Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства імя «КІМ» — прадпрыемства лёгкай прамысловасці горада Віцебска.

З 1986 года — панчошна-трыкатажны камбінат, з 1994 года — акцыянернае таварыства «КІМ» («Класіка індустрыі моды»). Вырабляе панчошна-трыкатажную прадукцыю.

Асноўныя вытворчасці: швейна-вязальная і фарбавальна-аддзелачная. Цэхі: рамонтна-механічныя, парасілавая гаспадарка, электрацэх, транспартны цэх, механічныя майстэрні.

Гісторыя Пабудавана ў 1929—1931 гадах. У Вялікую Айчынную вайну ў 1941 годзе абсталяванне фабрыкі было эвакуіравана ў г. Ульянаўск, выпускала прадукцыю для фронту. Адноўлена ў Віцебску ў 1945 годзе. Пасля вайны рэканструявана. У 1962 годзе пабудаваны швейны корпус, у 1977 годзе — корпус фарбавальна-аддзелачных работ.

Захаваўся даваенны галоўны вытворчы корпус — цагляны, трохпавярховы, прамавугольны ў плане. Галоўны падоўжаны фасад выходзіць на вуліцу Горкага. Побач з вытворчым знаходзіцца чатырохпавярховы бытавы корпус. Пры будаўніцтве фабрыкі ўпершыню вырашаны шэраг новых праблем: планіроўка галоўнага корпуса строга падпарадкавана вытворчаму працэсу, абсталяваны спецыяльныя бытавыя памяшканні і зоны адпачынку для рабочых.

У 1966 годзе на ўшанаванне памяці 93 рабочых і служачых фабрыкі, якія загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны і ў партызанах, на тэрыторыі фабрыкі пастаўлена стэла.

Крыніцы

Літаратура

Віцебскае панчошна-трыкатажнае прадпрыемства «КІМ» // Памяць: гісторыка-дакументальная хроніка Віцебска : у 2 кн. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]; склад. А. І. Мацяюн; маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн., 2003. — Кн. 2. — С. 455.

Катэгорыя:Кампаніі Беларусі Катэгорыя:Прадпрыемствы Віцебска Катэгорыя:З’явіліся ў 1931 годзе Катэгорыя:1931 год у Віцебску