Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ефрасінні Полацкай (ПДУ) — беларуская дзяржаўная вышэйшая навучальная ўстанова са статусам універсітэта і з кампусамі ў Наваполацку і Полацку. Названы ў гонар Святой Ефрасінні, полацкай князёўны і асветніцы, першай святой на беларускіх землях.

Член Рэспубліканскага саюза будаўнікоў.

Гісторыя Вытокі Вышэйшая адукацыя ў Полацку мае даўнія традыцыі. У 1581 годзе каралём Рэчы Паспалітай Стэфанам Баторыем у Полацку быў заснаваны езуіцкі калегіум.

12 студзеня 1812 года ўказам расійскага імператара Аляксандра I калегіум быў ператвораны ў Полацкую езуіцкую акадэмію з правамі ўніверсітэтаШалькевіч В. Полацкая езуіцкая акадэмія. // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі : У 6 т. — Т. 5. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш. — Мн. : БелЭн, 1999. — С. 531. — ISBN 985-11-0141-9 (белор.).

Акадэмія дзейнічала на працягу 1812—1820 гадоў і з’яўлялася першай вышэйшай навучальнай установай на тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь.

Політэхнічны інстытут 14 ліпеня 1968 года быў створаны Наваполацкі філіял Беларускага політэхнічнага інстытута. 10 лютага 1969 года было вырашана перадаць Наваполацкі філіял БПІ Беларускаму тэхналагічнаму інстытуту. У 1972/1973 навучальным годзе на дзённым аддзяленні НФБТІ вучыўся 801, а на вячэрнім — 483 студэнты. У 1973 годзе ў ВНУ адбыўся першы выпуск маладых спецыялістаў.

1 студзеня 1974 года НФБТІ быў ператвораны ў самастойны Наваполацкі політэхнічны інстытут (НПІ), які стаў другім політэхнічным інстытутам у Беларускай ССР. Рэктарам НПІ быў прызначаны былы дырэктар Наваполацкага філіяла — Эрнст Міхайлавіч Бабенка. Пры магутнай падтрымцы рэспубліканскай і мясцовай улады, галоўным чынам за кошт галіновых міністэрстваў СССР, закладвалася грунтоўная матэрыяльна-тэхнічная база НПІ. Актыўна будаваліся вучэбна-лабараторныя карпусы, кватэры для выкладчыкаў, інтэрнаты для студэнтаў. У маладую ВНУ былі запрошаны цэлыя навуковыя школы з многіх навуковых і прамысловых цэнтраў Савецкага Саюза: Чалябінска, Валгаграда, Саратава, Калінінграда, Растова. Таленавітыя выкладчыкі — прафесары С. І. Лугоўскі, А. М. Левін і А. І. Сямёнаў, дацэнты Ю. П. Ашчэпкаў, Б. П. Чэмісаў і іншыя — забяспечылі не толькі паспяховую навуковую дзейнасць, але таксама заклалі базу навуковых кірункаў кафедраў. Былі заключаны буйныя гаспадарчыя пагадненні з прадпрыемствамі па распрацоўцы новых тэхналогій павышэння трываласці дэталяў хімічнага абсталявання, разнастайных машын і апаратаў, стварэнню сістэм вентыляцыі і водаачысткі, выкарыстанню новых будаўнічых матэрыялаў і канструкцый. У 1976 годзе была створана кафедра геадэзіі, і адбыўся першы набор на спецыяльнасць «Прыкладная геадэзія». У выніку паспяховага развіцця гэтага напрамку ў 1979 годзе ў НПІ быў адкрыты першы і доўгі час адзіны ў Беларусі геадэзічны факультэт. У 1982 г. у склад НПІ уваходзіла 6 факультэтаў (санітарна-тэхнічны, будаўнічы, тэхналагічны, машынабудаўнічы, геадэзічны і вячэрні), 23 кафедры і навукова-даследчы сектар. З 1985 года ў інстытуце сталі навучацца замежныя студэнты.

Ужо ў першыя гады існавання ВНУ у ёй зараджаецца будатрадаўскі рух. Неўзабаве наваполацкія будатрады зарэкамендавалі сябя з самага лепшага боку як у рэспубліцы, так і за яе межамі. У 1980 годзе Пастановай Савета Міністраў Беларускай ССР Наваполацкаму політэхнічнаму інстытуту было прысвоена імя Ленінскага камуністычнага Саюза моладзі Беларусі. Складаныя працэсы, якія адбываліся ў СССР, а пасля яго распаду — у Беларусі — у канцы 1980-х — пачатку 1990-х гг. выклікалі значныя змены ў НПІ. У 1989 г. быў створаны радыётэхнічны факультэт, а ў 1992 г. — фінансава-эканамічны і на базе машынабудаўнічага — асобны факультэт па перападрыхтоўцы спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, з часам пераўтвораны ў Інстытут павышэння кваліфікацыі пры НПІ.

