Адам Міхал Станіслаў Хмара ( — ) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Лоўчы менскі (з 1748), падчашы (з 1756), сакратар малой пячаткі (1752—1760), віцэ-інстыгатар (1760—1765) і інстыгатар вялікі літоўскі (1765—1779), кашталян (1779—1784) і апошні ваявода менскі (з 1784); член Пастаяннай Рады (з 1783). Кавалер ордэнаў Св. Станіслава і Белага Арла, расійскіх ордэнаў.

Біяграфія

Прадстаўнік незаможнага роду Хмараў герба «Крыўда», які зрабіў бліскучую кар’еру — ад нязначнай пасады лоўчага да ваяводы менскага. У 1761—1782 гадах некалькі разоў абіраўся паслом на соймы, быў маршалкам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага (1785).

У 1755 годзе атрымаў ад падканцлера вялікага літоўскага Міхала Антонія Сапегі за службу як яго падскарбія (1743—1752) і сакратара маёнтак Сёмкаў Саламярэцкі каля Мінска.

Сядзіба Хмараў у Сёмкаве пачала будавацца ў 1775 годзе. Італьянскі архітэктар Карла Спампані стварыў галоўны будынак палаца, два сіметрычныя флігелі, аранжарэю, браму, тэрасы і парк у французскім стылі. Да 1780 года палац быў збудаваны, у ім меліся бібліятэка, архіў, збраёўня. Найбольш шыкоўная зала была аформлена для прыёму караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

У Сёмкавым Гарадку пры Адаму Хмару быў збудаваны касцёл Наісвяцейшай Троіцы і Святога Станіслава. Будаўніцтва пачалося ў 1791 годзе, асвечаны ў 1802 годзе. Пасля паўстання Каліноўскага у 1866 годзе ператвораны ў царкву.

Адам Хмара імкнуўся рэфармаваць сваю гаспадарку: будаваў млыны, цагельні, вінакурні, цікавіўся жыццём сваіх сялян. Надрукаваў працу для кіравання маёнткам — «Інструкцыя для аканома».

У 1792 годзе Адам Хмара падпісвае ад імя жыхароў Менскага ваяводства акт Таргавіцкай канфедэрацыі, якая па сутнасці прывяла да другога падзелу Рэчы Паспалітай.

Пасля падзелу Рэчы Паспалітай прысягнуў Кацярыне ІІ, ад якой пазней атрымаў тытул тайнага саветніка і ордэн А. Неўскага.

У шлюбе з Марыянай з Войнаў-Аранскіх дзяцей не было.

Пахавалі апошняга ваяводу менскага ў фундаваным ім касцёле ў вёсцы Дубрава.

Крыніцы

Літаратура

Адам Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы менскія Катэгорыя:Кашталяны менскія Катэгорыя:Віцэ-інстыгатары літоўскія Катэгорыя:Інстыгатары вялікія літоўскія Катэгорыя:Маршалкі Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Канфедэраты Чатырохгадовага сойма