Брачыслаў Давыдавіч (да 1114 — паміж 1160 і 1180) — князь ізяслаўльскі (з 1158).

З роду Ізяславічаў Полацкіх. Большасць даследчыкаў лічыць яго сынам Давыда Усяславіча.

Упершыню згаданы Іпацьеўскім летапісам пад 1128 годам, калі вялікі князь кіеўскі Мсціслаў Уладзіміравіч здзейсніў вялікі паход на Полацкую зямлю за «няпраўду» князя Давыда Усяславіча. Паводле летапісу, Брачыслаў тым часам ішоў з Ізяслаўля да бацькі і, знянацку заспеты нападам каля Лагойска, здаўся ў палон свайму швагру Ізяславу Мсціславічу. Імя бацькі летапіс не называе, з кантэксту большасць даследчыкаў лічыць ім Давыда Усяславіча.

Алег Рапаў сцвярджае, што Брачыслаў быў князем «лагожскім і ізяслаўскім» і спасылаецца на Іпацьеўскі летапіс, аднак, Брачыслаў летапісам не тытулаваны, згаданы толькі княжацкі двор і яго жонка ў Ізяслаўлі.

У 1128 годзе Брачыславу было не меней за 14 гадоў, мужчынскі шлюбны ўзрост таго часу. Напэўна, як старэйшы сын, ён заставаўся на ўдзеле, калі Давыд «з сынамі» быў у Полацку. Такім чынам, з летапісу вынікае прынамсі два браты Брачыслава. Імаверна, разам з адным з іх — Валодшам, ён згаданы пазней. У 1129 годзе разам з бацькам сасланы ў Візантыю. Князь Давыд, імаверна, памёр у Візантыі. Магчыма, памерла там і Брачыславава жонка Ксенія, але на гэты конт ёсць і іншыя меркаванні.

Пад 1139 годам летапіс паведамляе пра вяртанне са ссылкі ў Візантыю двух полацкіх княжычаў. Да 1143 года з Візантыі вярнуўся Рагвалод-Васіль Барысавіч. Відавочна, вярнуўся і Брачыслаў з братамі. У 1158 годзе полацкі князь Рагвалод-Васіль пайшоў супраць менскіх Глебавічаў, забраў у іх Ізяслаўль як «отчыну», то-бок бацькоўскае ўладанне, Брачыслава і перадаў яму горад.

Крыніцы

Літаратура

Катэгорыя:Рурыкавічы Катэгорыя:Ізяславічы Полацкія Катэгорыя:Князі ізяслаўльскія