Каралеўства Нарве́гія (, ), Нарвегія — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на Скандынаўскім паўвостраве і прылеглых астравах. Мяжуе з трыма дзяржавамі: са Швецыяй — на ўсходзе, з Фінляндыяй і з Расіяй — на паўночным усходзе. Краіну абмываюць Баранцава мора — на паўночным усходзе, Нарвежскае мора — на захадзе і Паўночнае мора — на паўднёвым захадзе.
Нарвегія падзяляецца на 19 фюльке, якія аб’ядноўваюцца ў 5 асноўных неафіцыйных рэгіёнаў. У склад Нарвегіі таксама ўваходзяць: адміністрацыйная акруга Свальбард (архіпелаг Шпіцберген і востраў Мядзведжы), астравы Ян-Маен па поўначы і Бувэ на поўдні Атлантычнага акіяна.
Сталіца Нарвегіі і рэзідэнцыя ўрада — Осла.
Дзяржаўны лад
Нарвегія — канстытуцыйная манархія, форма дзяржаўнага ладу — унітарная. Дзейнічае канстытуцыя 1814 года з пазнейшымі праўкамі. Кароль — Хокан VIII, прэм’ер-міністр — Ёнас Гар Сцёрэ. Вышэйшы заканадаўчы орган — стортынг, які складаецца з лагтынга (верхняя палата, 41 дэпутат) і одэльстынга (ніжняя палата, 124 дэпутаты). Выбіраецца на ўсеагульных выбарах па прапарцыянальнай сістэме тэрмінам на 4 гады. Пасля выбараў на першай сесіі стортынга з яго складу выбіраецца 1/4 дэпутатаў, якія ўтвараюць лагтынг, астатнія 3/4 — одэльстынг. Выканаўчая ўлада належыць каралю, які назначае ўрад (Дзяржаўны савет) на чале з прэм’ер-міністрам.
Геаграфія
Нарвегія займае заходнюю, горную частку Скандынаўскага паўвострава. Гэты буйны масіў складзены пераважна гранітамі і гнейсамі характарызуецца перасечаным рэльефам. Паўвостраў асіметрычна падняты да захаду, у выніку заходнія, нарвежскія, схілы вельмі стромкія і кароткія. На поўначы знаходзіцца самая паўночная кантынентальная кропка Еўропы — мыс Нордкін.
На поўдні ў межах Нарвегіі размешчана шырокае нагор’е. На поўначы ад мяжы Нарвегіі і Фінляндыі вышэй 1200 м уздымаюцца ўсяго некалькі вяршыняў, але па кірунку да поўдня вышыні гор паступова павялічваюцца, дасягаючы максімальных адзнак 2469 м (гара Гальхёпіген) у масіве Ютунхеймен. Іншыя ўзнятыя ўчасткі нагор’я толькі няшмат саступаюць па вышыні. Там нярэдка сустракаюцца голыя скалы, пазбаўленыя глебава-расліннага покрыва. Вонкава паверхня шматлікіх гор больш нагадвае слабхвалістае плато, і такія ўчасткі носяць назву «віда».
Падчас вялікага ледавіковага перыяду ў гарах Нарвегіі было развіта злядненне, але сучасныя ледавікі невялікія. Самыя значныя з іх — у гарах Ютунхеймен і ў паўночнай частцы Нарвегіі. Звычайна снегавая лінія ў Нарвегіі знаходзіцца на вышынях 900—1500 м. Шматлікія асаблівасці рэльефу краіны сфармаваліся падчас ледніковага перыяду. Верагодна, тады было некалькі мацерыковых злядненняў, і кожнае з іх спрыяла развіццю эрозіі, паглыбленню і выпростванню старажытных рачных далін і іх ператварэнню ў маляўнічыя, са стромкімі схіламі трогі U-падобнай формы, што глыбока праразаюць паверхню нагор’яў.
