Тарашке́віца () — назва літаратурнай нормы беларускай мовы, заснаванай на непрыманні змен, уведзеных моўнаю рэформаю 1933 года і далейшых змен на аснове прац Яна Станкевіча і іншых мовазнаўцаў беларускай эміграцыі. Назва адсылае да прозвішча Браніслава Тарашкевіча, аўтара першай агульнапрынятай граматыкі беларускай мовы (1918). Таксама гэтай назвай могуць азначаць толькі альтэрнатыўную арфаграфію або граматыку. Назва ацэначная, пераважна ўжываецца і распаўсюджваецца прыхільнікамі альтэрнатыўнай нормы; сустракаецца таксама ў іншых крыніцах. У акадэмічнай тэрміналогіі няма (гл. таксама: наркамаўка, дзве нормы беларускай мовы).

Назва выражае блізкасць, пераемнасць альтэрнатыўнай моўнай нормы з працай Тарашкевіча 1918 года (гл. таксама граматыка Тарашкевіча, 1929, граматыка Лёсіка, 1943). Недзе з 1994 года пачала ўжывацца сінанімічная назва «класічны (правапіс)» (саманазва: «клясычны правапіс»)Напрыклад, ужо ёсць у артыкуле В. Вячоркі ў часопісе «Спадчына», 1994..

Назва найчасцей ужываецца ў грамадскіх і палітычных колах, якія карыстаюцца альтэрнатыўнай моўнай нормай. Сустракаецца ў аўтараў, не ўвязаных непасрэдна ў процістаянне дзвюх літаратурных норм, прытым часам як умоўная, узятая ў двукоссі або з агаворкай «так званая „тарашкевіца“»С. Запрудскі. Праблемы толькі пачынаюцца // Наша ніва № 7 (128), 12.4.1999.Герман Бідэр. Моўная сітуацыя ў Беларусі // Наша слова № 33-34, 35, 1995..

У 2005 годзе быў апублікаваны перапрацаваны («нармалізаваны») звод правілаў арфаграфіі альтэрнатыўнай моўнай нормы (гл. беларуская альтэрнатыўная арфаграфія, 2005), распрацаваны групай беларускіх мовазнаўцаў.

27 красавіка 2007 года IANA надала «тарашкевіцы» ўласнае азначэнне «tarask» (поўнае азначэнне: be-tarask).IANA registry of language subtags Беларуская літаратурная мова азначана ў рэестры IANA як be-1959acad.

У беларускім мовазнаўстве пакуль няма выразнага ўсведамлення наяўнасці ў беларускай літаратурнай мове двух стандартаў, хоць адрозненні паміж «тарашкевіцкім» i «падсавецкім» стандартамі і ахопліваюць амаль усе моўныя ўзроўні за выключэннем фаналагічнагаКлімаў….

Арфаэпічна-пісьмовая практыка беларускай літаратурнай мовы пачатку XX стагоддзя развівалася пад моцным польскім уплывам. Так, у вымаўленні іншамоўных слоў тады была прынятая польская арфаэпія; гэтая рыса захаваная ў «тарашкевіцы». Аднак з прычыны слабага распаўсюджання польскай мовы ў Беларусі канца XX — пач. XXI стагоддзя паланістычныя арыентацыі тарашкевіцы амаль не ўсведамляюцца яе карыстальнікамі. Наадварот, польскі кампанент у тарашкевіцы ўспрымаецца як адзнака «прыналежнасці да Еўропы» і/ці праява самабытнасці гэтага стандарту. Пры гэтым рэфарматары альтэрнатыўнага правапісу, такія як Ян Станкевіч, наадварот, пазбаўлялі мову паланізмаў, якія сёння існуюць у акадэмічным правапісе.

Вынікі адначасовага суіснавання ў беларускай мове дзвюх норм ацэньваюцца па-рознаму: і як наогул станоўчыяНапр., у Клімава., і як адмоўныяНапр., Жураўскі, Падлужны..

