Мікалай Міхайлавіч Сапега () — дваранін каралеўскі (1574), падкаморы гарадзенскі (з 1582), староста астрынскі, кухмістр вялікі літоўскі (1589—1611), дзяржаўца лунненскі (1589—1611). Дыпламат і палітык ВКЛ.

Надпіс на партрэце братоў Льва і Мікалая з кодзеньскай серыі памылковы, бо інфарматары аўтара — Алойзі Міштальт і Ян Фрыдэрык Сапега — паблыталі вялікага кухмістра Мікалая Міхайлавіча (1553—1611) з польным пісарам Мікалаем Крыштафам (1613—1639), сынам Крыштафа Стэфана Сапегі.

Біяграфія З чарэйска-ружанскай лініі Сапегаў, сын Міхаіла Янушавіча Сапегі і Марыны Яцкаўны з Быстрэйскіх, старэйшы брат Льва, суддзі земскага гарадзенскага. Бацька памёр на пачатку 1554 года.

Стаўшы паўналетнім актыўна пачаў замацоўваць за сабою і братам Львом спадчыну на маёнтках Чарлёна i Лунна. Так, 10 сакавіка 1567 года ён паклаў перад земскімі ўраднікамі Гарадзенскага павета тастамент памерлага дзядзькі Дзмітра Янушавіча, знойдзены сярод папер перададзеных з захавання Васілём Міхайлавічам Мялешкам. На Попіс 1567 года Мікалай Сапега ставіў двух «коней» і аднаго драба з непадзеленага маёнтка «Лунна alias Чарлёна», бо брат Леў быў непаўналетні. Тым часам Мікалай служыў падканцлеру літоўскаму Астафію Валовічу. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1567 года. У 1570 годзе гарадзенскі земскі суд паводле дзядзькава тастаменту выдаў вырак на права выкупу па блізкасці Мікалаем Сапегам у Паўла Іванавіча Сапегі часткі Чарлёны, якая належала і была застаўлена Дзмітром Янушавічам Сапегам.

У 1576 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Стэфана Баторыя. У 1579 годзе Мікалай Сапега запісаў у павятовыя кнігі тастамент дзядзькі Глеба Янушавіча на яго частку Чарлёны. Напэўна, быў тастамент і трэцяга дзядзькі Сцяпана Янушавіча, але ён пакуль не выяўлены. Браў удзел у баявых дзеяннях Інфлянцкай вайны 1579—1581 гадоў.

Добраахвотным i палюбоўным падзелам з братам ад 7 студзеня 1581 года, Мікалай атрымаў маёнткі Чарлёна i Кулеўшчызна, а Леў — Лунна. За спадчыну братоў пазвалі на суд спадчыннікі цётак — Тышковічы і Словікі. Мікалай і Леў выставілі сустрэчныя прэтэнзіі на маёнткі, грошы і скарбы свайго дзеда Януша, калісьці атрыманыя ці пабраныя цёткамі. У 1585 годзе бакі пагадзіліся на кампрамісны суд, які ў сакавіку 1586 года пакінуў за братамі тры дзядзькавыя часткі ў маёнтках Чарлёна і Лунна на вечна, а іншыя прэтэнзіі бакоў скасаваў пад зарукай 3 тысячы коп грошаў.

Такім чынам, у 1586 годзе канчаткова ўтварыўся самастойны маёнткавы комплекс Мікалая Сапегі з «двара» Чарлёна і Чарлёнскага фальварка з вёскамі Лаўна, Харціца, Казакоўцы і Міклашоўцы. Тады, магчыма, Мікалай Сапега пабудаваў новы «двор» у Чарлёне, а ў 1580—1590-я гады царкву на ім, што ўзняла статус паселішча.

У 1587 годзе падтрымаў абранне каралём і вялікім князем Жыгімонта Вазы. У 1589 годзе атрымаў у дзяржаву суседняе з Чарлёнай гаспадарскае мястэчка Лунна з вёскамі Марцінаўцы і Петрашоўцы.

У 1593 годзе браты перадзялілі маёмасць, Леў дадаткова атрымаў аселую службу Шчэчыцы каля свайго Лунна і пляцы агароднікаў у Гродна каля замка і над Нёманам.

Быў адным з паслоў караля Жыгімонта Вазы да шведскага сената і будучага ўзурпатара Карла Сундэрманскага ў 1596 годзе. Пасольства выпраўлена без згоды вальнага сойма, пратрымана ў Стакгольме з чэрвеня да сустрэчы 7 снежня 1596 года і хаця сойм 1597 года адмовіўся заслухаць іх справаздачу, яна стала абгрунтаваннем да пачатку дынастычнай вайны Вазаў. У 1603 годзе за гэта пасольства атрымаў ад караля дзяржаву Гайну.

Быў паслом на вальныя соймы 1589, 1593 (ад Троцкага павета), 1595, 1600 (ад Гарадзенскага павета) і 1603 гадоў, дэпутатам Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага ў 1590 (ад невядомага павета), 1596 і 1601 гадах ад Гарадзенскага павета.

Памёр у 1611 годзе, пахаваны ў Чарлёнскай царкве, якая пазней стала родавым некропалем.

Сям’я Жанаты з Багданай, дачкой князя Юрыя Масальскага, скарбніка вількамірскага, і Ганны Алехаўны Крыўцовай. Багдана памерла пасля 1625 года, пахавана таксама ў Чарлёнскай царкве. У шлюбе нарадзілася тры сыны і чатыры дачкі.

Ян Дамінік (+пасля 1622) — сакратар каралеўскі, дзяржаўца луненскі Мікалай, псіхічна хворы і неправадзейны — за заслугі бацькі намінаваны на двараніна каралеўскага Фрыдэрык, матчын улюблёнец — ваявода мсціслаўскі (1647—1650) Галіна (+1645) — жонка 1) Рамана Валовіча, старосты рагачоўскага 2) Якуба Кунцэвіча, харунжага лідскага Крысціна — жонка Андрэя Трызны, падкаморага ваўкавыскага Марыяна — жонка Юрыя Камароўскага, падкаморага вількамірскага Ганна, у інацтве Еўфрасіння — манахіня базыліянскага Віленскага Траецкага манастыра

Крыніцы

Літаратура

Лаўрэш Леанід. З жыцця Мікалая Сапегі // Наша слова.pdf № 17 (173), 21 красавіка 2025.

Мікалай Міхайлавіч Катэгорыя:Памерлі ў 1611 годзе Катэгорыя:Кухмістры вялікія літоўскія Катэгорыя:Падкаморыя гарадзенскія Катэгорыя:Старосты астрынскія Катэгорыя:Дэпутаты Сойма Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Дэпутаты Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага