Сіберу́т () — востраў у Індыйскім акіяне, самы вялікі ў групе астравоў Ментавай. Уваходзіць у склад Інданезіі. Плошча — 4030 км². Насельніцтва (2000 г.) — каля 30 тыс. чал.
Геаграфія Востраў Сіберут мае вулканічнае паходжанне. Каля 0,5 млн гадоў таму ён аддзяліўся ад Суматры, з якой у наш час яго злучае праліў (каля 140 км). У апошні ледавіковы перыяд быў таксама звязаны сухапутным мостам.
Узбярэжжа нізіннае, часцяком пакрыта балотамі. Цэнтральная частка ўзгорыстая. Найвышэйшы пункт — вулканічны ўзгорак Гунунг-Сіматомбатомба (384 м). На Сіберуце шмат рэк і невялікіх азёр.
Клімат трапічны вільготны. Сярэдняя гадавая тэмпература вагаецца ў межах 22—31 °C.
Прырода У мінулым Сіберут быў амаль цалкам зарослы вільготным трапічным лесам, але ў нашы дні яго плошча не перавышае 60 — 65 % ад тэрыторыі вострава. Найлепш захаваліся лясныя масівы ў заходняй частцы, дзе дзейнічае мясцовы нацыянальны парк. Флора прадстаўлена 846 відамі кветкавых раслін, 18 відамі папарацепадобных, 5 відамі імхоў і грыбоў. 15 % раслін — эндэмікі.
На востраве таксама захавалася багатая дзікая фаўна — 28 відаў сысуноў (у тым ліку некалькі эндэмічных малпаў, вавёрак, пацукоў і г. д.), 106 відаў птушак, больш за 20 відаў амфібій, 62 віды паўзуноў, 45 відаў насякомых. Сярод апошніх некалькі відаў камароў, прычым усе яны з'яўляюцца разносчыкамі малярыі. Самае вялікая наземная жывёла — самбар (алень Cervus unicolor Oceanus). Ля берагоў Сіберута шмат розных рыб, сюды з'яўляюцца кіты, дэльфіны, дзюгоні.
Насельніцтва Большую частку (каля 25 тыс. чалавек у 2000 г.) складаюць карэнныя насельнікі — ментавайцы. Да 1970—1980-х гг. яны вялі лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў, аднак у нашы дні займаюцца сельскай гаспадаркай. Невялікая частка абарыгенаў адмовілася падпарадкоўвацца ўладам і застаецца жыць у лесе.
Астатнія насельнікі Сіберута — перасяленцы з Суматры і Ніаса.
Эканоміка Большая частка насельніцтва займаецца сельскай гаспадаркай і гандлем. Усё большую ролю ў эканоміцы вострава адыгрывае турызм. Гэтаму перашкаджае адсутнасць інфраструктуры для развіцця экалагічнага і культурнага турызму. Большасць наведвальнікаў прыцягваюць эксклюзіўныя курорты на ўсходзе Сіберута, якія абслугоўваюць прыхільнікаў сёрфінгу.
Спасылкі The Siberut Conservation Program Getting to the mentawais Siberut National Park The social and ethnic impact of tourism in Siberut (Mentawai)
Катэгорыя:Астравы Індыйскага акіяна Катэгорыя:Астравы Інданезіі Катэгорыя:Астравы Ментавай