Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў — беларуская вышэйшая навучальная ўстанова культурнага профілю. Знаходзіцца ў Мінску, дзейнічае з 1975 года, вядзе падрыхтоўку па 41 спецыялізацыі. Будынак універсітэта па Рабкораўскай вуліцы, 17 узведзены па праекце архітэктараў Ю. Грыгор’ева, Л. Маскалевіча, А. Беразоўскага, Г. Ласкавай, В. Капылова.

Гісторыя ўніверсітэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў пачаў сваю дзейнасць як інстытут у 1975 годзе, паводле пастановы Савета Міністраў БССР № 139 ад 04.05.1975 і загаду Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР № 234 ад 14.05.1975. Спачатку ў інстытуце было толькі два факультэты: бібліятэчны, створаны ў 1944 годзе на базе Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага, і факультэт сацыякультурнай дзейнасці. У першыя гады сваёй дзейнасці інстытут развіваўся інтэнсіўна: былі пабудаваны інтэрнаты, а ў 1986 годзе быў створаны трэці факультэт — самадзейнага музычнага і харэаграфічнага мастацтва. У 1989 годзе ва ўніверсітэце адкрылася аспірантура, што дазволіла павялічыць колькасць студэнтаў.

Падзеі канца 1980-х — пачатку 1990-х гадоў запатрабавалі карэнных пераўтварэнняў у галіне падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне культуры. Таму ў 1992 годзе была прынята праграма рэарганізацыі інстытута ва ўніверсітэцкую ўстанову еўрапейскага тыпу. З 30 верасня 1993 года ўстанова называлася Беларускі ўніверсітэт культуры. Глыбокая рэарганізацыя дазволіла распачаць падрыхтоўку спецыялістаў па вялікай колькасці новых спецыялізацый.

У гэты час адбываецца другая хваля інтэнсіўнага развіцця ўніверсітэта: падпісваюцца міжуніверсітэцкія дамовы аб супрацоўніцтве, ствараюцца новыя спецыяльнасці і факультэты, магістратура, адкрываецца Мазырскі філіял факультэта завочнага навучання. У 1996 годзе ўніверсітэт паспяхова праходзіць міжнародную акрэдытацыю. На падставе вынікаў акрэдытацыі з 26 лістапада 1996 года ўніверсітэт атрымаў статус вядучай навучальнай установы культурнага профілю ў Беларусі.

У 1999 і 2000 гадах, падчас наведвання ўніверсітэта Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам, установа атрымала ўласную мастацкую галерэю, другі корпус, а таксама Маладзёжны тэатр эстрады. У гэты час былі створаны студэнцкі эстрадна-сімфанічны аркестр і навукова-творчая лабараторыя традыцыйных рамёстваў беларусаў.

У 2003 годзе ва ўніверсітэце адбылася яшчэ адна рэарганізацыя, з’явіліся новыя кафедры і факультэты, некаторыя з іх памянялі назвы з улікам перспектыў развіцця сучаснай сацыяльна-культурнай практыкі ў краіне. З 8 кастрычніка 2004 года Беларускі ўніверсітэт культуры завецца Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў.

Важнай падзеяй у гісторыі ўніверсітэта стала атрыманне ім сертыфікату адпаведнасці ISO 9001-2009.

2020 год

28 кастрычніка 2020 года пропускі 18 студэнтаў універсітэта былі заблакаваныя па прычыне іх адлічэння за «грубейшае парушэнне грамадскага парадку».

Рэктары ўніверсітэта

Аляксандр Лявонцьевіч Петрашкевіч (1975—1976). Нічыпар Еўдакімавіч Пашкевіч (1976—1979). Віктар Мітрафанавіч Пузікаў (1979—1987). Мікалай Мікалаевіч Заранок (1988—1992). Ядвіга Дамінікаўна Грыгаровіч (1992—2007). Мікалай Леанідавіч Кузьмініч (2007—2008) Барыс Уладзіміравіч Святлоў (2008—2012). Юрый Паўлавіч Бондар (2013—2017). Аліна Анатольеўна Корбут (2017—2020). Наталля Уладзіміраўна Карчэўская (з 2020).

