Й, й (І нескладовае) — літара большасці славянскіх кірылічных алфавітаў (10-я ў балгарскім, 11-я ў беларускім і рускім, 14-я ва ўкраінскім). У сербскім і македонскім адсутнічае, замест яе ўжываецца літара Ј. Літара Й уваходзіць таксама ў кірылічныя пісьменнасці многіх неславянскіх моў.
Гісторыя Утворана шляхам далучэння дыякрытычнага знака да літары И, якая паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ), што ўзнікла на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Η («эта»). Мела назву «і кароткае» (назва ўведзена Я.К. Гротам). У старабеларускай графіцы ўжывалася з канца XVI стагоддзя, абазначала гук [й] пераважна ў друкаваных кнігах (злодейство, нехай, тайна). У рукапісах XVII стагоддзя ўжывалася радзей, паралельна з традыцыйнымі сродкамі абазначэння гука [й] — літарай И і паерыкам (ⸯ): войско — воиско — воⸯско; хитрый — хитрыи — хитрыⸯ. Лічбавага значэння не мела.
Пры ўвядзенні грамадзянскага шрыфту ў 1707—1711 гадах былі скасаваны ўсе надрадковыя знакі, і асобы знак Й знік. Ён быў адноўлены ў 1735 годзе, але фармальна асобнай літарай не лічыўся: не ўключаўся ў пералік літар азбукі, не меў парадкавага нумара, у слоўніках аб’ядноўваўся з И і падобн. Афіцыйна літарай алфавіта Й стала толькі ў XX стагоддзі.
У XVIII—XIX стагоддзях на ўзор рускага грамадзянскага шрыфту літара Й увайшла ў грамадзянскія шрыфты балгарскай, украінскай і беларускай моў. Да сярэдзіны XIX стагоддзя літара Й выкарыстоўвалася і ў сербскай пісьменнасці, але затым была заменена лацінападобнай літарай Ј, якая была перанята і македонскай пісьменнасцю.
Беларуская мова У сучаснай беларускай мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук [й] пасля галосных (буйны, край, свой, чайка). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Літары кірыліцы Катэгорыя:Балгарскі алфавіт Катэгорыя:Беларускі алфавіт Катэгорыя:Рускі алфавіт Катэгорыя:Украінскі алфавіт