Д, д — пятая літара беларускага алфавіта.
Гісторыя Паходзіць з кірыліцкай Д («дабро»), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Δ («дэльта»). У старабеларускую графіку перайшла са старажытнарускага пісьменства. Абазначала зычныя гукі [д], [дз’], пры аглушэнні — [т], [ц’] (дань — [дан’], дедъ — [дз’эт], медь — [м’эц’]); зрэдку ўжывалася ў складзе дыграфа дз (людзи — [л’удз’і]), што з’яўлялася парушэннем тагачасных правапісных норм (агульнапрынята было пісаць люди). Мела таксама лічбавае значэнне «чатыры». У рукапісах XIV—XVII стагоддзяў у сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. У XVI стагоддзі, акрамя рукапіснай, набыла друкаваную форму. Пачынаючы з Ф. Скарыны, стала адрознівацца як малая і вялікая, хоць ужыванне вялікай літары ва ўласных імёнах, геаграфічных назвах і ў пачатку сказаў было яшчэ непаслядоўным.
Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае шумны звонкі выбухны пярэднеязычны зычны гук [д] (дом, дружба), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў — парны да яго па звонкасці і глухасці гук [т] (дудка — [дутка], народ — [нарот]). Уваходзіць у склад дыграфаў дж (джала, ураджай) і дз (дзынкаць — [дзынкац’], хадзіць — [хадз’іц’]). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму. Ужываецца ў афіцыйных абрэвіятурах (ДРЭС). Пры класіфікацыйным падзеле мае значэнне пяты (група «Д»), пры лічбавай нумарацыі — дадатковае значэнне для размежавання прадметаў пад адным нумарам (шыфр № 8д).
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Македонскі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт Катэгорыя:Стараславянскі алфавіт