Малдо́ва () — краіна ва Усходняй Еўропе, большая частка тэрыторыі якой размешчана паміж рэкамі Днестр і Прут. Сталіца — горад Кішынёў.

Краіна мяжуе з Румыніяй на захадзе і з Украінай на поўначы, усходзе і поўдні. Непасрэднага выхаду да мораў не мае.

12,3 % тэрыторыі Малдовы не кантралюецца ўладамі краіны, там знаходзіцца самаабвешчанае дзяржаўнае ўтварэнне — Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка.

Агульная характарыстыка краіны Гісторыя самастойнай Малдовы пачынаецца з XIV ст., калі на карце сярэднявечнай Еўропы паўстала Малдаўскае княства, што неўзабаве трапіла ў залежнасць ад Асманскай імперыі. У 1812 годзе ўсходняя частка княства — тое што сёння стала Малдовай — ўвайшла ў склад Расійскай імперыі пад назвай Бесарабія. Гістарычна, культурна і моўна Малдова цесна звязана з суседняй Румыніяй, у склад якой уваходзіла ў 1918—1940 гг. і падчас Вялікай Айчыннай вайны. У 1944—1991 была адной з 15 рэспублік СССР. У 1992 адбыўся ўзброены канфлікт у Прыднястроўі, у выніку якога рэгіён стаў дэ-факта самастойным.

Сённяшняя Малдова — найбольш адсталая і бедная краіна Еўропы. Гэта адзіная еўрапейская дзяржава, індэкс чалавечага развіцця якой ацэнены як «сярэдні» (2015). Эканоміка краіны носіць аграрны характкар, хаця ў выніку дэіндустрыялізацыі, што адбылася следам за распадам СССР, пераважае сфера паслуг. Моладзь актыўна мігрыруе ў Расію і краіны Еўрапейскага Саюза. Малдове належыць еўрапейскі турыстычны антырэкорд — краіну наведвае ўсяго каля 11 000 замежных турыстаў штогодhttp://www.travelersdigest.com/7402-ten-least-visited-countries-in-europe/2/ .

Этымалогія Назва «Малдова» паходзіць ад ракі Малдова; даліна гэтай ракі была палітычным цэнтрам у момант заснавання Малдаўскага княства ў 1359 годзе. Паходжанне назвы ракі застаецца невядомым. Храніст Дзімітр Кантэмір распавядае такую гісторыю: калі прынц Драга паляваў тура, яго знясілены пагоняю ганчак Молда патануў у рацэ, адсюль і назва. У складзе СССР краіна называлася «Малдавіяй», гэтая назва дасюль пераважае ў рускамоўнай літаратуры і публіцыстыцы.

Геаграфічнае становішча

Малдова знаходзіцца ва Усходняй Еўропе і не мае прамога выхаду да мора, што даволі тыпова для еўрапейскіх дзяржаў такіх памераў. Пры гэтым краіна геаграфічна належыць да прычарнаморскага рэгіёну. Рэкі Днестр (непасрэдна) і Прут (праз Дунай) звязваюць краіну з Чорным морам. У Малдовы ёсць невялічкі выхад непасрэдна да Дунаю (працягласць берагавой лініі — 600 м).

Малдова займае большую частку міжрэчча Днястра і Прута а таксама вузкую паласу левабярэжжа Днястра ў яго сярэднім і ніжнім цячэнні. На захадзе мяжуе з Румыніяй, усе 450 км мяжы праходзяць па рацэ Прут. На ўсход ад Малдовы ляжыць Украіна. Даволі значны паўночны адрэзак 940-кіламетровай мяжы з ёй прыходзіцца на Днестр. Тэрыторыя Малдовы на ўсход ад Днястра — непрызнанае Прыднястроўе, якое займае 12,3 % ад плошчы краіны.

Малдова ляжыць у другім часавым поясе.

Геаграфія

Малдова размешчана на крайнім паўднёвым захадзе Усходне-Еўрапейскай раўніны. Паверхня большай часткі Малдовы прадстаўляе сабой узгорыстую раўніну, раздзеленую рачнымі далінамі. Яе заходняя найвышэйшая частка вядомая пад назвай Кодры. На поўначы тэрыторыя ўздымаецца ў выглядзе вапняковай грады Толтры. Сярэдняя вышыня краіны над узроўнем мора — 147 м, максімальная — 429,5 м (гара Баланешты ў Кодрах). Паўднёва-ўсходняя Малдова — аднастайна плоская нізіна. Карысныя выкапні, на якія Малдова не вельмі багатая, прадстаўлены пераважна будаўнічымі матэрыяламі: вапнякі, гіпс, гліны, шкляны пясок, гравій; маюцца невялікія радовішчы нафты і газу. Пячора Эміл Ракавіцэ Клімат умерана кантынентальны. Зіма мяккая, кароткая, лета цёплае, працяглае. Сярэдняя тэмпература студзеня −4 °C, ліпеня 21 °C. Абсалютны мінімум −36 °C, максімум 42 °C. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў вагаецца ў межах 380—550 мм, памяншаючыся з поўначы на поўдзень, дзе адчуваецца дэфіцыт вільгаці. Асабліва нізкая забяспечаннасць ападкамі ў летні перыяд. Частыя засухі, якія шкодзяць сельскай гаспадарцы. Тым не менш, Малдова валодае выдатнымі агракліматычнымі рэсурсамі.

