Васкрасе́нская царква́ — страчаная сярэднявечная праваслаўная царква, якая існавала ў Гродне ў XII—XVII стагоддзях. Помнік гродзенскай школы дойлідства. Доўгі час дакладнае месцазнаходжанне царквы было невядомае, лічылася, што яна знаходзілася на тэрыторыі Новага замка. У 2026 годзе рэшткі меркавана Васкрасенскай царквы былі дакладна лакалізаваны і часткова даследаваны падчас археалагічных раскопак.
Гісторыя Васкрасенская царква адносілася да групы манументальных культавых пабудоў раннесярэднявечнага горада. Яна была вымуравана ў XII ст. на абшары вакольнага горада, які размяшчаўся на суседнім са Старым замкам узвышшы (тэрыторыя сучаснага Новага замка). Хутчэй за ўсё, храм быў узведзены ў адным стылі і ў адзін перыяд з Каложскай і Ніжняй цэрквамі падчас эканамічнага росквіту Гродзенскага княства і інтэнсіўнага мураванага будаўніцтва. Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што першапачатковая царква магла быць разбурана падчас сістэматычных набегаў крыжакоў, якія пачаліся з канца XIII ст., а пасля была адноўлена. Храм мог выконваць ролю пасадскай царквы, якую наведвалі рамеснікі і гандляры, што жылі паблізу замкавых сцен.
Паводле гравюры Цюнта (Адэльгаўзера-Цюнта) 1568 года, на тэрыторыі сучаснага Новага замка знаходзіліся: Васкрасенская царква, Каралеўскі дом, мост і два доўгія будынкі (адзін мураваны, другі драўляны).
У 1613 годзе Васкрасенская царква згарэла і была перанесена ў горад на Рззніцкую вуліцу. Паводле інвентара 1633 годзе ў каралеўскім двары знаходзілася ў тым ліку і мураваная царква. Месцазнаходжанне царквы было апісана ў інвентары гарадзенскага замка 1653 года: «Зыходзячы з замку мураванага на парках, з моста ідучы направо, мураваная царква; под ей склеп». Царкоўная юрыдыка складалася з дзвюх частак: пляцоў, што ляжалі на тэрыторыі колішняга вакольнага горада, ды манастыра з Малой царквой.
Паводле нататак гарадзенскага пратапопа Юзафа Валевіча, якому было даручана правядзенне праверкі царкоўных пабудоў у 1659 годзе, высветлілася, што «непрыяцель маскоўскі вывез царкоўныя дакументы, літургічныя начынні ды званы». Апроч таго, былі забіты святары Стэфан Лацэвіч, Якуб Парфяновіч і Ян Бароўскі.
Рэвізія Гародні 1680 года не змяшчае аніякай інфармацыі пра яе. Хутчэй за ўсё яна была разбурана падчас вайны з Маскоўскай дзяржавай.
Паводле крыніц 1752 года, царкоўныя фундушавыя пляцы ляжалі на правым баку Рэзніцкай вуліцы, якая ішла з Рынку. Яны былі забудаваны дворыкам і плябаніяй. Лаканічнае апісанне збудаванняў царкоўнай юрыдыкі змешчана на плане Гародні 1753 года: «Юрыдыка рускага папа». У 1754 годзе Васкрасенская царква трапіла ў спіс дзевяці цалкам занядбаных храмаў, пры ёй жыў прэзбітэр Лянкевіч. Не выключана, што ў другой палове XVIII ст. храм ужо не дзейнічаў. У 1768 годзе на царкоўных пляцах засталіся толькі могілкі. З цягам часу Васкрасенскую царкву напаткаў лёс іншых страчаных цэркваў горада.
Археалагічныя даследаванні і лакалізацыя Шырокіх археалагічных даследаванняў тэрыторыі Новага замка доўгі час не праводзілася. Толькі ў 1987—1988 гадах невялікі раскоп быў закладзены археолагам Аляксандрам Краўцэвічам, падчас якога былі выяўлены рэшткі керамікі і збаноў-галаснікоў. Летам 2004 года пры пракладцы трубы вадаправода каля брамы Новага замка былі знойдзены рэшткі збудаванняў з плінфы. Аднак гродзенскія археолагі канстатавалі, што размова ідзе аб паўторным выкарыстанні плінфы. У выніку рэшткі муроў былі засыпаны, каб не перашкаджаць выезду машын з гаража аблвыканкама. У 2010 годзе былі праведзены раскопкі на курданёры замка, выяўлены рэшткі падмуркаў, аднак матэрыяльнае забеспячэнне ўстаноў культуры не дазволіла працягнуць працу.
