Ада́м Віке́нцьевіч Станке́віч (, в. , Ашмянскі павет, цяпер — , Тайшэцкі раён, Іркуцкай вобласці) — беларускі грамадска-палітычны дзеяч, выдавец, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, каталіцкі святар.
Біяграфічны нарыс
Вучыўся ў Ашмянскім гарадскім вучылішчы, скончыў духоўную семінарыю ў Вільні (1914), рымска-каталіцкую духоўную акадэмію ў Петраградзе (1918). Пасвячоны ў святары ў 1914 г. Падчас вучобы ў Петраградзе старшыня беларускага гуртка, супрацоўнічаў з беларускім газетамі «Светач», «Дзянніца», «Гоман». Адзін з заснавальнікаў і лідараў Хрысціянскай дэмакратычнай злучнасці (гл. Беларуская хрысціянская дэмакратыя, 1917). Адзін з ініцыятараў правядзення і ўдзельнік з’езда беларускага каталіцкага духавенства (24—25 мая 1917) у Мінску, дзе выступіў з рэфератам пра беларускі рух і яго адносіны да царквы на Беларусі. У 1917 годзе адным з першых перайшоў да казанняў на беларускай мове пры правядзенні набажэнстваў у Дзісенскім, Браслаўскім паветах, Драгічыне, за што падвяргаўся ганенням з боку польскіх царкоўных улад. Атрымаў навуковую ступень кандыдата (паводле некаторых звестак — доктара) кананічнага права ў 1918 годзе.
З 1919 года выкладаў рэлігію ў Віленскай беларускай гімназіі. У жніўні 1919 — верасні 1922 г. рэдактар-выдавец газеты «Крыніца». Уваходзіў у камітэт Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. З'яўляўся членам Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 1922—1928 гг. пасол (дэпутат) польскага сейма (ад Блока нацыянальных меншасцей), намеснік старшыні Беларускага пасольскага клуба (да яго расколу ў 1925 г.); адстойваў нацыянальныя, сацыяльныя і рэлігійныя правы заходне-беларускага насельніцтва. За дабрачынную дзейнасць яго называлі «вялікім філантропам».
Пражываў у Вільні ў доме па вуліцы Полацкай, 9 (Polocko g. 9).
Адзін з кіраўнікоў Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. У 1924—1926 гг. узначальваў Таварыства беларускай школы (ТБШ), быў старшынёй і фактычным кіраўніком Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры (БІГіК). У 1928—1939 гг. рэдактар і выдавец часопіса «Хрысціянская думка». Адзін з заснавальнікаў у Вільні беларускай друкарні імя Ф. Скарыны (1926—1940), у якой выдадзена не менш за 146 назваў беларускіх рэлігійных і свецкіх кніг, Беларускага каталіцкага выдавецтва. На IV з’ездзе БХД (снежань 1931 г.) абраны членам ЦК партыі. Адстойваў асновы дэмакратычнага ладу, выступаў за эвалюцыйны шлях развіцця грамадства, легальныя формы барацьбы, адмоўна ставіўся да сацыялістычнай рэвалюцыі.
Як прыхільнік незалежніцкіх поглядаў, прытрымліваўся тэорыі самабытнасці развіцця беларускай нацыі і абуджаў нацыянальную свядомасць беларусаў на аснове хрысціянскай этыкі і дэмакратычных прынцыпаў. Разам з ксяндзом Вінцэнтам Гадлеўскім ён прадстаўляў хрысціянска-дэмакратычнае крыло беларускага руху, знаходзячыся ў жорсткай апазіцыі да прасавецкіх і левых фракцый. Выступаў супраць сацыяльна-класавага падыходу ў дзейнасці Кампартыі Заходняй Беларусі (КПЗБ), рэвалюцыйнага характару праграмы Беларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ), згодніцтва паланафільскіх груповак. Адначасова польская палітычная паліцыя ў 1920-х гадах з падазрэннем ставілася да яго дзейнасці: паводле даносаў (у прыватнасці ад В. Адамовіча ў ліпені 1923 года), Станкевіч на мітынгу ў Празароках адкрыта заяўляў, што хутка ў Беларусі будзе абвешчана аўтаномія, Усходняя і Заходняя Беларусь аб'яднаюцца, а землі памешчыкаў будуць канфіскаваныя. Менавіта пасля настойлівых угавораў Станкевіча ў канцы 1923 года Радаслаў Астроўскі пагадзіўся ўзначаліць Віленскую беларускую гімназію.
У 1933 годзе звольнены з Віленскай беларускай гімназіі, працаваў у гандлёвай школе імя С. Сташыца ў Вільні. Як прыхільнік беларусізацыі каталіцкай царквы, вёў богаслужэнні на беларускай мове ў касцёле Св. Мікалая ў Вільні. У 1938 годзе высланы польскай адміністрацыяй на 5 гадоў у Слонім.