Пераўтварэнне ў класічны ўніверсітэт З’яўленне першых гуманітарных спецыяльнасцяў, а галоўнае — патрэба ў высокакваліфікаваных кадрах для эканомікі рэгіёна і краіны ў цэлым паставілі пытанне аб неабходнасці істотнай перабудовы работы ВНУ. Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 618 ад 14 верасня 1993 года Наваполацкі політэхнічны інстытут быў пераўтвораны ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.Пастанова № 618 Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 верасня 1993 г. «Аб пераўтварэнні Наваполацкага політэхнічнага інстытута ў Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт» У сувязі з гэтым адбыліся значныя змены ў структуры навучальнай установы. На шляху ператварэння ПДУ у еўрапейскі ўніверсітэт класічнага тыпу былі створаны гісторыка-філалігічны (1993) і юрыдычны факультэты (1997), адкрыты новыя спецыяльнасці ў аспірантуры і створаны тры спецыялізаваныя саветы па абароне дысертацый.

У пачатку 1990-х гг. кіраўніцтва НПІ, улады горада Полацка, дзеячы навукі і культуры Беларусі і Полаччыны сталі ўздымаць пытанне аб перадачы інстытуту комплекса будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума, дзе ў той час размяшчаўся ваенны шпіталь. Атрыманне ВНУ статуса ўніверсітэта спрыяла пачатку станоўчага вырашэння гэтага пытання. 18 кастрычніка 1993 г. у Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь «Аб мерах па далейшаму развіццю Полацка і захаванню яго культурна-гістарычнай спадчыны» Віцебскаму абласному выканаўчаму камітэту было дадзена даручэнне сумесна з Беларускай ваеннай акругай разгледзець пытанне аб вызваленні будынкаў былога Полацкага езуіцкага калегіума для перадачы яго гісторыка-філалагічнаму факультэту ПДУ. Тым не менш рэалізацыя пастановы сутыкнулася са шматлікімі перашкодамі і была адкладзена на няпэўны тэрмінПолоцкий государственный университет (с 1993) .

ПДУ на сучасным этапе Штуршок далейшаму развіццю ПДУ дало наведванне ВНУ ў 2001 годзе Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнка. Згодна з пратаколам даручэнняў Кіраўніка дзяржавы ад 1 верасня 2001 года Міністэрства абароны перадала ўніверсітэту комплекс будынкаў езуіцкага калегіума. У лютым 2003 года адбылася ўрачыстая перадача гістарычных будынкаў. Такім чынам, выкладчыкі і студэнты ПДУ сталі гаспадарамі аднаго з старэйшых універсітэцкіх гарадкоў на постсавецкай прасторы і найстарэйшага — у Беларусі. На сённяшні дзень на полацкай пляцоўцы ВНУ размяшчаюцца гуманітарны факультэт (з 2005 г.) і факультэт інфармацыйных тэхналогій (з 2008 г.)Полацкі дзяржаўны універсітэт: вытокі, гісторыя станаўлення і дзейнасць (да 40-годдзя заснавання). — Наваполацк: ПДУ, 2008. — С. 37—38..

З 2016 года юрыдычны факультэт і кафедра фізвыхавання і спорту гуманітарнага факультэта валодае ўласным кампусам у пасёлку Міжрэчча. На гэтай жа базе дзейнічае Рэгіянальны вучэбна-навукова-практычны Юрыдычны цэнтрРегиональный учебно-научно-практический Юридический центр . У кастрычніку 2017 года ўніверсітэт сумесна з Наваполацкім гарадскім выканаўчым камітэтам і ТАА «Нафтан» з’яўляецца актыўным удзельнікам інавацыйна-прамысловага Наваполацкага нафтахімічнага кластара, стварэнне якога скіравана на ўмацаванне сувязі паміж адукацыяй, навукай і вытворчасцю і спрыянне далейшаму развіццю нафтахімічнай галіны, а таксама іншай навукаёмістай і высокатэхналагічнай вытворчасціПГУ вступил в состав инновационно-промышленного нефтехимического кластера .

У ходзе рэарганізацыі вучэбных падраздзяленняў універсітэта ў 2017 годзе былі аб’яднаныя спартыўна-педагагічны і гісторыка-філалагічны факультэты, а таксама інжынерна-тэхналагічны факультэт і факультэт машынабудавання і аўтамабільнага транспарту. У выніку былі ўтвараны гуманітарны і механіка-тэхналагічны факультэты адпаведна. Па стане на май 2018 года ПДУ аб’ядноўвае 9 факультэтаў, у тым ліку па рабоце з замежнымі студэнтамі і давузаўскай падрыхтоўцы, і 27 кафедраў. Універсітэт прапаноўвае 83 праграмы бакалаўрыяту, магістратуры і аспірантуры тэхнічнага, фінансава-эканамічнага, гуманітарнага і педагагічнага профіля, а таксама 18 праграм дактарантуры. У 2017—2018 вучэбным годзе ў ВНУ налічвалася каля 10 000 студэнтаў дзённай, завочнай і дыстанцыйнай формаў навучання, сярод якіх замежныя грамадзяне з 24 дзяржаў блізкага і далёкага замежжа. У ПДУ працуе каля 440 выкладчыкаў, 39 % з якіх маюць навуковыя ступеніОбщеуниверситетское собрание — 2017 . Пры ўніверсітэце працуюць Цэнтр вывучэння замежных моў «Uiniversum» , Цэнтр дашкольнага дзяцінства і інавацыйных тэхналогій развіцця «УНІВЕРык» , аўташкола .

