Станіслаў Панятоўскі ( — ) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай. Падстолі (1722) і падскарбі вялікі літоўскі (1722—1731), ваявода мазавецкі (1731—1752), кашталян кракаўскі (з 1752); генерал літоўскай артылерыі (1707—1709) і кавалерыі шведскага войска, генерал-лейтэнант польскага войска.

Біяграфія Прадстаўнік шляхецкага роду Панятоўскіх герба «Цёлак», сын Францішка, лоўчага падляшскага, і Алены з Невяроўскіх.

Атрымаў адукацыю ў Вене. Потым запісаўся ў аўстрыйскае войска, ваяваў пад кіраўніцтвам прынца Яўгена Савойскага. Вярнуўся на радзіму, у канфлікце паміж Сапегамі і шляхтай выступіў на баку Сапегаў, разам з імі перайшоў у часе Паўночнай вайны (1700—1721) на бок караля Швецыі Карла XII. Удзельнічаў у бітвах супраць сіл Аўгуста Моцнага і расійскіх войскаў. Наблізіўся да новаабранага караля і вялікага князя Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у бітвах пад Галоўчынам (1708) і Палтавай (1709), дзе ўратаваў жыццё Карлу XII.

У 1718 пасяліўся ў Каралеўстве Польскім, дзе яму вярнулі канфіскаваныя маёнткі. У 1720 ажаніўся ў другім шлюбе з князёўнай Канстанцыяй Чартарыйскай, якая ў 1721 набыла маёнтак Воўчын у Берасцейскім павеце, дзе неўзабаве збудавалі касцёл і палац — рэзідэнцыю Панятоўскіх. Увайшоў у шэрагі магнатаў, карыстаўся графскім тытулам. Яго сыны на сойме 1764 атрымалі княжацкі тытул.

Першы раз ажаніўся з Тэрэза Вайнянкай, другі — з Канстанцыяй Чартарыйскай. У другім шлюбе нарадзіліся дзеці: Казімір (1721—1800) — падкаморы вялікі каронны (1742—1773), генерал польскага войска; Францішак (1723—1749) — канонік і пробашч кафедральнага касцёла ў Кракаве; Станіслаў Аўгуст (1732—1798) — кароль польскі і вялікі князь літоўскі; Андрэй (1734—1773) — генерал-лейтэнант аўстрыйскага войска (1760), фельдмаршал (1771), князь Свяшчэннай Рымскай імперыі; Міхал Ежы (1736—1794) — біскуп плоцкі (1773), архібіскуп гнезненскі (1784).

Літаратура

Станіслаў, сын Францішка Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Кашталяны кракаўскія Катэгорыя:Ваяводы мазавецкія (Рэч Паспалітая) Катэгорыя:Падскарбіі вялікія літоўскія Катэгорыя:Падстоліі вялікія літоўскія Катэгорыя:Генералы літоўскай артылерыі Катэгорыя:Генералы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Старосты ратненскія Катэгорыя:Старосты рыцкія Катэгорыя:Старосты мастоўскія