Юзаф Антоні Салагуб ( — ) — дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага. Кашталян жамойцкі (1742—1748) і віцебскі (1748—1752), ваявода віцебскі (з 1752).
Біяграфія Нарадзіўся ў 1709 годзе. З роду Салагубаў, сын вялікага літоўскага падскарбія Яна Міхала Салагуба і яго першай жонкі Алены з Шамоўскіх, брат Антонія Юзафа.
У канцы 1720-х гадоў быў у замежным падарожжы.
Падчас бескаралеўя ў 1733 годзе падтрымліваў кандыдатуру на трон Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. Разам з ім быў у аблозе ў Гданьску. Пасля капітуляцыі Гданьска прызнаў уладу Аўгуста III. Потым збег у Каралявец да Станіслава Ляшчынскага і канчаткова прызнаў уладу Аўгуста III толькі ў 1736 годзе.
У 1737 жамойцкі дэпутат Трыбунала ВКЛ, абраны маршалкам Духоўнага трыбунала ВКЛ. Пасол на соймы 1736, 1738, 1740 гадоў. У 1750 атрымаў ордэн Белага Арла. Віцебскі дэпутат і маршалак Трыбунала ВКЛ 1751. З гэтага часу зблізіўся з Чартарыйскімі. Пры іх падтрымцы 7 кастрычніка 1751 абраны віцебскім ваяводам.
У 1758 насуперак пазіцыі Чартарыйскіх прызнаў выбар курляндскім герцагам каралевіча Караля. Гэта зблізіла яго з Радзівіламі. У 1759—1760 актыўна дапамагаў жонцы памерлага брата Антонія Юзафа Брыгіце Петранелі ў справе абароны Азярышчынскага староства ад прэтэнзій кароннага гетмана Яна Клеменса Браніцкага. Быў малаактыўным саюзнікам Радзівілаў і ў час бескаралеўя 1763—1764 адразу перайшоў на бок Чартарыйскіх. Прымаў прысягу на Пакта канвента караля польскага і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага і быў вызначаны ў склад соймавага суда.
Адмовіўся прынесці прысягу расійскай імператрыцы Кацярыне II пасля падзелу Рэчы Паспалітай 1772 са сваіх уладанняў, якія апынуліся ў Расійскай імперыі. Кацярына II за асабістыя заслугі пакінула Салагубу гэтыя ўладанні. У 1776 абраны ў Скарбовы дэпартамент Пастаяннай Рады. Пасля не праяўляў актыўнасці ў палітычным жыцці Рэчы Паспалітай.
Памёр у 1781 годзе.
Сям'я Быў жанаты з Антанінай Тэрэзай Агінскай, дачкой Караля Агінскага. Дзяцей не пакінуў.
Крыніцы
Літаратура
Юзаф Антоні Катэгорыя:Сенатары Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Ваяводы віцебскія Катэгорыя:Кашталяны віцебскія Катэгорыя:Кашталяны жамойцкія Катэгорыя:Маршалкі Трыбунала Вялікага Княства Літоўскага Катэгорыя:Канфедэраты Анджэя Макраноўскага