Нікаба́рскія астравы () — архіпелаг з 19 астравоў у Індыйскім акіяне, паміж Бенгальскім залівам і Андаманскім морам. Частка саюзнай тэрыторыі Індыі Андаманскія і Нікабарскія астравы. Плошча 1841 км². Насельніцтва (2011 г.) — 36 819 чал., значную частку складаюць карэнныя нікабарцы.
Геаграфія і прырода
Нікабарскія астравы з’яўляюцца часткай астраўной дугі, якая ўзнікла ў выніку сутыкнення Інда-Аўстралійскай і Еўразійскай літасферных пліт. Гэта даволі сейсманебяспечны рэгіён. Буйныя астравы ўяўляюць сабою вяршыні падводнага хрыбта, у той час як самыя малыя ўтварыліся дзякуючы каралам. Найбольшы востраў Вялікі Нікабар займае плошчу 1045,1 км².
Клімат субэкватарыяльны і трапічны мусонны. Штогадовая сярэдняя тэмпература вагаецца ад 22 да 30° C. Штогадовыя ападкі складаюць 3000 — 3800 мм, прычым большасць прыходзіцца на сезон мусонаў (летні перыяд).
Нікабарскія астравы вылучаюцца ў самастойны экарэгіён. Флора сушы падзяляецца на арэалы прыбярэжных мангравых лясоў і ўнутраных вечназялёных і лістападных трапічных і субтрапічных лясоў. На некаторых астравах маюцца шырокія лугі, якія ўзніклі, хутчэй за ўсё, у выніку ўмяшання чалавека.
У адрозненне ад суседніх Андаманскіх астравоў, Нікабарскія астравы не былі злучаны ў мінулым з мацерыком. Мясцовая прырода развівалася ізалявана, што прывяло да адноснай беднасці фаўны і з’яўлення шматлікіх эндэмічных відаў птушак. Сустракаюцца таксама пацукі, яшчаркі, казуркі.
Гісторыя
Мяркуецца, што першыя людзі, якія з’явіліся на Нікабарскіх астравах у каменным — жалезным вяках дзвюма міграцыйнымі хвалямі з Паўднёва-Усходняй Азіі, у выніку склалі супольнасць нікабарцаў.
З пачатку нашай эры Нікабарскія астравы былі прамежкавым пунктам спынення гандлёвых караблёў паміж Індыяй і Зондскім архіпелагам. Пра іх існаванне паведамлялі Пталемей і Марка Пола. Сучасная назва ўзнікла ў выніку скажэння дравідыйскай назвы «Голыя людзі», як гандляры называлі мясцовых тубыльцаў. З XVI ст. астравы ўключаліся у склад розных індыйскіх дзяржаў, але сапраўднага кантролю яны тут не мелі.
У 1869 г. анэксаваны Вялікабрытаніяй. У 1872 г. адміністрацыйна аб’яднаны разам з Андаманскімі астравамі. У 1942—1945 гг. акупаваны Японіяй.
У 1947 г. увайшлі ў склад Індыі.
Нікабарскія астравы моцна пацярпелі падчас цунамі 2004 г.
Насельніцтва
Спасылкі Geology and Ecology of Nicobar Islands Impact of the 2004 tsunami on the geology of Car Nicobar Island The Nicobar Islands. Nicobarese early history and prehistory History of Andaman & Nicobar
Катэгорыя:Андаманскія і Нікабарскія астравы Катэгорыя:Астравы Індыйскага акіяна Катэгорыя:Астравы Індыі