казімір Горскі.
Архітэктура
Касцёл
У XVI — пачатку XVII стст. храмавае будаўніцтва бернардзінцаў грунтавалася на досведзе і архітэктурнай традыцыі францысканцаў і па ўсёй Рэчы Паспалітай вылучаецца адзінствам архітэктурных рашэнняў.
Касцёл уяўляў сабой 1-нефны храм з 2-х вежавым галоўным фасадам, накрыты двухсхільным дахам. Франтоны галоўнага і бакавога фасадаў мелі фігурныя завяршэнні. Над галоўным фасадам узвышаліся 4-ярусныя вежы, у трэцім ярусе якіх былі скразныя паўцыркульныя вокны. У пластыцы фасадаў выкарыстоўваўся класічны ордар.
Усярэдзіне неф касцёла перакрываўся цыліндрычным скляпеннем. Над уваходам на 2 слупах-пілонах выступалі хоры, на іх і вышэй на званіцу вялі вітыя сходы.
Кляштар
Выцягнуты прамавугольны ў плане будынак кляштара з захаду завершаны перпендыкулярна размешчаным крылом з трапезнай, з усходу прылягаў да касцёла, які не захаваўся.
Архітэктура кляштара адрозніваецца прастатой, мае стрыманы дэкор: пілястры вялікага ордара, прамавугольная ліштва, прафіляваны карніз. Планіроўка галерэйная, перакрыцці памяшканняў скляпеністыя. Дах кляштара крыты дахоўкай.
Літаратура
Беляев И. Д. История Полотска или Северо-Западной Руси, от древнейших времён до Люблинской унии. ― М., 1872.
Полоцк: Исторический очерк. ― Мн., 1962. Kantak K. Bernardyni polscy. T. 1-2. ― Lwów, 1993.
Спасылкі
Былы кляштар бернардзінцаў Кляштар бернардзінцаў на полацкім сайце Знаходка археолагаў
Катэгорыя:Храмы паводле алфавіта Катэгорыя:Манастыры Полацка Катэгорыя:Колішнія касцёлы Полацка Катэгорыя:Збудаванні Полацка ў стылі барока Катэгорыя:Колішнія кляштары Беларусі Катэгорыя:Бернардзінскія кляштары Беларусі