Беларусы Чэхіі — дыяспара беларусаў Чэшскай Рэспублікі. Паводле ацэнак МУС, у краіне знаходзіцца крыху больш за 4 тысяч беларускіх грамадзян.

Гісторыя

Сярэднявечча і Рэнесанс Беларуская прысутнасць у Чэхіі вядома з часоў сярэдневякоўя. Галоўным асяродкам беларусаў здаўна з’яўляецца яе сталіца Прага.

У 1397 польская каралева Ядвіга выдала ўказ аб стварэнні ў Празе літоўскай калегіі для молалзі з ВКЛ. У Пражскім (Карлавым) універсітэце вучыліся 12 студэнтаў з ВКЛ. У 1-й пал. XVI ст. ў Празе жыў і працаваў беларускі і ўсходнеславянскі першадрукар і асветнік Францыск Скарына.

Міжваенны перыяд і росквіт дыяспары 3 пачатку ХХ ст. Прага стала цэнтрам беларускага эмігранцкага руху. Першы беларускі студэнцкі гурток «Табар» узнік у 1908 па ініцыятыве Я. Крагельскага і аб’яднаў беларусаў-навучэнцаў Пражскага Карлава ўніверсітэта.

Палітычная эміграцыя з Беларусі групавалася вакол консульства БНР, створанага яшчэ ў лістападзе 1918. У 1918-25 консулам БНР быў М. Вяршынін. У ліпені 1919 была створана Беларуская грамада ў Празе на чале з консулам Вяршыніным, які адначасова выконваў абавязкі ўпаўнаважанага па справах ваеннапалонных беларусаў у Чэхаславакіі. У верасні 1921 ў Празе адбылася Першая Усебеларуская канферэнцыя — сход прадстаўнікоў беларускіх арганізацый і партый Заходняй Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і Чэхаславакіі. 1 лістапада 1923 г. у Прагу пераехалі ўрад і прэзідыум Рады БНР (У тым ліку П. Крачэўскі і В. Захарка), якія дзейнічалі да сакавіка 1943 года (як эмігранцкі ўрад да 1925 года).

У 1920-я гады чэшская сталіца ператварылася ў сапраўдны цэнтр беларускага адраджэння. Гэтаму спрыяла дзяржаўная праграма чэхаславацкага ўрада Томаша Масарыка «Руская акцыя дапамогі», у рамках якой эмігранты з былой Расійскай імперыі атрымлівалі стыпендыі на навучанне. Пры Міністэрстве замежных спраў ЧСР нават існаваў спецыяльны аддзел на чале з В. Гірсам, які займаўся фінансаваннем эмігранцкіх арганізацый і вызначэннем іх прававога статусу. Да 1929 года каля 40 маладых людзей толькі з адной Навагрудчыны змаглі атрымаць вышэйшую адукацыю ў Чэхаславакіі. Многія студэнты з Заходняй Беларусі дабіраліся да Прагі нелегальна, пераходзячы мяжу з дапамогай віленскіх дзеячаў Браніслава Тарашкевіча і Язэпа Драздовіча.

У Чэхаславакію накіроўвалася і частка маладых латвійскіх беларусаў. У 1922 годзе ў чэхаславацкіх ВНУ навучаліся 24 беларускія студэнты, сярод якіх пяцёра паходзілі з Латвіі. Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі (кіраўнік К. Езавітаў) і кіраўніцтва Дзвінскай беларускай гімназіі рабілі намаганні па адпраўцы сваіх выпускнікоў у Прагу. Вядома, што ў 1923—1924 гадах на розных факультэтах Карлавага ўніверсітэта навучаліся латвійскія беларусы Ян Карнавухаў, Аляксандр Паўлаў, Міхал Луцкі, Людміла Краскоўская, Эмілія Рэгут і Сымон Дарафееў. Аднак матэрыяльнае становішча большасці з іх заставалася вельмі складаным, і яны цалкам залежалі ад чэхаславацкіх стыпендый.

Сярод вядомых беларускіх студэнтаў у Празе, Подзебрадах і Брно ў гэты перыяд былі таксама В. Жук-Грышкевіч, У. Жылка, Т. Грыб, Янка Геніюш, Л. Краскоўская, А. Карповіч, Ю. Муха, Л. Рыдлеўскі і многія іншыя. Некаторыя студэнты ўдзельнічалі ў працы «Аб'яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый» (АБСА), іншыя — далучыліся да прасавецкай суполкі ці марксісцкага гуртка, які з 1923 года каардынаваў Пётр Цвяткоў.