Пасля раставання мацерыковага ледавіка былі затопленыя нізоўі старажытных далін, дзе ўтварыліся фіёрды. Фіёрдавыя берагі дзівяць незвычайнай маляўнічасцю і маюць вельмі важнае гаспадарчае значэнне. Шматлікія фіёрды вельмі глыбокія. Напрыклад, Согне-фіёрд, размешчаны ў 72 км на поўнач ад Бергена, у ніжняй частцы дасягае глыбіні 1308 м. Ланцуг прыбярэжных астравоў — т.зв. скергор абараняе фіёрды ад моцных заходніх вятроў, якія дзьмуць з Атлантычнага акіяна. Некаторыя астравы ўяўляюць сабой аголеныя скалы, аб якія разбіваецца прыбой, іншыя дасягаюць значных памераў.
Большасць нарвежцаў жывуць на берагах фіёрдаў. Найважнейшыя — Осла-фіёрд, Хардангер-фіёрд, Согне-фіёрд, Нур-фіёрд, Стур-фіёрд і Тронхеймс-фіёрд.
На ўсходзе Нарвегіі знаходзяцца самыя вялікія рэкі, уключаючы Глому даўжынёй 591 км, Гёўла, Отра, Танаэльв. На захадзе краіны рэкі кароткія і хуткія (рака Ранэльва). У паўднёвай Нарвегіі шмат маляўнічых азёр. Найбуйнейшае ў краіне возера М’ёса. У канцы 19 ст. было збудавана некалькі невялікіх каналаў, якія злучаюць возера з марскімі партамі на паўднёвым узбярэжжы, але ў цяперашні час яны выкарыстоўваюцца мала. Гідраэнергарэсурсы рэк і азёр Нарвегіі ўносяць істотны ўклад у яе эканамічны патэнцыял.
Нягледзячы на паўночнае становішча, Нарвегіі ўласцівы спрыяльны клімат з прахалодным летам і адносна мяккай (для адпаведных шырот) зімой — вынікам уздзеяння Гальфстрыму. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ад 3330 мм на захадзе, куды ў першую чаргу паступаюць вільготныя вятры, да 250 мм у некаторых адасобленых рачных далінах на ўсходзе краіны. Сярэдняя тэмпература студзеня каля 0 °C характэрная для паўднёвага і заходняга ўзбярэжжаў, тады як ва ўнутраных раёнах яна паніжаецца да −4 °C і меней. У ліпені сярэднія тэмпературы на ўзбярэжжа каля 14 °C, а ва ўнутраных раёнах — каля 16 °C.
Урадлівыя глебы пакрываюць усяго каля 4 % усёй тэрыторыі Нарвегіі і сканцэнтраваны пераважна ў наваколлях Осла і Тронхейма.
Паколькі большую частку краіны займаюць горы, плато і ледавікі, магчымасці для росту і развіцця раслін абмежаваныя. Вылучаюць пяць геабатанічных раёнаў: бязлесны прыбярэжны з лугамі і хмызнякамі, на ўсход ад яго лісцёвыя лясы, далей у глыб краіны і да поўначы — хваёвыя лясы, вышэй і яшчэ далей на поўнач пояс карлікавых бяроз, вербаў і шматгадовай травы; нарэшце, на самых вялікіх вышынях — пояс травы, імхоў і лішайнікаў. Хваёвыя лясы — адзін з найважнейшых прыродных рэсурсаў Нарвегіі, яны даюць разнастайную экспартную прадукцыю.
У арктычным раёне звычайна сустракаюцца паўночны алень, лемінг, пясец і гага. У лясах да самога поўдні краіны водзяцца гарнастай, заяц, лось, лісіца, вавёрка і, у невялікай колькасці, воўк і буры мядзведзь. Высакародны алень распаўсюджаны ўздоўж паўднёвага ўзбярэжжа. Нацыянальны парк: Бёргеф’ель, Юнкердаль.