Гісторыя Рэформу 1933 года не прызнала частка беларускіх палітычных арганізацый Заходняй Беларусі, якія палічылі яе русіфікацыйнай, перыядычныя і кніжныя выданні Заходняй Беларусі працягнулі выдавацца выключна дарэформенным правапісам. Не прызналі рэформу 1933 г. і беларускія дыяспары Амерыкі, Аўстраліі і Заходняй Еўропы. Аднак, адкідаючы ўсё акадэмічнае развіццё правапісу пасля 1933 г. і працягваючы карыстацца дарэформенным, супольнасць беларусаў замежжа захавала і ўсе праблемы той граматыкі, што існавала да 1933 года. У другой палове XX ст., сутыкнуўшыся з аб’ектыўнымі цяжкасцямі пры вырашэнні тагачасных моўных праблем (адной з якіх была адсутнасць агульнапрызнанай арганізацыі ці цэнтра па выпрацоўцы моўных норм), праціўнікі рэформы 1933 г. так і не здолелі інтэграваць розныя падварыянты тарашкевіцы ды ўзгадніць правілы альтэрнатыўнага правапісу (: дзейнасць таварыства «Зборкі чысціні беларускай мовы»). Да цяперашняга часу беларускія эмігранцкія арганізацыі і друкаваныя выданні карыстаюцца рознымі варыянтамі тарашкевіцы (дыскусія Яна Станкевіча і Майсея Сяднёва ў пач. 1950-х гадоў, палітыка выдавецтва «Бацькаўшчына» і інш.).

Пасля канчатковага закрыцця беларускіх школ у Польшчы (1937) адзіным маштабным школьным выкарыстаннем граматыкі ў яе дарэформенным выглядзе былі школы акупацыйнай Генеральнай акругі «Беларусь», на працягу двух з невялікім гадоў. Пры гэтым беларускі друк Заходняй Беларусі працягваў выкарыстоўваць граматыку да далучэння да БССР у 1939 годзе, а аднаўленне выданняў тарашкевіцай адбылося адразу пасля пачатку нямецкай акупацыі Беларусі.

Канец 1980-х — 2000-я гады У часы перабудовы, у канцы 1980-х гадоў, быў ініцыяваны рух за вяртанне «сапраўднай» мовы разам з пераглядам вынікаў рэформы 1933 года.

У пачатку 1990-х гадоў некаторыя перыядычныя выданні, прыхільныя да Беларускага Народнага Фронту, пачалі выкарыстоўваць «дзікую тарашкевіцу» (правапіс, у якім частка пытанняў беларускай арфаграфіі і граматыкі развязваліся паводле правапісу Браніслава Тарашкевіча, найперш «пытаньне мяккага знаку», «лацінізмы», «грэцызмы на заходні лад») — напрыклад, газеты «Свабода» (з заснавання газеты ў 1990), «Пагоня» і «Наша ніва» (з адраджэння газеты ў траўні 1991), часопісы «Спадчына» (з чэрвеня 1993?) і «Мастацтва» (з 1992 года побач з матэрыяламі афіцыйным правапісам з’яўляюцца матэрыялы і на тарашкевіцы)Налівайка Л. Гарыць цяпельца паўночнага сябра // Мастацтва. — 1992. — № 1. — С. 27..

Рымска-каталіцкі касцёл у Беларусі ў 1990-х гадах таксама прытрымліваўся тарашкевіцы пры выданні рэлігійнай літаратуры.

Асноўныя выданні беларусаў ва ўсходняй Беласточчыне, напрыклад газета «Ніва», не займалі выразнай пазіцыі ў гэтым пытанні і працягвалі карыстацца беларускай літаратурнай мовай.