У ВНУ выдаецца «Вестник Полоцкого государственного университета»Журнал «Вестник ПГУ» , які уваходзіць у «Спіс навуковых выданняў Рэспублікі Беларусь для апублікавання вынікаў дысертацыйных даследаванняў»Перечень научных изданий Республики Беларусь для опубликования результатов диссертационных исследований , а таксама зборнік «Труды молодых специалистов Полоцкого государственного университета». Універсітэт з’яўляецца базай для правядзення цэлага шэрагу традыцыйных міжнародных навуковых форумаў, напрыклад, канферэнцыі «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысціплінарных даследаваннняў»IV Міжнародная навуковая канферэнцыя «Беларускае Падзвінне: вопыт, методыка і вынікі палявых і міждысцыплінарных даследаванняў» .

Іншагароднія і замежныя студэнты, а таксама ўсе аспіранты і магістранты забяспечваюцца месцамі ў адным з шасці інтэрнатаўОбщежития УО «ПГУ». Ва ўніверсітэце працуюць Народны студэнцкі тэатр «Арт» , клуб інтэлектуальных гульняў «Рубон» , студыя спеваў «Настроение» , фальклорны гурт «Варган» , студэнцкая відэастудыя «Канспект», студыя сучаснага танца «TORYDANCE» , студыя выяўленчага мастацтва «Образ» . Выходзіць студэнцкі бюлетэнь «Настежь» і альманах «Литературный ОбъектИФФ». Турыстычныя паслугі ажыццяўляе Турыстычны цэнтр ПДУ. Штогод у маі ладзіцца Урачыстая цырымонія ўручэння спецыяльнага прыза «Крыніца ведаў», прымеркаваная да Дня ўніверсітэтаПГУ — 50! Церемония вручения специальной премии «Крыніца ведаў-2018» .

13 ліпеня 2022 года ўніверсітэту было прысвоена імя Ефрасінні Полацкай.

Рэпрэсіі У межах распачатага пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года тэрору супраць любой нелаяльнасці да рэжыму Лукашэнкі 23 мая 2023 года ў Полацкім дзяржаўным універсітэце адбылася маштабная аблава, у выніку якой затрымалі вядучую выкладчыцу кафедры сусветнай літаратуры і замежных моваў Алену Храмцову, дацэнта кафедры гісторыі і турызму Віктара Чараўко, былую загадчыцу кафедры архітэктуры Галіну Захаркіну, выкладчыка кафедры гісторыі і турызму Сяргея Глазырына, супрацоўніцу рэпазіторыя Лідзію Зуеву. Амаль усе атрымалі 10-15 сутак арышту, Захаркіна — штраф77-гадовую Галіну Захаркіну аштрафавалі на 2 960 рублёў // Вясна / Правы чалавека ў БеларусіНаваполацкую выкладчыцу Алену Храмцову арыштавалі на 10 сутак // Вясна / Правы чалавека ў Беларусі. Таксама з універсітэта былі звольнены прафесар кафедры гісторыі і турызму Уладзімір Лобач, дацэнты кафедры сацыяльнай камунікацыі Ігар Бортнік і Віктар Якубаў і іншыя выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.

Сімвалы ўніверсітэта Універсітэт мае афіцыйныя сімвалы: сцяг, эмблему і гімн. Аўтарам слоў гімна Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта з’яўляецца Генадзь Бураўкін.

Факультэты Факультэт камп’ютарных навук і электронікі Інжынерна-будаўнічы факультэт Гуманітарны факультэт Механіка-тэхналагічны факультэт Фінансава-эканамічны факультэт Факультэт інфармацыйных тэхналогій Юрыдычны факультэт

Рэктары

Эрнст Міхайлавіч Бабенка (1974—1976) Пётр Іванавіч Швед (1976—1986) Эрнст Міхайлавіч Бабенка (1987—2003) Дзмітрый Мікалаевіч Лазоўскі (2003—2021) Алег Аляксандравіч Раманаў (2021—2022) Юрый Яцэнтавіч Раманоўскі (з 1 жніўня 2022)Лукашэнка рэктару Полацкага дзяржуніверсітэта: будзьце сапраўдным беларусам і гэтак жа выхоўвайце моладзь

Літаратура

Крыніцы

Спасылкі Афіцыйны сайт ПДУ. Галава, якая размаўляла // Газета «Звязда»

Катэгорыя:Універсітэты Беларусі Катэгорыя:Адукацыя ў Полацку

Катэгорыя:З’явіліся ў 1968 годзе