Анатоль Мікалаевіч Зэ́каў (нар. ; в. Патапаўка, Буда-Кашалёўскі раён, Гомельская вобласць) — беларускі паэт, празаік, ганаровы грамадзянін Буда-Кашалёўскага раёна.

Біяграфія У 1977 годзе скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў у рэдакцыі гомельскай раённай газеты «Маяк», потым — у Гомельскім райкаме камсамола: загадчыкам арганізацыйнага аддзела, другім сакратаром.

З 1980 да 1982 года — слухач Вышэйшай камсамольскай школы пры цэнтральным камітэце Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі (Масква). У Мінску працаваў інструктарам аддзела прапаганды і агітацыі цэнтральнага камітэта Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі. У 1991 годзе завочна скончыў Інстытут паліталогіі і сацыяльнага кіравання Камуністычнай партыі Беларусі. Палітолаг.

З 1985 года — у рэдакцыі маладзёжнай газеты «Чырвоная змена». Затым узначальваў мінскую гарадскую газету «Добры вечар» (1990—1996) і штотыднёвік «Сталіца», працаваў у газеце «Книга и мы» (1996—1997), быў галоўным рэдактарам «Беларускай лясной газеты» (1997—2002), намеснікам і в.а. галоўнага рэдактара часопіса «Вожык» (2002—2005), рэдактарам аддзела прозы — членам рэдкалегіі часопіса «Полымя» (2006—2009). Цяпер — у рэдакцыі часопіса «Вясёлка». Працуе тэлевядучым на канале «Беларусь 3», дзе вядзе штотыднёвую літаратурную праграму «Дыя@блог. P.S.».

Аўтар тэкстаў гімнаў лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь і Буда-Кашалёўскага аграрна-тэхнічнага каледжа.

Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1994 года.

Творчасць Першы верш апублікаваў у газеце «Піянер Беларусі» ў 1969 годзе. Анатоль Зэкаў — аўтар зборнікаў паэзіі, у тым ліку «Зона кахання» (2003), «Промнік позірку твайго» (2008). Асноўныя тэмы паэтычнай творчасці — роздум аб праблемах, якія ставіць жыццё перад чалавекам і чалавецтвам, аб вечных праблемах дабра i зла, любові i нянавісці.

А. Зэкаў напісаў шмат пародый на вершы іншых паэтаў (Р. Баравікова, Т. Атрошанка, В. Аксак, М. Шабовіч і іншыя). Яго пародыі ўвайшлі ў зборнікі сатыры і гумару «Дуэль» i «Дуэль-2», «Вінегрэт пад фуршэт», «Каханне на снезе», «Тары-бары» і іншыя. У іх А. Зэкаў паўстае не толькі як парадыст, таму што на «дуэль» ён выклікае не адных паэтаў, a i розных масцей антыгерояў свайго супярэчлівага часу.

Сучаснай трактоўкай тэм і вобразнасцю вызначаюцца байкі Анатоля Зэкава «Сабачы брэх», «Крот і мышы», «Пчолы і труцень», «Мядзведзь і размеркаванне», «Уюн і дно», «Непаслухмяны конь», «Паўлін і певень» і іншыя.

Дэбютам у прозе стала кніга «Вясельнае падарожжа ў Стамбул».

Таксама ён стварыў мноства кніг для дзяцей: «Чатыры зярняткі», «Не казкі пра Сашку», «Зязюля Гулюля» і іншыя. І ў гэтых кнігах, адрасаваных юным чытачам, ён паказаў сябе такім жа майстрам, удумлівым, лаканічным, дасціпным і сучасным.

Песні, створаныя на аснове твораў А. М. Зэкава, спяваюць многія беларускія выканаўцы, у тым ліку Я. Навуменка, А. Ярмоленка, А. Балотнік, Г. Грамовіч і іншыя.

А. Зэкаў напісаў лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Вершы Анатоля Зэкава перакладзены на рускую, таджыкскую і чувашскую мовы, уключаны ў школьныя падручнікі.

Бібліяграфія

Паэзія «Боль сумлення» (1989) «Аварыя сумлення» (1996) «На арэхавым кані» (2003) «Зона кахання» (2003) «Лісты да цябе» (2005) «Чарнобыльскі вецер» (2006) «Кругі ў галаве» (2007) «Промнік позірку твайго» (2008) «Не казкі пра Сашку» (2013) «Пад кронай белых аблачын» (2013) «Безбілетны Зай» (2014) «Вожык вёз сараканожак» (2014) «Вінегрэт пад фуршэт» (2015) «Параненая памяць» (2015) «Белае сонца бяроз» (2016) «Птушыныя арэлі» (2017) «Прыгарадныя чайкі» (2018).

Проза «Вясельнае падарожжа ў Стамбул» (2000) «Генеральскі нумар» (2011)

Сатыра і гумар «Дуэль» (1994) «Дуэль-2» (1995) «Па самую плешку» (2003) «Кругі ў галаве» (2007) «Каханне на снезе» (2011) «Замарожаныя пачуцці» (2015) «Тары-бары» (2015)

Для дзяцей «Чатыры зярняткі» (2000) «На арэхавым кані» (2003) «Мянтуз сярод мядуз» (2007) «Зязюля Гулюля» (2011) «Кенгуру ці кенгура?» (2013) «Як Гаўка ў космас збіраўся» (2013) «Азбуку мядзведзь вучыў» (2015) «Лічба з літарай сябруюць» (2016) «Адна сям’я — ад А да Я» (2017) «Селі хмаркі на вярбу» (2018) «За месяцам — месяц» (2018)

У зборніках

Іншае «Алесь» (2007) — кніга ўспамінаў пра Алеся Пісьмянкова Лібрэта спектакля «Жыццё і смерць Янкі Купалы», які быў пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры.

Прэміі і ўзнагароды Залаты купідон (2007; сатыра і гумар) Літаратурная прэмія імя Васіля Віткі (2009); Медаль Францыска Скарыны (2019). Уладальнік Нацыянальнай літаратурнай прэміі ў намінацыі "Лепшы твор драматургіі" за "Двор пад буслінымі крыламі" (05.09.2026, Касцюковічы, XXXIII Дзень беларускага пісьменства).

Літаратура Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.7: Застаўка — Кантата / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Белэн, 1999. — 608 с.: іл. ISBN 985-11-0279-2

Спасылкі Неделя белорусского языка. Зрабіць дзень святлейшым Зэкаў Анатоль «Загадкі і лічылкі»

Катэгорыя:Беларускамоўныя паэты Катэгорыя:Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя:Паэты Беларусі Катэгорыя:Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта Катэгорыя:Нарадзіліся ў Буда-Кашалёўскім раёне Катэгорыя:Члены Саюза пісьменнікаў Беларусі Катэгорыя:Лаўрэаты прэміі «Залаты Купідон»