Бальцар (Бальтазар) Стравінскі (? — 1633) — вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч. Цівун і гараднічы троцкі (згадв. 1596), староста мазырскі (1607—1620), кашталян берасцейскі (1624—1627) і смаленскі (1627—1631), ваявода менскі (з 1631). Неаднаразова абіраўся паслом на соймы.

Біяграфія З роду Стравінскіх герба «Суліма», Меў братоў Марціна, Крыштафа і Эразма, пачынальнікаў разгалінаванага ў Мазырскім і Менскім паветах роду, з якога паходзіць кампазітар Ігар Стравінскі. Праз шлюб з Сапяжанкай і службу Льву Сапегу зрабіў выдатную палітычную кар’еру. Быў прызначаны соймам камісарам для разліку з Берасцейскімі канфедэратамі і недапушчэння рокашу ў 1607 годзе.

Каталік і фундатар першага касцёла ў Мазыры (1616). У 1616 годзе абраны соймам адным з камісараў-дарадчыкаў маладога каралевіча Уладзіслава Вазы ў паходзе на Маскву (1617). Таксама быў у вайсковай радзе пры Яне Каралі Хадкевічы падчас выправы пад Хацін (1621), аднак удзелу ў вайне не браў.

Быў электарам Уладзіслава IV Вазы ад Менскага ваяводства (1632).

Уладальнік Жыдзішак, Кетавішак i Дудзічаў, па яго безпатомнай смерці маёмасць перайшла да сваякоў.

Быў двойчы жанаты: спачатку з Соф’яй Сапегай, дачкой троцкага земскага суддзі Багдана Сапегі, а пасля з князёўнай Соф’яй Друцкай-Горскай. Дзяцей не пакінуў, яго ўдава Друцкая-Горская потым другі раз выйшла замуж за віленскага ваяводу Крыштафа Хадкевіча.

Літаратура

Якубаў В. У. Першыя канфедэрацыi войска Вялiкага княства Лiтоўскага i iх уплыў на сiтуацыю у Вялiкiм княстве Лiтоўскiм у 1604—1608 гадах // Вестник Полоцкого государственного университета. Сер. A, Гуманитарные науки. — 2008. — № 7. — С. 34-44.

Бальцар Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы менскія Катэгорыя:Кашталяны смаленскія Катэгорыя:Кашталяны берасцейскія Катэгорыя:Цівуны троцкія Катэгорыя:Гараднічыя троцкія Катэгорыя:Старосты мазырскія