Лучоса — рака ў Лёзненскім і Віцебскім раёнах Беларусі, левы прыток Дзвіны. Даўжыня 90 км. Вадазбор 3510 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 21,4 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.

Назва Назва балцкага паходжання, пачатковая форма назвы — *Laukesà (Лаўкеса́)В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 155, 168..

Поўны гідранімічны адпаведнік — назва прытока Дзвіны (пачынаецца на тэрыторыі Літвы, у Дзвіну ўцякае на тэрыторыі Латвіі ля Даўгаўпілса) літ. Laukesa (лат. Laucesa)A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. Vilnius, 1981. С. 183.. Трэцяя Лучоса, што ўцякае ў Дзвіну, — на тэрыторыі Цвярской вобласці Расіі. Яшчэ адна Лучоса ўцякае ў Сож на тэрыторыі Смаленскай вобласці Расіі (каля Пачынка)В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 194—195,.

Гідранімічны фармант -es- таксама ў такіх балцкіх гідронімах на Верхнім Падняпроўі і Верхнім Падзвінні, як Akesà (> Ачоса), Vilkesà (> Воўчас, Аўчоса), Velesà ()В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 155—156, 168, 181, 194—195.K. Būga. Rinktiniai raštai. T. 3. Vilnius, 1961. С. 544—545, 547, 608.. Ён шырока прысутны ў літоўскім назва- і словаўтварэнні: žalias «зялёны» — žalesà «зеляніна; зяленіва», rudas «руды» — Rudesa «Рудая (рака)»P. Skardžius. Rinktiniai raštai. T. 1. Vilnius, 1996. C. 311—314.S. Ambrazas. Daiktavardžių darybos raida II. Vilnius, 2000. С. 30, 99..

Корань Lauk- звязаны са старалітоўскім laukas «светлы, зіхоткі». Выштурхнутае іншымі словамі, яно засталося ў выглядзе вузкаўжывальнага laukas «хто з белай плямай ці белай пысай (пра жывёлу); лысы». Амонім — літ. laukas «поле» (першапачаткова ў сэнсе светлага месца пасярод леса). Далей вядзе да індаеўрапейскага *leuk- «ззяць, свяціць», *leukos «святло, ззянне»A. Vanagas. Lietuvių hidronimų etimologinis žodynas. — Vilnius, 1981. — С. 183.J. Pokorny. Indogermanisches etymologisches Wörterbuch. Bern / München 1959 / 1969. C. 687—689..

Назва значыць «Блішчастая (рака)» і матываваная «блішчастасцю» воднай паверхні.

Балцкі корань Lauk- маюць таксама назвы азёраў Лучанскае (у Цвярской вобласці Расіі) і Лучай на Падзвінні, ракі Лукасна на ПавоччыВ. Н. Топоров. Балтийский элемент в гидронимии Поочья. II // Балто-славянские исследования. 1987. Москва, 1989. С. 51., прускай ракі Lauk-appeG. Gerullis. Die altpreussischen Ortsnamen. Berlin, Leipzig, 1922. C. 83..

«Зіхоткія» балцкія водныя назвы таксама ў азёрных назвах Свіцязь (двойчы), Жыд-возера, *Zeitō (> Дзятлаўка).

Асноўныя прытокі Справа: Чарніца, Сухадроўка. Злева: Ардышэўка, Серакаратнянка, Абалянка, Чарнічанка, Абручоўка.

Агульнае Выцякае з возера Зелянское каля аграгарадка Бабінавічы Лёзненскага раёна, цячэ па Лучоскай нізіне і ў межах Віцебскага ўзвышша, вусце ў межах паўднёвай ускраіны Віцебска. Найвышэйшы ўзровень разводдзя ў ніжнім цячэнні ў пачатку красавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 6,2 м, найбольшы 9,9 м (1956). Замярзае ў канцы 1-й дэкады снежня, крыгалом у канцы сакавіка. Веснавы ледаход на працягу 3-х сутак.

Даліна трапецападобная, у вярхоўі невыразная, шырыня яе 400—600 м. Пойма перарывістая, чаргуецца па берагах, больш развіта на левабярэжжы; шырыня яе 300—500 м. Рэчышча шырынёй 20—30 м, у нізоўі да 60 м.

У басейне ракі азёры Бораўна, Стрэшна, Доўгае, Дыманоўскае, Чарніца і інш.

На левым беразе ракі, каля вёскі Баронікі Віцебскага раёна знаходзіцца археалагічны помнік — гарадзішча Баронікі.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Прытокі Заходняй Дзвіны Катэгорыя:Рэкі Лёзненскага раёна Катэгорыя:Рэкі Віцебскага раёна