У гэты перыяд у Чэхаславакіі актыўна дзейнічалі разнастайныя беларускія ўстановы і суполкі, якія знаходзіліся пад наглядам Пражскага паліцэйскага ўпраўлення:

Беларуская рада ў Празе (1923—1939). Створана замест распушчанай Беларускай грамады. Яе ўзначальвалі Л. Заяц, В. Захарка, М. Вяршынін. Арганізацыя ставіла асветніцкія мэты, дапамагала студэнтам і нават спрабавала стварыць беларускую кафедру пры Украінскім вышэйшым педагагічным інстытуце. У 1925 годзе рада перажыла ўнутраны раскол пасля Другой Усебеларускай канферэнцыі ў Берліне: частка кіраўніцтва (Л. Заяц, У. Пракулевіч) прызнала Мінск адзіным цэнтрам нацыянальнага адраджэння, за што была выключана з арганізацыі прыхільнікамі БНР. Аб’яднанне беларускіх студэнцкіх арганізацый (АБСА). Выконвала ролю цэнтральнага органа кіравання студэнцкім рухам Заходняй Беларусі і эміграцыі ў Еўропе. У 1930 годзе частка аддзелаў АБСА (спартыўны, прэсавы і эканамічны) была перанесена ў Вільню. Саюз студэнтаў — грамадзян БССР (з 1925 года). Аб'ядноўваў па-прасавецку настроеную моладзь, якая рыхтавалася да пераезду ў Савецкую Беларусь. Арганізацыя, у якую ўваходзілі Ю. Муха, А. Карповіч, М. Рагуля і інш., фінансавалася савецкім прадстаўніцтвам і актыўна супрацоўнічала з чэшскай камуністычнай газетай «Rudé právo». Таварыства студэнтаў маларосаў і беларусаў «Адзінства рускай культуры». Аб'ядноўвала студэнтаў з заходнерускімі поглядамі, падтрымлівалася расійскай эміграцыяй.

Беларускае культурнае жыццё ў Празе віравала: праводзіліся вечарыны мастацкай самадзейнасці, чыталіся лекцыі. У 1925 годзе беларускія студэнты ўрачыста адзначылі 400-годдзе беларускага друку Ф. Скарыны. У 1927 годзе адбылася гістарычная сустрэча беларускіх студэнтаў з літаратарамі з БССР — Міхасём Чаротам, Цішкам Гартным, Янкам Купалам і Міхасём Зарэцкім. У 1929 годзе ў Славянскай бібліятэцы Прагі быў афіцыйна створаны беларускі аддзел, куды паступалі кнігі з БССР і Заходняй Беларусі. Таксама існавалі Беларускае (Крывіцкае) культурнае таварыства імя Ф. Скарыны, Беларускі навуковы кабінет і Беларускі загранічны архіў (з 1928 года). Рэгулярна святкаваліся ўгодкі абвяшчэння БНР.

Пасля Другой сусветнай вайны Пасля Другой Сусветнай вайны ў Празе жылі 300 беларускіх сем’яў. Тут жылі і працавалі Ларыса Геніюш, Міхаіл Забэйда-Суміцкі.

Канец XX — пачатак XXI стагоддзя Беларускае жыццё актывізавалася ў 1990-я гады. Гэтаму спрыяла культурная праграма «Беларусы ў Празе», у часы якой працавалі аднайменная выстава, Скарынаўскі семінар, заснавана Згуртаванне беларусаў Чэхіі імя Ф. Скарыны. 31.10.1996 у Пражскім Градзе адкрыты помнік Ф. Скарыну. У сакавіку 1998 года адбылася сустрэча беларусаў з Францыі, Аўстрыі, Польшчы, Германіі, Бельгіі, прысвечаная 80-годдзю абвяшчэння БНР.

25 сакавіка 1998 г. пры чэшскай арганізацыі «Чалавек у бядзе» адкрыты Беларускі цэнтр (каардынатар У. Яндзюк), а ў сакавіку 1999 г. — інфармацыйнае прадстаўніцтва грамадзянскай ініцыятывы «Хартыя-97». З 2 па 6 чэрвеня 1998 г. у Празе адбыўся 7 Усеславянскі з’езд, у якім удзельнічала прадстаўнічая дэлегацыя Рэспублікі Беларусь з 10 чалавек на чале з дэлегатам Нацыянальнага сходу С. І. Касцянам.

У 1999 г. зарэгістравана беларуская галерэя «Саламея», створаная мастачкай Н. Валавай.

У адпаведнасці з рашэннем Міністэрства адукацыі Чэхіі ў Пражскіх ВНУ у 2000 годзе працягвалі навучанне 12 студэнтаў з Беларусі.

Адукацыя і беларусістыка Станам на 2021 год беларускай мовы як спецыяльнасці ў чэшскіх універсітэтах няма. У часы Чэхаславацкай рэспублікі беларусістаў навучалі ў Карлавым універсітэце пад кіраўніцтвам прафесара Вацлава Жыдліцкага (1935—2002), вядомага літаратуразнаўца і перакладчыка беларускай літаратуры.

Гл. таксама Спіс арганізацый беларускай дыяспары #Чэхія

Крыніцы

Літаратура Кнырэвіч С. Магілы беларусаў у Чэхіі і Славакіі — Прага: 2020. — 270 с. ISBN 978-80-908078-0-8. Беларускія студэнцкія арганізацыі ў Чэхіі // Kolenovská, D., Plavec, M. Běloruská emigrace v meziválečném Československu : studie a dokumenty : sociopolitický aspekt.— Praha: Univerzita Karlova, Nakladatelství Karolinum, 2017. — 287 s.

Катэгорыя:Народы Чэхіі