Пасля пачатку Другой сусветнай вайны восенню 1939 г. вярнуўся ў Вільню. Пасля перадачы Вільні і Віленшчыны Літве Станкевіч разам з Адольфам Клімовічам аднымі з першых накіраваліся ў Каўнас на сустрэчу з прэзідэнтам Літвы А. Смятонам. Вынікам стаў дазвол на аднаўленне выдання газеты «Крыніца», якая друкавалася ў друкарні імя Ф. Скарыны ў крэдыт пад гарантыі Станкевіча. У лістападзе 1939 года Станкевіч стаў старшынёй арганізацыі «Беларускі цэнтр у Літве», кіраўніцтва якой у снежні перамясцілася ў Вільню. У новых палітычных умовах ён фактычна стаў бясспрэчным лідарам усяго беларускага руху ў Літве. Цэнтр арганізоўваў курсы літоўскай мовы, дапамагаў беспрацоўным, а ў студзені 1940 года ўрачыста адзначыў 25-гадовы юбілей святарскай дзейнасці Станкевіча, што суправаджалася выданнем юбілейнай кнігі пад рэдакцыяй Я. Шутовіча. Акрамя таго, пасля таго, як каля 80% вучняў і настаўнікаў Віленскай гімназіі з'ехалі ў БССР, установа была паніжана ў статусе да прагімназіі. Станкевіч быў прызначаны яе новым дырэктарам і выконваў усе адміністрацыйныя функцыі ва ўмовах вострага недахопу кадраў і сродкаў.
У гады нацысцкай акупацыі абмяжоўваўся рэлігійнай працай у касцёле Св. Міхала, дапамагаў ратаваць ад рабавання экспанаты Віленскага беларускага музея. Выдаў «Вучнёўскі малітаўнічак» («Vučysia I malisia», 1944) і «Патрэбнейшыя выняткі з Рытуалу».
7 снежня 1944 быў арыштаваны савецкімі органамі НКУС (неўзабаве адпушчаны). 13 красавіка 1949 арыштаваны другі раз, абвінавачаны ў антысавецкай дзейнасці. 31 жніўня 1949 года Асобай нарадай пры МДБ СССР асуджаны на 25 гадоў пазбаўлення волі. Зняволенне адбываў у віленскай турме Лукішкі, потым у Азярлагу (Тайшэт, Іркуцкая вобласць), дзе памёр.
Смерць і пахаванне Віктар Сікора, які пахаваў кс. Адама Станкевіча, пакінуў успаміны пра тыя падзеі:
Адам Станкевіч пахаваны 10 снежня 1949 года на могілках Азярлага каля вёскі Шаўчэнкі Тайшэцкага раёнаМаракоў Л. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія i культурныя дзеячы Беларусі. 1794—1991. Том II.
Навуковая і асветніцкая дзейнасць Першыя артыкулы Адама Станкевіча апублікаваны ў газеце «Наша ніва» ў 1913 г. Аўтар літаратурных партрэтаў дзеячаў айчыннай гісторыі і культуры, кніг і брашур з распрацоўкай нацыянальнай гістарыяграфічнай канцэпцыі. Традыцыю дзяржаўнасці Беларусі вёў ад Полацкага, Смаленскага, Турава-Пінскага княстваў і ВКЛ. Адмаўляў палажэнне пра гвалтоўнае далучэнне заходне-рускіх зямель да ВКЛ. Высока цаніў гуманістычную скіраванасць, дэмакратычны характар дзейнасці Ф. Скарыны («Доктар Францішак Скарына — першы друкар беларускі (1525—1925)» (1925). Пытанні гісторыі беларускага народа разглядаў у працах «Вітаўт Вялікі і беларусы» (1930), «Кастусь Каліноўскі: „Мужыцкая праўда“ і ідэя незалежнасці Беларусі» (1933), «Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення» (1934), нацыянальнай асветы — у працы «Беларуская мова ў школах Беларусі XVI і XVII ст.» (1928), беларускага нацыянальнага адраджэння ў ХІХ — 1-й пал. ХХ ст. — «Беларускі хрысціянскі рух» (1939) гісторыю хрысціянства і хрысціянска-дэмакратычнага руху на Беларусі — «Хрысціянства і беларускі народ: (Спроба сінтэзы)» (1940). Перакладаў з лацінскай, літоўскай і іншых моў. Аўтар падручніка па айчыннай гісторыі для пачатковай школы. У 1944 годзе пачаў пісаць кнігу «Гісторыя Беларусі (сістэматычны нарыс)», дзе сцвярджаў, што гісторыя беларускага народа — гэта рэалізацыя яго нацыянальнай ідэі, рух да «гарманічнай нацыянальнай цэласнасці». 3 запланаваных 5 частак да арышту напісаў толькі 2. Асабістыя архіўныя матэрыялы Адама Станкевіча захоўваюцца ў Цэнтральнай навуковай бібліятэцы Нацыянальнай АН Беларусі.
Памяць Мемарыяльная дошка ў гонар Адама Станкевіча ўстаноўлена на будынку Віленскай беларускай гімназіі.
