Дугла́сія, ілжэтсу́га, псеўдатсуга (Pseudotsuga) — род вечназялёных хвойных дрэў і кустоў сямейства хваёвых.

Апісанне Буйныя вечназялёныя аднадомныя дрэвы вышынёй да 90 (100) м. Ствол прамы, таўшчынёй да 4,4 м. Кара буравата-шэрая. Каранёвая сістэма стрыжнёвая. Крона шырокаканічная або пірамідальная. Парасткі падоўжаныя. Лісце (ігліца) да 40 мм даўжынёй, чаргаванае, простае, суцэльнае, на верхавінцы часам выемчатае, суцэльнакраёвае, пляскатае, лінейнае, на кароткіх чаранках.

Мужчынскія шышкі дробныя, даўжынёй да 20 мм, шарападобныя, бурыя або жаўтаватыя. Спелыя жаночыя шышкі даўжынёй да 17 см, даўгавата-яйцападобныя, паніклыя, спярша зеленаватыя або чырванаватыя, пры выспяванні бурыя, спеюць восенню ў год апылення. Пры выспяванні ападаюць цалкам. Покрыўныя лускавінкі трохлопасцевыя, добра прыкметныя, перавышаюць па даўжыні насенныя лускавінкі. Насенне з адным буйным крылом.

Пашырэнне Налічвае 4–6 паліморфных відаў, распаўсюджаных пераважна ва ўмераных і субтрапічных рэгіёнах на захадзе Паўночнай Амерыкі і Усходняй Азіі. Шырока культывуюцца ў розных рэгіёнах зямнога шара. На Беларусі інтрадукавана і яе разнавіднасць дугласія шызая. Уведзена ў лясныя культуры, вырошчваецца таксама як дэкаратыўнае дрэва.

Святлалюбная, зімаўстойлівая, даволі патрабавальная да ўрадлівасці і вільготнасці глебы, досыць устойлівая да гарадскіх умоў, хвароб і грыбных захворванняў, хуткарослая, добра пераносіць стрыжку, размнажаецца пераважна насеннем. Працягласць жыцця да 800 (1300) гадоў.

Віды Паводле базы даных The Plant List (на ліпень 2016) род уключае 4 віда:

 — Дугласія шызая

Выкарыстанне Драўніна трывалая, прымяняецца ў будаўніцтве, для атрымання цэлюлозы, вырабу мэблі і розных прадметаў быту. Выкарыстоўваецца для здабычы смалы і эфірных алеяў. Каштоўная дэкаратыўная расліна. Ілжэтсуга Мензіса шырока выкарыстоўваецца ў лесаразвядзенні.

Крыніцы

Спасылкі

Катэгорыя:Дрэвы Катэгорыя:Хваёвыя