У канцы 1990-х гадоў некаторыя выданні, прызначаныя для масавага чытача, такія як «Свабода» (з 1996) і «Пагоня», перайшлі на выпуск у афіцыйным варыянце арфаграфіі. У 2000-я гады адбываецца працяг пераходу выданняў, якія раней карысталіся «тарашкевіцай», на беларускую літаратурную мовуФорум. Барыс Пятровіч. 18 снежня 2007// Радыё «Свабода». Дата доступу: 14 чэрвеня 2009Зьміцер Панкавец. Пазьняк перавёў Радыё Рацыя на «наркамаўку»// Наша Ніва. 20 чэрвеня 2007. У той самы час у 2008 годзе рускамоўная газета Адміністрацыі прэзідэнта адзначылася падачаю беларускамоўных адказаў у адным з інтэрв’ю тарашкевіцаюВиктория Попова. Наследный принц богемы // Совецкая Белоруссія. 2 лютага 2008Вадзім Доўнар. «Тарашкевіца» ў «СБ»: Вольскі здзіўлены. Здановіч дазваляе // Радыё Рацыя. 4 лютага 2008.

Спробы ўнармавання тарашкевіцы Сярод рэдактараў выданняў, якія друкаваліся тарашкевіцай, не існавала адзінага падыходу да таго, якім канкрэтна зборам ранейшых якасцей граматыкі і лексікі карыстацца, хоць і рабіліся заклікі да ўніфікацыі, найперш Вінцуком Вячоркам (публікацыі ў часопісе «Спадчына» ў 1991 і 1994, праект «мадэрнізацыі» ў 1995 тамсама).

Наогул, пытанне выклікала раскол у беларускамоўнай супольнасці — з думкамі, якія вагаліся ад безумоўнай падтрымкі да такога самага адкідання, з вядомымі выражэннямі розніцы ў дыскусіях на старонках газеты «Наша слова», тады выдаванай у Таварыстве беларускай мовы (1992—1993), або ў апытанні часопіса «ARCHE Пачатак» (2003)Алесь Пяткевіч. Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»? // ARCHE Пачатак. 3 (26) — 2003. Старонкі 72-80..

У 1992—1993 гг. ажыццяўляўся палітычны ціск дзеля заканадаўчага ўвядзення тарашкевіцы як нарматыўнай граматыкі. У выніку была склікана Дзяржаўная камісія па арфаграфіі, перад якой была пастаўлена задача выпрацаваць рэкамендацыі ў гэтым пытанні. Выніковыя рэкамендацыі апублікавалі 13 верасня 1994 года. У іх прызнавалася пажаданасць вяртання некаторых дарэформенных норм. У той самы час такі крок тады палічылі дачасным.

Пасля 1994 г. прапагандысты граматыкі Браніслава Тарашкевіча працягвалі сваю выдавецкую дзейнасць і працавалі над яе кадыфікацыяй на аснове праекта В. Вячоркі.

У 2005 годзе была выдадзена кніга «Беларускі клясычны правапіс. Сучасная нармалізацыя» (БКП-2005), дзе была зроблена спроба нармалізацыі тарашкевіцы. Нармалізацыя беларускага класічнага правапісу была прынята асноўнымі выданнямі, якія на той час прытрымліваліся тарашкевіцы — газетай «Наша Ніва», часопісам «Arche Пачатак», беларускімі рэдакцыямі Радыё «Свабода» і Польскага Радыё і некаторымі іншымі медыямі. Таксама гэты правапіс выкарыстоўвае адпаведны раздзел беларускай Вікіпедыі.

Тарашкевіца сёння

Прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Ніна Баршчэўская лічыць, што многія беларусы, пераважна прадстаўнікі інтэлігенцыі, асуджаюць рэформу беларускага правапісу 1933 года і крытычна ставяцца да замацаваных ёю арфаграфічных норм, якія негатыўна ўплываюць на беларускае вымаўленне, што асабліва выразна заўважна падчас працы з дзецьмі ў пачатковай школеСуіснаваньне ў Беларусі двух правапісаў Ніна Баршчэўская. Беларуская эміграцыя — абаронца роднае мовы. — Варшава: Катэдра Беларускай Філялёгіі Факультэт Прыкладной Лінгвістыкі і Ўсходнеславянскіх Філялёгіяў Варшаўскі Ўніверсітэт, 2004. .