Буйнейшыя рэкі краіны — памежныя Прут і Днестр, што цякуць у глыбокіх далінах, на некаторых участках утвараючы каньёны. Большая частка краіны адносіцца да басейна Днястра, яго буйнейшыя правыя прытокі: Рэут, Ікель. Многія прытокі Днястра і Прута ў засушлівы летні перыяд перасыхаюць у нізоўях. Малдове належыць каля паўкіламетра берага Дуная з вёскай Джурджулешты — адзіным дунайскім портам краіны. Рака Ялпуг цячэ на поўдзень і ўпадае ў адзін з дунайскіх ліманаў.

Паўночная частка Малдовы належыць да лесастэпавай зоны, цэнтральная і паўднёвая — да стэпавай. Глебы пераважна чарназёмныя (75 %). Большая частка тэрыторыі Малдовы ўзараная. Карэнная стэпавая расліннасць захавалася толькі на невялікіх участках. Лясы займаюць 6 % тэрыторыі, захаваліся яны пераважна ў Кодрах. Лясное покрыва схілаў прадстаўленае пераважна грабамі і дубамі. Сустракаюцца таксама спадарожныя пароды — ліпа, ясень, клён, бук, рабіна, дзікая груша, дзікая чарэшня, кізіл.

У Малдове створана некалькі прыродных запаведнікаў: Кодры, Плаюл Фагулуй, Ягорлык; і нацыянальны парк Архей

Прыродныя раёны: Паўночна-малдаўскі лесастэпавы, Цэнтральна-малдаўскі лясны (Кодры), Паўднёва-малдаўскі стэпавы.

Гісторыя

Першыя сляды чалавека на малдаўскай зямлі надзіва старажытныя. Менавіта тут знойдзена першае ў Еўропе каменнае збудаванне — «каменная выкладка» ў поймавых адкладах палеа-Днястра ўзростам каля 1 млн гадоў. Такога ж узросту і стаянка Байракі на месцы сучаснага горада Дубасары. На мяжы 5-4 тыс. да н.э. тут узнікла і развівалая на працягу 2000 гадоў Трыпольская культура. У гэты час адбыўся пераход да аселага земляробчага ладу жыцця.

Да XIV стагоддзя тэрыторыя сучаснай Малдовы была часткай уладанняў розных племянных саюзаў (гета-дакі, готы, анты) і дзяржаўных утварэнняў (Русь, Галіцкае княства, Залатая Арда). Гісторыя самастойнай Малдовы пачынаецца з XIV ст., калі на карце сярэднявечнай Еўропы паўстала Малдаўскае княства. У 1340-х да Днястра пашырылася Венгрыя і стварыла тут сваю марку, што кіравалася намеснікамі. Адзін з намеснікаў, Багдан, пасварыўся з венгерскім каралём і ў 1359 абвясціў самастойнасць Малдаўскага княства. Праз 6 гадоў Венгрыя прызнае княства. Да таго часу адносяцца беспаспяховыя спробы насадзіць на гэтых землях каталіцтва. У другой палове XV ст. пры Стэфане ІІІ Вялікім княства дасягае свай росквіту і максімальнага тэрытарыяльнага пашырэння і тады ж адзінае ў Еўропе паспяхова змагаецца з магутнай Асманскай імперыяй. Пасля смерці гаспадара Стэфана ў 1504 годзе княства вельмі хутка трапляе ў залежнасць ад туркаў.

У канцы XVIII стагоддзя Расійская імперыя ў выніку руска-турэцкай вайны анексавала левабярэжжа Днястра, у 1812 — Бесарабію, тэрыторыяю, якая і стала асновай для будучай Малдовы. У 1856 пасля паразы ў Крымскай вайне Расія вымушана была перадаць Малдове паўднёвую Бесарабію (праз тры гады яны разам ўвайшлі ў склад нованароджанай Румыніі), але ў 1878 паводле Берлінскага міру паўднёвая Бесарабія была вернута ў склад Расійскай імперыі.

У 1917 годзе ў Бесарабіі была абвешчана Малдаўская Дэмакратычная Рэспубліка. У 1918 яна дабраахвотна ўвайшла ў склад Румыніі. З такім развіццём падзей не згадзіўся Савецкі Саюз і ў 1924 годзе на тэрыторыі Украінскай ССР, на левым беразе Днястра ў раёнах са значнай доляй малдаўскага насельніцтва была створана Малдаўская АССР. У 1940 годзе ў выніку падпісання Пакта Молатава-Рыбентропа Румынія была вымушана саступіць Бесарабію СССР. На большай частцы Бесарабіі разам з заходняй паласой Малдаўскай АССР была ўтворана Малдаўская ССР. Падчас Вялікай Айчыннай вайны Малдова была акупавана ў 1941—1944 гадах нямецкімі і румынскімі войскамі. Румынскай адміністрацыяй тут было створана Губернатарства Бесарабія. У канцэнтрацыйных лагерах на малдаўскай зямлі загінула каля 120 тыс. чалавек, у тым ліку 90 тыс. яўрэяў. 24 жніўня 1944, у выніку Яска-Кішынёўскай аперацыі, тэрыторыя Бесарабіі была зноў занята савецкімі войскамі.