Азёры Нарвегіі
Возера Кродэрэн Возера Банак Возера Брэймсватн Возера Бюгдзін Возера Бюглансфіёрд Возера Клістэрватн Возера Лангватн Возера Ломіватн Возера Мёсватн Возера Недрэватн Возера Рансфіёрдэн Возера Руген Возера Скугсфіёрдватнет Возера Сперылен Возера Тутак Возера Хелін Возера Хорніндальсватнет Возера Цюрыфіёрд
Гісторыя
Тэрыторыя Нарвегіі заселена чалавекам прыблізна ў 6 тысячагоддзі да н.э. У 2 тысячагоддзі да н.э. старажытна-германскія плямёны адцяснілі на поўнач мясцовае карэннае насельніцтва — саамаў. У канцы 1 тысячагоддзя н.э. ўзнікла нарвежская народнасць. У эпоху вікінгаў (нарманаў; канец 8-сярэдзіна 11 стагоддзяў) пачалося фарміраванне навежскай дзяржаўнасці. У 872 годзе на прастол уступіў першы конунг Харальд I Хорфагер. Продкі нарвежцаў рабілі марскія паходы пераважна ў Заходнюю Еўропу, каланізавалі Цэнтральную і Паўночную Англію, Шатландыю, Аркнейскія, Шэтландскія, Гебрыдскія, Фарэрскія астравы, прыбярэжныя раёны Ірландыі, Ісландыю, Грэнландыю (Лейф Эрыксан, Эрык Руды, Гунб’ёрн Ульфсан). Каля 1000 года ў краіне прынята хрысціянства. Перыяд паміж 1130 і 1240 гг. суправаджаўся грамадзянскімі войнамі за ўладу (Біркенбейнеры). Пры Хокане IV Хокансане (1217-63) грамадзянскія войны спыніліся, Нарвегія мела найбольшую ў сваёй гісторыі тэрыторыю, у тым ліку займала сучасныя шведскія правінцыі Емтланд і Бохуслен. Кароль Хокан V Магнусан (1299—1319) зрабіў сталіцай краіны горад Осла (раней каралеўскі двор знаходзіўся ў г.Берген). У 1300—1500 гадах Нарвегія знаходзілася ў эканамічнай залежнасці ад нямецкай Ганзы (яе галоўным апорным пунктам прыблізна з 1350 года быў Берген), якая кантралявала экспарт нарвежскай рыбы. Эпідэмія чумы 1347-50 прывяла да працяглага эканамічнага заняпаду. У 1319 годзе заключана асабістая унія Нарвегіі са Швецыяй, у 1380 — з Даніяй, у 1397 — Кальмарская унія (у 1523 з уніі выйшла Швецыя). Пасля 1500 года пачаўся павольны эканамічны ўздым. У 1536 годзе ў Нарвегіі абвешчана Рэфармацыя, у 1537 годзе краіна страціла статус самастойнага каралеўства і ператварылася ў дацкую правінцыю (у 1572 годзе ўведзена пасада намесніка дацкага караля). У выніку дацка-шведскіх войнаў 17 стагоддзя Нарвегія страціла тэрыторыі Емтланд, Хер’едален (1645), Бохуслен (1658) на карысць Швецыі і апынулася ў сучасных межах. У 17-пачатку 19 стагоддзя актывізаваўся нацыянальна-вызваленчы рух супраць дацкага панавання.
Насельніцтва Нарвегія — даволі аднародная паводле складу насельніцтва краіна. Пераважную большасць складаюць нарвежцы, на поўначы жывуць лапландцы, паступова павялічваецца доля мігрантаў з іншых краін.
Традыцыйныя заняткі насельніцтва — рыбалоўства ў фіёрдах, земляробства, жывёлагадоўля і лясная гаспадарка ў асобных месцах па берагах фіёрдаў і ў горах.
У в. Флекэ (камуна Ф’ялэр, фюльке Согн-ог-Ф’юранэ) дзейнічае Паўночны каледж міжнароднай супольнасці.
Сярод буйнейшых гарадоў Нарвегіі Берген, Вадсё, Осла, Ставангер, Тромсё, Тронхейм.