Вучэбны працэс Вучэбны працэс ва ўніверсітэце забяспечваюць 6 факультэтаў, вучэбны аддзел і агульнаўніверсітэцкія кафедры. Факультэты: Факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці

Факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва

Факультэт музычнага мастацтва

Факультэт інфармацыйна-дакументных камунікацый

Факультэт завочнага навучання

Факультэт дадатковай адукацыі

Палітыка ў галіне якасці Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў, захоўваючы пазіцыю вядучай ВНУ краіны ў сферы культуры і мастацтваў, імкнецца атрымаць міжнароднае прызнанне і стаць інавацыйнай установай адукацыі еўрапейскага тыпу, дзе злучаюцца лепшыя традыцыі акадэмічнай адукацыі і новыя ідэі, якія забяспечваюць высокі ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў, здольных да самарэалізацыі, паспяховай працы ў сацыякультурнай сферы.

Прызнаючы важнасць прынцыпаў якасці адукацыі, кіраўніцтва БДУКМ заяўляе аб сваёй прыхільнасці наступным мэтам: умацаванню лідарскіх пазіцый універсітэта. развіццю БДУКМ як вядучага цэнтра адукацыі ў галіне культуры і мастацтваў. забеспячэнне эканамічнай паспяховасці ўніверсітэта на знешнім і ўнутраным рынках адукацыйных паслуг. Палітыка ўніверсітэта грунтуецца на задавальненні патрэб у адукацыйнай, навуковай і творчай дзейнасці, бесперапынным паляпшэнні якасці адукацыйных паслуг.

Універсітэт у міжнародных рэйтынгах Згодна з дадзенымі партала Webometrics Ranking of World Universities, універсітэт займае 36 месца сярод ВНУ краіны, 11,826 — сярод універсітэтаў свету паводле якасці навучання.

Вядомыя выпускнікі

Алеся — спявачка Іна Афанасьева — спявачка Дзяніс Барсукоў — беларускі мастак Аляксандр Богдан — рэжысёр, драматург Саша Варламаў — мадэльер Юрый Вашчук (ТЕО) — беларускі кампазітар, аранжыроўшчык, спявак. Аляксандр Гарбар — дырэктар Белдзяржфілармоніі Дзмітры Гарэлік — дырэктар Гомельскага тэатра лялек Уладзімір Дзянісаў — беларускі краязнавец, гісторык культуры Ірына Дрыга — першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Павел Каралёў — экскурсавод, менеджар гістарычных праектаў Уладзімір Карачэўскі — першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Іван Кірчук — музыка, спявак, лідар этна-трыа «Троіца» Леся Кодуш — спявачка Сяргей Кухто — тэлевядучы, дырэктар тэлеканала «ЛАД» (2006—2011) Яўген Лашкоўскі — тэлевядучы Аляксандр Матафонаў — тэлевядучы, рэжысёр, сцэнарыст Раман Матульскі — дырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Ілья Міцько — спявак, саліст гурта «Лепрыконсы» Сяргей Міхалок — музыка, спявак, лідар групы «Ляпис Трубецкой» Аляксандр Мяжэнны — харэограф Слава Нагорны — спявак Алена Насачова — тэлевядучая («Беларусь 1») Эвеліна Сакура — беларуская і расійская актрыса кіно і тэатра Вікторыя Язерская — тэлевядучая («Беларусь 1») Алег Хаменка — беларускі музыкант, радыёвядучы, прадзюсар, лідар гурта «Палац» Сяргей Волкаў — тэатральны акцёр і рэжысёр (Палескі драматычны тэатр, тэатральная студыя «Пераадоленне»)

Вядомыя выкладчыкі Віктар Сцяфанавіч Цітоў (1938 — 2020) — беларускі этнограф, гісторык, педагог. Алег Хаменка (нар. 1967) — беларускі музыкант, радыёвядучы, прадзюсар, лідар гурта «Палац».

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:З’явіліся ў 1975 годзе Катэгорыя:1975 год у Мінску