Рама́нс (ад ) — камерны музычна-паэтычны твор для голасу з інструментальным суправаджэннем. У многіх мовах раманс і песня тэрміналагічна не адрозніваюцца.
Характарыстыка Тэрмін узнік у Сярэднявеччы ў Іспаніі і першапачаткова абазначаў свецкую песню на іспанскай мове. У іншых краінах гэтае слова стала абазначаць паэтычны твор і жанр вакальнай музыкі. Ад песні раманс адрозніваецца больш складаным комплексам выразных сродкаў, кампазіцыйных прыёмаў і музычных структур, а таксама выкарыстаннем больш глыбокіх і разнастайных паэтычных тэкстаў і больш цеснай сувяззю тэксту з музыкай.
Структурна раманс можа будавацца паводле прынцыпу адзінага скразнога развіцця, бывае двух- і трохчасткавым, рондападобным або строфікаварыянтным. Сярод асноўных разнавіднасцей раманса адрозніваюць баркаролу, баладу, элегію, маналог і серэнаду.
Гісторыя развіцця Развіццё раманса як сінтэтычнага музычна-паэтычнага жанру пачалося ў другой палове XVIII стагоддзя ў Германіі (у творчасці такіх кампазітараў, як К. Бах і М. Агрыкала) і Францыі (Э. Мегюль, Н. Далейрак). У Расіі напачатку рамансамі называлі вакальныя творы выключна на французскія тэксты. Развіццё нацыянальных форм раманса пачалося ў творчасці А. Дубянскага і В. Казлоўскага.
У XIX стагоддзі раманс стаў вядучым жанрам у творчасці кампазітараў-рамантыкаў: Ф. Шуберта, Р. Шумана, І. Брамса, Х. Вольфа ў Германіі; Г. Берліёза, Ж. Бізэ, Ш. Гуно, Ж. Маснэ ў Францыі; Б. Сметаны і А. Дворжака ў Чэхіі; М. Карловіча і К. Шыманоўскага ў Польшчы; Э. Грыга ў Нарвегіі і Я. Сібеліуса ў Фінляндыі.
У Расіі разам з камерна-вакальнай класікай актыўна развіваўся і бытавы раманс (прадстаўлены творамі А. Гурылёва, А. Варламава, А. Аляб’ева, П. Булахава, А. Дзюбюка). Свайго найвышэйшага росквіту жанр дасягнуў у творчасці М. Глінкі, А. Даргамыжскага, М. Мусаргскага, П. Чайкоўскага, С. Рахманінава, А. Барадзіна, М. Рымскага-Корсакава. Стылявое абнаўленне раманса адбылося ў XX стагоддзі дзякуючы працам М. Мяскоўскага, Дз. Шастаковіча, С. Пракоф’ева, Ю. Шапорына, Г. Свірыдава, С. Сланімскага і В. Гаўрыліна.
У беларускай музыцы У беларускай музыцы жанр раманса развіваецца з 1920-х гадоў. Беларускія кампазітары пісалі рамансы на творы класічнай паэзіі і імкнуліся да вобразна-тэматычнай разнастайнасці. Многія рамансы на словы Я. Купалы, Я. Коласа, М. Багдановіча і З. Бядулі, створаныя такімі кампазітарамі, як М. Аладаў, Я. Цікоцкі, Л. Абеліёвіч, П. Падкавыраў, А. Багатыроў, Р. Пукст, М. Чуркін, Э. Тырманд, Дз. Лукас, Г. Вагнер і У. Алоўнікаў, трывала ўвайшлі ў залаты фонд нацыянальнага музычнага мастацтва.
У другой палове XX стагоддзя з’явіліся новыя тэндэнцыі ў развіцці жанру. Па-новаму пачала вырашацца праблема сінтэзу музыкі і паэзіі, пачаліся актыўныя пошукі ў абнаўленні інтанацыйнай мовы, кампазіцыйнай будовы і тэмбрава-тэматычнай сувязі, у якой адбіваюцца элементы натуральнай прасодыі, а таксама пераасэнсоўваюцца фальклорныя традыцыі. Сярод адметных твораў гэтага перыяду — вакальныя цыклы Г. Гарэлавай «Дзявочыя песні» і Л. Шлег «Голас зямлі», а таксама рамансы і вакальныя творы Дз. Смольскага, А. Елісеенкава, А. Мдывані, С. Картэса, А. Хадоскі, Э. Наско і іншых.
Крыніцы
Літаратура
Культуралогія: Энцыклапедычны даведнік. Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Катэгорыя:Музычныя жанры Катэгорыя:Вакальная музыка Катэгорыя:Рамансы