У́ла, або Улья́нка — рака ў Лепельскім, Чашніцкім і Бешанковіцкім раёнах Беларусі, левы прыток Дзвіны. Адносіцца да Бярэзінскай воднай сістэмы.

Даўжыня ракі 123 км. Вадазбор 4090 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 25,4 м³/с. Агульнае падзенне ракі 30,2 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,4‰. Густата рачной сеткі 0,43 км/км².

Асноўныя прытокі Справа: Лукомка, Усвейка, Свячанка. Злева: Хоцінка.

На рацэ Гарады: Лепель, Чашнікі Пасёлкі: Ула Вёскі: Бачэйкава.

Агульныя звесткі Выцякае з Лепельскага возера на паўночнай ускраіне горада Лепель, вусце каля аграгарадка Ула Бешанковіцкага раёна. З Лепельскага возера Ула цячэ на ўсход, потым за Чашнікамі крута паварочвае. Адлегласць паміж рэчышчам Улы ў верхнім і ніжнім цячэнні складае 1214 м. Тут у свой час быў пракапаны Чашніцкі канал, які цяпер страціў сваё значэнне. Рака цячэ па Верхнебярэзінскай нізіне, Чашніцкай раўніне і Полацкай нізіне. Упадае ў Заходнюю Дзвіну каля пасёлка Ула.

Веснавое разводдзе з 3-й дэкады сакавіка да сярэдзіны мая, сярэдняя працягласць 56 сутак. Сярэдняе перавышэнне вышэйшага ўзроўню над межанню 4,6 м, найбольшае 7,3 м. Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у пачатку красавіка.

Даліна асіметрычная, трапецападобная, да вёскі Промыслы Бешанковіцкага раёна скрынкападобная; яе шырыня 300—600 м, найбольшая да 1 км у сярэднім цячэнні, найменшая 100 м у верхнім цячэнні. Пойма чаргуецца па берагах, яе шырыня 50—100 м, ніжэй 200—400 м, у сярэднім цячэнні да 600 м.

Рэчышча неразгалінаванае, на працягу 75 км ад вытоку моцназвілістае, ніжэй умерана звілістае (шырыня 30 м, месцамі 40—50 м).

У басейне Улы знаходзяцца азёры: Лепельскае, Лукомскае, Сялява, Жэрынскае, Бярэшча, Окана, Жэжліна, Бораўна, Гарнасвечча, Плацішна, Ямнае, Павулле, Нюля, Люкшына, Хоціна, Хоцінскае, Рыбанец, Нізгалаўе, Огзіна, Глыбочыца, Смальянскае, Чэрцы, Воласна, Му́хна, Забельскае, Некалач, Антошава, Вербнае і інш.

Гідралагічны рэжым Улы вывучаўся з 1876 года на 9 гідралагічных пастах (на Лепельскай ГЭС з 1958, у вёсцы Промыслы — з 1927 года).

Літаратура

Спасылкі Река Улла // Ф. Сабодаш-Радько, В. Журавлёв. Водными маршрутами Беларуси. — Рифтур, 2004. — 136 с. — 5000 экз.

Катэгорыя:Прытокі Заходняй Дзвіны Катэгорыя:Рэкі Бешанковіцкага раёна Катэгорыя:Рэкі Лепельскага раёна Катэгорыя:Рэкі Чашніцкага раёна