Аляксандр Мікалаевіч Казлоўскі (, Мсціслаўскі павет — ) — беларускі вучоны ў галіне меліярацыі сельскагаспадарчых зямель, прафесар (1860).

Біяграфія Нарадзіўся ў сям’і збяднелага шляхціца рымска-каталіцкага веравызнання. У 1848 годзе пасля заканчэння Мінскай гімназіі паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут, які ў 1852 годзе закончыў са званнем агранома ў чыне дзесятага класа (калежскі рэгістратар).

У 1853 годзе камандзіраваны Дэпартаментам сельскай гаспадаркі ў Германію i Бельгію, а ў 1858 годзе — у Англію для вывучэння досведу выкарыстання дрэнажу. У 1856—1860 гадах працаваў інжынерам, а з 1860 года — прафесарам механікі і архітэктуры Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Дасканала вывучаў вопыт прымянення дрэнажу ў Заходняй Еўропе і Прыбалтыцы. У 1856—1862 гадах прафесарам А. М. Казлоўскім упершыню на тэрыторыі сучаснай Беларусі на вучэбнай ферме Горы-Горацкага інстытута закладзены ганчарны дрэнаж. Дрэніраванне ажыццяўлялася ў мэтах асушэння мінеральных суглінкавых глеб і нізінных тарфянікаў, замкнутых забалочаных лагун, лугоў, а таксама для зніжэння напору грунтавых вод у ніжніх частках адхонаў буйных каналаў, каб прадухіліць іх абрушванне.

Дрэнажныя работы ў Горках з’явіліся першым айчынным доследам асушэння сельскагаспадарчых зямель з прымяненнем ганчарных трубак. Шматлікія даследаванні дрэнажнай сістэмы А. М. Казлоўскага, праведзеныя ў 1850-1860-х гадах вучонымі-меліяратарамі, дазволілі зрабіць вывад аб высокай вартасці ганчарнага дрэнажу — яго даўгавечнасці і надзейнасці пры ўмове добрай эксплуатацыі і доглядзе збудаванняў.

За ўдзел у нацыянальна-вызваленчым паўстанні 1863 г. у Горках высланы на 6 гадоў з Беларусі ў Таўрыйскую губерню, дзе працаваў аграномам-інжынерам гідрамеліярацыі, да 1869 года займаўся абвадненнем зямель.

Літаратура

Первые исследования эффективности дренажных систем // Лившиц В. М., Немыкин В. В., Цыганов А. Р. Горы-Горецкий земледельческий институт. Выдающиеся учёные и профессора. — Горки, 1999. — С. 113—116.

Катэгорыя:Аграномы Расійскай імперыі Катэгорыя:Аграномы Беларусі Катэгорыя:Меліяратары Катэгорыя:Гідратэхнікі Катэгорыя:Інжынеры Расійскай імперыі Катэгорыя:Інжынеры Беларусі Катэгорыя:Выпускнікі Мінскай губернскай гімназіі Катэгорыя:Рэпрэсаваныя ў Расійскай імперыі Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1863—1864 гадоў