У 2018 годзе на тэрыторыі Новага замка ўжо знаходзілі рэшткі мураванай культавай пабудовы васьмісотгадовай даўніны, тады меркавалася, што гэта фрагменты Васкрасенскай царквы.
Адкрыццё 2026 года Сенсацыйнае адкрыццё адбылося ў сярэдзіне красавіка 2026 года. Падчас будаўнічых прац па добраўпарадкаванні тэрыторыі Новага замка даследчыкі (пры ўдзеле спецыялістаў з Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея і Інстытута гісторыі НАНБ) раскрылі фрагмент паўднёвай сцяны манументальнага храма XII ст.
Парэшткі выявілі ўражвальныя параметры будынка і дазволілі ўпэўнена аднесці яго да гродзенскай школы. Таўшчыня звычайных сцен складала каля 1,4 м, а ў месцах апор, на якія абапіраліся скляпенні, дасягала 2,15 м. У раскопе былі знойдзены кладка з чырвонай плінфы з выкарыстаннем белага вапнавага раствору, а таксама разбітыя керамічныя збаны-галаснікі. На сцяне археолагі знайшлі княжацкі двузубец — радавы знак гродзенскіх князёў з дынастыі Усеваладавічаў (галіны Рурыкавічаў), што канчаткова прывязала пабудову да перыяду росквіту незалежнага Гродзенскага княства.
Самай адметнай дэталлю стала выразная ніжняя частка складанай раскрапаванай трохступеньчатай пілястры, цэнтральны выступ якой меў скругленую форму (у выглядзе паўкалоны). Гэты архітэктурны элемент з'яўляецца дакладнай копіяй пілястраў на галоўным фасадзе Каложскай царквы і адрознівае помнік ад больш ранняй Ніжняй царквы, дзе выкарыстоўваліся плоскія лапаткі. Паколькі такія пілястры рабіліся на вонкавых фасадах, а храм быў арыентаваны алтаром на ўсход, навукоўцы вызначылі, што перад імі знаходзіцца паўднёвая сцяна з бакавым уваходам. На расчышчаным участку быў бачны край уваходнага праёма з фігурным абрамленнем партала. Даследчыкі адзначаюць, што майстры, якія ўзводзілі гэты храм, ужо дасканала валодалі інжынерным разлікам, выправіўшы памылкі, дапушчаныя пры будаўніцтве Ніжняй царквы.
Высветлілася, што значная частка храма (каля паловы яго плошчы) знаходзіцца непасрэдна пад паўночным флігелем пры палацавай браме (будынкам былога архіва). Паколькі поўнае раскрыццё муроўкі запатрабавала б велізарных фінансавых выдаткаў і магло пагражаць бяспецы існуючага гістарычнага будынка, было прынята рашэнне аб кансервацыі помніка. Спецыялісты зрабілі каардынатную прывязку аб'екта, нанеслі яго на план і вынялі рухомыя артэфакты. Пасля гэтага раскоп быў акуратна засыпаны зямлёй, каб абараніць гістарычную муроўку ад ападкаў і перападаў тэмператур да таго часу, пакуль не з'явяцца магчымасці для поўнага даследавання і музеефікацыі аб'екта.
Крыніцы
Літаратура Біяграфія гарадзенскіх вуліц. Ад Фартоў да Каложы. Калектыў аўтараў: А. Вашкевіч, А. Госцеў, В. Саяпін і інш., Гродна-Вроцлаў: Вроцлаўская навуковая друкарня, 2012, 370 с., ISBN 978-93-61617-77-8 Юрый Гардзееў. Магдэбургская Гародня. Гародня — Wroclaw: Wroclawska Drukarnia Naukowa PAN im. S. Kulczynskiego Sp. z o.o., 2008. 384 с. (Гарадзенская бібліятэка). ISBN 978-83-89185-68-6.
Катэгорыя:Гродзенская школа дойлідства Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Гродна Катэгорыя:Знішчаныя збудаванні Гродна