Уве́а () — востраў у групе астравоў Луаятэ ў Новай Каледоніі. Плошча — 132,1 км². Насельніцтва — 3392 чал. (2009 г.).
Геаграфія Увеа ўяўляе сабою вялікі падняты атол. Яго заходняя частка пагружаная ў ваду, а ўсходняя ўзвышаецца на 45 м над узроўнем мора. Даўжыня — каля 35 км. У некаторых месцах шырыня сушы складае ўсяго 40 м. Увеа знакаміты сваім доўгім белым пясчаным пляжам, які цягнецца на 25 км.
Клімат трапічны пасатны. Сярэдняя тэмпература жніўня — +16 — 24 °C, сярэдняя тэмпература лютага — +23 — 29 °C. Найбольш дажджлівы месяц — сакавік (260 мм ападкаў), сухі месяц — верасень (63 мм ападкаў). У сярэднім на Увеа бывае 5 — 8 сонечных гадзін у дзень.
Гісторыя Карэннымі жыхарамі Увеа з’яўляецца меланезійскі народ іааі, які ў сучаснасці адносяць да канакаў Новай Каледоніі. Да прыходу еўрапейцаў тубыльцы падзяляліся на 21 ваенізаваную групу, на чале кожнай стаялі спадчынныя правадыры. Іааі мелі цесныя стасункі з іншымі меланезійскімі плямёнамі астравоў Луаятэ. Галоўнымі заняткамі былі земляробства і рыбалоўства.
У XVIII ст. на востраве таксама пасяліліся палінезійцы — выхадцы з астравоў Уоліс і Самоа. Яны і далі востраву яго сучасную назву.
У 1791 г. Увеа быў адкрыты французскімі мараплаўцамі. У 1856 г. тут з’явіліся брытанскія місіянеры, якія распаўсюджвалі сярод меланезійцаў пратэстантызм. У 1857 г. французскія місіянеры пачалі распаўсюджваць каталіцызм. Іх місія мела асаблівую падрымку сярод палінезійцаў.
Хаця Францыя заявіла аб далучэнні вострава да сваіх уладанняў яшчэ ў сярэдзіне XIX ст., асобная французская адміністрацыя была створана толькі ў 1961 г. Дзякуючы турыстам з Японіі мясцовая эканоміка атрымала імклівае развіццё. Аднак у 1988 г. прыхільнікі незалежнасці Новай Каледоніі захапілі некалькі турыстаў у палон. Канфлікт скончыўся сілавым уздзеяннем урада Францыі ў дачыненні да паўстанцаў.
Славутыя мясціны
Галоўным цэнтрам прыцягнення для наведвальнікаў Увеа з’яўляецца доўгі пясчаны пляж. Акрамя таго тут прапануецца наведаць: Какосавы гай, які займае больш за 3000 га. Пры ім працуе мылаварня і бровар, дзе робяць арак. Плантацыя ванілі. Дзівосныя каралавыя скалы на ўсходзе вострава. Традыцыйная драўляная скульптура. Ланцуг каралавых астравоў Плеяды на захад ад Увеа. Гэта найлепшае месца для водных відаў спорту.
Востраў звязаны з Новай Каледоніяй паветраным і марскім транспартам.
Спасылкі Ouvéa, l'île la plus proche du paradis Les Nouvelles calédoniennes Ouvea Climate Guide Météo Ouvéa Lonely Planet Corpus iaai
Увеа Увеа Увеа