Творы Кнігі На лацініцы Doktar Francišak Skaryna — pieršy drukar biełaruski (1525—1925) / Ad. Stankiewič. — Wilnia: «Krynica», 1925. — 59, s. Rodnaja mowa u światyniach. — Wilnia: Adbitka z «Chryścijanskaj Dumki», 1929. — 192 s. Vučysia i malisia. Malitaŭničak vučnia katalika Vilenskaj Bełaruskaj Himnazii I Vilenskaj Vučycielskaj Seminaryi. Vilnia, 1944. – 96 s.
На кірыліцы Вітаўт Вялікі і беларусы: Рэферат, чытанны на урачыстай акадэміі ў Вiльнi ў салi «Apollo» 27 кастрычніка 1930 г., у дзень 500-лецця смерцi Вiтаўта, Вялiкага князя Лiтоўска-Беларускага / А. Станкевіч. — Вільня: Выданьне Беларускага нацыянальнага камітэта, 1930. — 31 с., л. партр. З Богам да Беларусі. Збор твораў / Укл., навуковая рэдактура, камэнт., прадм. Алесь Пашкевіч, Андрэй Вашкевіч. — Вільня: İнстытут беларусістыкі, 2008. — 1098 с.
Артыкулы Беларусы як нацыянальная меншасць у Польшчы // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 2. — С.; Вітаўт Вялікі і беларусы // Спадчына. — 1990. — № 4. — С.; Доктар Франціш Скарына і яго культурная праца: З нагоды 450-годдзя яго нараджэння // Калоссе. — 1936. — Кн. 2. — С. 99 — 100. Прафесар Браніслаў Эпімах-Шыпіла: з яго жыцця і працы // Спадчына. — 1989. — № 2. — С.; Расказы з гісторыі Беларусі для школы і народу // Хрысціянская думка. — 1993. — № 1—3; Родная мова ў святынях // Спадчына. — 1992. — № 1. — С.; Хрысціянства і беларускі народ: Спроба сінтэзы // Хрысціянская думка. — 1992. — № 1. — С.; У кн.: Беларуская думка XX ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). — Варшава, 1998;
Крыніцы
Літаратура
Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і бел. нац. дзейнасці (10.1.1915 — 10.1.1940). — Вільня, 1940. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст. — Мн.; Мюнхен, 1999. — С. 183—184, 403—409. Конан У. Адам Станкевіч і беларускае каталіцкае адраджэнне // Роля асобы ў жыцці і дзейнасці хрысціянскіх цэркваў Беларусі ў XX ст. Мн., 2000; Войцік Г., Луцкевіч Л. Адам Cтанкевiч. Сэрыя «Партрэты Віленчукоў». — Вільня: Выдавецтва беларусаў Літвы «Рунь», 2002. Сідарэвіч А. 3 Айчынай і Богам у сэрцы: Адам Станкевіч, 1891—1949 // Вяртання маўклівая споведзь: Постаці творцаў бел. гісторыі ў кантэксце часу. — Мн., 1994; Вабішчэвіч А. М. «…беларусы…маюць законы толькі на паперы…» // Беларускі гістарычны часопіс. — 1995. — № 2; Багдановіч І. Ксёндз Адам Станкевіч — знаны і нязнаны// Наша вера (Мінск). — 2012. — № 1 (59). Цехановіч З. Спадчына Адама Станкевіча// Наша вера (Мінск). — 2009. — № 4 (50). Vytautas Žeimantas. Adomas Stankevičius — kunigas, rašytojas, baltarusių atgimimo veikėjas // XXI amžius, 2009 lapk. 13, 8-9 pusl. (на літоўск.) Вабішчэвіч, А. М. Гісторыя культуры Беларусі: вучэб.-метад. комплекс // А. М. Вабішчэвіч; Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт імя А. С. Пушкіна. — Брэст: БрДУ, 2016. - С. 126—127. — 194 с. — 100 экз. — ІSВN 978-985-555-517-0.
Спасылкі
Адам Станкевіч. Шлях да Беларусі — шлях да Бога Рукапісы не гараць. Адам Станкевіч// TUT.BY, 6 студзеня 2012 АДАМ СТАНКЕВІЧ. Лявон Луцкевіч, Галіна Войцік , у тым ліку ў PDF-фармаце Адам Станкевіч — лідар беларускага каталіцкага адраджэння АДАМ СТАНКЕВІЧ. біяграфічны нарыс Уладзіміра Арлова Імёны Свабоды: Адам Станкевіч «Ворагі Савецкага Саюза ніколі не былі маімі сябрамі…»: палітычная і грамадская аўтабіяграфія
Катэгорыя:Гісторыкі Беларусі Катэгорыя:Публіцысты Беларусі Катэгорыя:Публіцысты паводле алфавіта Катэгорыя:Літаратуразнаўцы Беларусі Катэгорыя:Грамадскія дзеячы Беларусі Катэгорыя:Члены Беларускага пасольскага клуба Катэгорыя:Рэпрэсаваныя савецкай уладай Катэгорыя:Зняволеныя Лукішскай турмы Катэгорыя:Памерлі ў ГУЛАГу Катэгорыя:Постаці беларускага каталіцтва Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ашмянскім павеце (Расійская імперыя)