Пасля калектывізацыі і дэпартацыі ў Сібір і Казахстан «небяспечных элементаў» грамадства (кулакоў, калабарацыяністаў), Малдова была адбудавана пры дапамозе саюзных рэспублік, разгорнутыя пры гэтым русіфікацыя і ўкараненне нетутэйшай партыйных вярхоў, у адрозненне ад іншых заходніх рэспублік, ішлі вельмі спакойна.

27 жніўня 1991 абвешчана незалежнасць Рэспублікі Малдова, тады ж была зацверджана афіцыйная назва. У 1992 напружаная палітычная сітуацыя ў зоне Прыднястроўя, якое з 1990 г. увяло рэжым самакіравання, перарасла ва ўзброены канфлікт. Хаця ахвяр і не ўдалося пазбегнуць, баявыя дзеянні былі спынены дзякуючы ўмяшальніцтву Расіі. У выніку сутыкненняў рэгіён на ўсход ад Днястра здолеў абараніць самастойнасць.

Дзяржаўны лад і палітыка

Дзяржаўны лад Малдовы – парламенцкая рэспубліка з прэзідэнтам на чале дзяржавы.

Прэзідэнт

Кіраўнік дзяржавы – прэзідэнт, які таксама ёсць галоўнакамандуючым узброенымі сіламі. Абіраецца на аснове ўсеагульнага, роўнага і прамога выбарчага права тайным галасаваннем тэрмінам на 4 гады (з правам аднаразовага паўторнага перавыбрання).

Парламент

Заканадаўчы орган — аднапалатны парламент, 101 член якога абіраюцца раз у 4 гады па партыйных спісах. Парламент можа ўносіць змены ў Канстытуцыю большасцю ў дзве траціны галасоў, за выключэннем выпадкаў вайны і нацыянальных надзвычайных сітуацый.

Урад Урад – вышэйшы орган выканаўчай улады, які забяспечвае правядзенне ўнутранай і знешняй палітыкі рэспублікі, ажыццяўляе агульнае кіраўніцтва органамі публічнай улады.

Адміністрацыйны падзел

Малдова – гэта унітарная дзяржава, якая падзяляецца на 32 раёны і 13 муніцыпій. Таксама ў краіне маюцца два аўтаномныя рэгіёны: Гагаузія і Прыднястроўе.

Дэ-факта, тэрыторыя Прыднястроўя ўладамі краіны не кантралюецца, рэінтэграцыя рэгіёна ў склад Малдовы – адна з найважнейшых мэтаў дзяржаўнай палітыкі.

Знешняя палітыка

Рэспубліка імкнецца выйсці з Садружнасці Незалежных ДзяржаўМолдавия запустила процедуру выхода из СНГ і ўступіць у Еўрапейскі Саюз.

Насельніцта

Розніца ў амаль што паўмільёна чалавек паміж колькасцю насельніцтва паводле перапісу (2,998 млн) і паводле цякучага ўліку (3,45) тлумачыцца тым, што перапіс насельніцтва ўлічвае таксама членаў сямей, што часова знаходзяцца за мяжой. Перапіс і цякучы ўлік не закранаюць тэрыторыі самаабвешчанай Прыднястроўскай Рэспублікі, дзе пражывае каля паўмільёна чалавек.

Ужо трэцяе дзесяцігоддзе насельніцтва Малдовы, як і ў астатніх постсавеціх краінах Усходняй Еўропы, змяншаецца хуткімі тэмпамі. Перапіс 2014 налічыў жыхароў Малдовы на 11,3 % менш за папярэдні, 2004 года. У 1991 у Малдаўскай ССР жыло каля 4,36 млн чалавек, сёння, наяўнае насельніцтва Малдовы і Прыднястроўе складзенае разам не дацягвае і 3,5 млн. Асноўная прычына дэпапуляцыі — вялікі міграцыйны адток насельніцтва: у 2017 годзе натуральнае змяншэнне склала −1 чалавек на 1000, міграцыйнае — −9 чалавек на 1000.https://www.cia.gov/library/publications/resources/the-world-factbook/geos/md.html З’язджаюць кваліфікаваныя кадры, у першую чаргу, моладзь: складаная эканамічная сітуацыя ў краіне не дазваляе яе жыхарам знайсці працу. Малдаўская Служба інфармацыі і бяспекі падлічыла, што 600 тысяч да аднаго мільёна малдаўскіх грамадзян (амаль 25 % насельніцтва) працуюць за мяжой.https://web.archive.org/web/20110514225142/http://www.outreachworld.org/Files/u_texas/Decision-Activity_Russia.pdf