Нарвежская літаратура
Пасля заключэння уніі з Даніяй пісьмовая нарвежская мова паступова замяшчалася дацкай, і да пачатку XX стагоддзя нарвежскія пісьменнікі стваралі свае творы на мове, практычна неадрознай ад дацкай. Адраджэнню нарвежскай літаратурнай мовы ў паспрыяў Генрык Вергелан, які змагаўся за культурную незалежнасць Нарвегіі. Яго працы аказалі ўплыў на вялікіх пісьменнікаў другой паловы XIX стагоддзя — Генрыка Ібсена і Б’ёрнсцернэ Б’ёрнсана. У канцы XIX стагоддзя пачынаюць заяўляць пра сябе нарвежскія мадэрністы. Выбітным прадстаўнікамі мадэрнізму сталі Кнут Гамсун і Сігб’ёрн Обстфелер. Найбольшага росквіту мадэрнізм дасягнуў у 1960-я гады. Часопіс пры Універсітэце Осла «Профіль» згуртаваў вакол сябе групу маладых аўтараў, якія эксперыментавалі з рознымі літаратурнымі формамі. Многія з іх пасля ўнеслі выдатны ўклад у нарвежскую літаратуру: Даг Сульстад, Тур Обрэстад, Эльдрыд Лундэн і іншыя. Яркім прадстаўніком мадэрнізму з’яўляецца і драматург Юн Фосэ.
Музыка
Пра старажытнае паходжанне нарвежскай музыкі сведчаць помнікі матэрыяльнай культуры (бронзавыя музычныя інструменты 2 ст. да н.э.), «Старэйшая Эда» (канец 11 стагоддзя). Захаваліся старажытныя вакальна-інструментальные і танцавальныя жанры — пастухоўскія песні-поклічы лок, хювінг, лалінг, балады, культавыя, гістарычныя песні. танцы халінг, спрынгданс. У аснове рытмічнай арганізацыі раўнамерная метрыка пры мностве сінкоп, пункцірных рытмаў і трыёлей. Сярод традыцыйных інструментаў: струнна-смычковая фідла, лангелейк, хардынгфеле; духавыя флейта, селье, лур; варган мюнхарпэ.
З пашырэнне хрысціянства (10 стагоддзе) развіваюцца культавыя спевы, блізкія да грыгарыянскіх, з 14 стагоддзя — арганная музыка. У 14-19 стагоддзях музыка Нарвегіі была пад уплывам дацкай. З прыняццем лютэранства (1536) узнік пратэстанцкі харал. Сярод помнікаў эпохі Рэфармацыі — «Dansk sammelbog» (1569) Х.Томісёна, «Graduela» Н.Есперсена (1573). З канца 16 стагоддзя музычнымі цэнтрамі сталі Хрысціянія, Берген, Тронхейм. У 2-й палове 18 стагоддзя ўзніклі аматарскія і прафесійныя аркестры, музычныя таварыствы ў Бергене («Гармонія», 1765, існуе і цяпер), Тронхейме, Хрысціяніі. Сярод нарвежскіх кампазітараў эпохі барока Георг фон Бертух, Ю. Д. Берлін (аўтар і першага нарвежскага падручніка па тэорыі музыкі, 1744), Ю.Фрэйтхаф. У сярэдзіне 19 стагоддзя з’явіліся першыя зборнікі запісаў народных песень і танцаў (1841). У 1825 годзе напісаны першы зінгшпіль (кампазітар В.Тране, паэт Х.Б’ерэгар). Стваральнікі нацыянальнай кампазітарскай школы — Хальфдан Х’ерульф і Рыкард Нурдрак (аўтар нарвежскага нацыянальнага гімна, 1864). Найбольш адметная з’ява музыкі Нарвегіі — творчасць і дзейнасць Эдварда Грыга. Сярод яго паслядоўнікаў: К.Сіндынг, Ю.Сельмер, Ю.Хальварсен, у 20 стагоддзі — А.Эген, Э.Альнес, Ю.Хорклаў, С.Юрдан. Вялікі ўклад у нарвежскую музыку зрабіў Юхан Северын Свенсен.
Combichrist
Беларуска-нарвежскія адносіны 24 лістапада 1995 года ўступіла ў сілу Пагадненне паміж Урадам Рэспублікі Беларусь i Урадам Каралеўства Нарвегіі аб паветраных зносінах. У 2009 годзе ў Нарвегіі выйшла кніжка «Fanden på flat mark» («Праклён над раўнінным краем») — зборнік эсэ пра Беларусь Пера Андэша Тудаля (Per Anders Todal).
Спорт
Нарвегія ўдзельнічала амаль ва ўсіх летніх Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Парыжы 1900 года, і ўсіх зімовых Алімпійскіх гульнях, пачынаючы з гульняў у Шамані 1924.