Літаратура На тарашкевіцы выдаецца частка беларускамоўных мастацкіх твораў, публікуецца навуковая і дзіцячая літаратура, выдаюцца пераклады замежнай літаратуры, аздабляюцца музычныя творы і пераклады на беларускую мову замежных мастацкіх фільмаў і мультфільмаў. У прыватнасці, на тарашкевіцы былі выдадзеныя пераклады твораў Курта Вонегута, Юрыя Андруховіча і іншых. У 2008—2009 гадах выйшла трылогія Джона Толкіна «Уладар пярсцёнкаў» (неафіцыйнае выданне)«Уладар Пярсьцёнкаў» па-беларуску // «Наша Ніва», 11 лістапада 2008 г.. У 2002 годзе ў перакладзе Васіля Сёмухі ў Мінску была выдадзеная БібліяБіблія. Кнігі Святога Пісаньня Старога і Новага Запавету. Кананічныя ў беларускім перакладзе / Пер. Васіль Сёмуха. — Duncanville, USA: World Wide Printing, 2002. — 1536 с. ISBN 1-58712-085-2..

У 1993 годзе ў Беластоку была выдадзена першая частка перакладу рамана Джэймса Джойса «Уліс». Поўны пераклад рамана на беларускую мову быў скончаны праз паўтара дзесяцігоддзя і быў выкананы на тарашкевіцы. Як зазначае перакладчык рамана Ян Максімюк, калі ён з галавой акунуўся ў пераклад «Уліса», ён шукаў адэкватную «моўную прастору», якая б дазволіла выразіць лінгвістыка-стылістычныя асаблівасці рамана. Як адзначае Максімюк, тарашкевіца аказалася разняволенай моўнай сістэмай, якая дала шырокую прастору і моцны імпульс для перакладчыцкіх пошукаў новага слова і фразыАпытаньне часапіса Arche: Ці добра ўчынілі адраджэнцы канца 80-х, зрабіўшы выбар на карысьць «тарашкевіцы»? // ARCHE Пачатак, 2003..

Сеціва На думку кандыдата філалагічных навук Сяргея Важніка, у 2006 годзе найбольш істотнай асаблівасцю беларускамоўных інтэрнэт-рэсурсаў было пераважнае выкарыстанне ў іх тарашкевіцыСяргей Важнік. Беларуская мова ў Інтэрнэце // Acta Neophilologica VIII, Olsztyn 2006. Ён лічыў, што афіцыйная арфаграфія беларускай мовы ўспрымаецца карыстальнікамі байнэту як старая, нягнуткая, ненатуральная сістэма, а тарашкевіца — наадварот: як гнуткі, адкрыты, свабодны ад «умоўнасцяў» асяродак.

Слоўнікі У 1966 годзе Язэп Гладкі ў Нью-Ёрку/Мюнхене выдаў зборнік прыказак Лагойшчыны на аснове тарашкевіцы. У 1989 годзе ў Нью-Ёрку быў выдадзены Беларуска-рускі («Вялікалітоўска-расійскі») слоўнік (складальнік — Ян Станкевіч), даступны ў бібліятэцы Кангрэсу ЗШАБелорусско-русский (Великолитовско-русский) словарь / Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік / Byelorussian-russian (Greatlitvan-Russian) Dictionary. — New York: Lew Sapieha Greatlitvan (Byelorussian) Foundation, 1989. Library of Congress catalog card No. 89-092248.. У 1993 годзе ў Мінску было апублікаванае факсімільнае выданне беларуска-рускага слоўніка, складзенага мовазнаўцамі Байковым і Некрашэвічам у 1925 годзеБеларуска-расійскі слоўнік. — Менск: Дзяржаўнае выдавецтва Беларусі, 1925. — Факсімільнае выданьне: Менск: Народная асвета, 1993. ISBN 5-341-00918-5.. Таксама ў 1993 годзе выйшаў Кароткі руска-беларускі фізіялагічны слоўнік на аснове тарашкевіцыКароткі расійска-беларускі фізіялягічны слоўнік. — Менск: Тэхналогія, 1993..