Беларускае Радыё Рацыя — радыёстанцыя, якая вяшчае на беларускай мове на тэрыторыі Беларусі, Польшчы і Літвы. Фінансуецца Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча. Вячшчае цягам сутак. У кірунку Беласток — Гродна на хвалі 98,1 FM, у кірунку Беласток — Брэст 99,2 FM. З верасня 2021 года доступ на сайт радыё у Беларусі заблакаваны.
Пра Радыё Рацыя
Радыё Рацыя 1999—2002
Праца па стварэнні радыё для Беларусі пачалася ў Польшчы ў 1997 годзе. У стварэнні радыёстанцыі ўдзельнічаў Беларускі саюз у Польшчы і Беларуская асацыяцыя журналістаў з Беларусі.
Назва Радыё «Рацыя» (выкарыстоўваецца як брэнд) прыдумана камандай зачыненага беларускімі ўладамі Радыё 101,2, ядро якога складала былая «Беларуская маладзёжная». У аснове быў жарт-байка, што людзі апасліва азіраліся, калі чулі выраз «ён мае рацыю», бо ўспрымалі яго не як «слушна», а як наяўнасць побач кагосьці з міліцэйскай рацыяй, т.б. небяспечную сітуацыю ва ўмовах апазіцыйных акцый канца 1990-х — пачатку 2000-х гадоў у Беларусі.
Радыё «Рацыя» выйшла ў эфір 3 кастрычніка 1999 года на кароткіх хвалях з праграмай, запісанай у мінскай студыі. Вяшчанне на FM-хвалях з беластоцкай студыі ў 1999—2002 гадах ажыццяўляла асобная рэдакцыя, якая складалася з грамадзян Польшчы, менавіта імі было зарэгістравана радыё беларускай меншасці ў Польшчы з назвай Радыё «Рацыя».
Вяшчанне Радыё «Рацыя» на Беларусь вялося з Польшчы. Першыя перадачы, запісаныя ў тэхнічна вельмі складаных умовах мінскай студыі, перавозілі ў Варшаву на дысках. Праз некалькі месяцаў была абсталяваная студыя ў Варшаве, куды вядучыя праграм і гукарэжысёры ездзілі па чарзе на дзяжурства з Мінска.
Радыё «Рацыя» штодзённа забяспечвала 5 гадзін арыгінальнага эфіру. Перадачы складаліся з навін і сюжэтаў на актуальныя тэмы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі, інтэрв’ю, рэпартажаў, а таксама аўтарскіх праграм. На FM-хвалях беластоцкая рэдакцыя «Рацыі» трансліравала музыку, навіны і рэтрансліравала перадачы, падрыхтаваныя мінска-варшаўскай рэдакцыяй для вяшчання на Беларусь.
На кароткіх хвалях Радыё «Рацыя» трансліравалася на Беларусь з перадатчыка пад Варшавай. На кароткіх хвалях сігнал трансліраваўся на частаце 105,5 FM з перадатчыка ў Беластоку на горад і бліжэйшыя ваколіцы. Перадачы Радыё «Рацыя» таксама рэтрансліраваліся на сярэдніх хвалях (з 2001), на «Балтыйскіх хвалях», а таксама — часткова — уключаліся ў праграмы Беларускай рэдакцыі Польскага радыё.
Рэдакцыя радыё «Рацыя», якая рыхтавала перадачы на Беларусь: Жанна Літвіна, Зміцер Новікаў, Юрась Карманаў, Іна Студзінская, Галіна Абакунчык, Вольга Бабак, Алена Белапольская, Юрась Бушлякоў, Алесь Дашчынскі, Галіна Жарко, Гена Кеснер, Севярын Квяткоўскі, Юлія Шарова, Алесь Хмяльніцкі, Зміцер Васількоў, Анатоль Додзь, Юрась Трашчынскі, Уладзя Сакульскі, Павел Курза.
Аўтарскія праграмы: «Квадракола» (Лявон Вольскі), «Бабілонская Бібліятэка» (Юрась Бушлякоў), «Галерэя Кліо» (Уладзімір Арлоў), «Прарок» (Кася Камоцкая), «Бумеранг. Гісторыя антысавецкага супраціву» (Алена Арэшка), «Кантэкст. Рэфлексіі з нагоды мінулага тыдня» (Паўлюк Быкоўскі).
Апошняя праграма прагучала 31 мая 2002 года ў сувязі фінансавым становішчам кампаніі Racja Sp. z o.o. і банкруцтвам яе восенню гэтага ж года. Інтэрнэт старонка Радыё «Рацыя» абнаўлялася да канца 2002 года.
Радыё Рацыя 2006—2008 15 лютага 2006 быў створаны Беларускі інфармацыйны цэнтр у Беластоку, які стварыў новую радыёстанцыю пад брэндам Радыё «Рацыя». 22 лютага ў эфір выйшаў першы двухгадзінны інфармацыйна-публіцыстычны блок на сярэдняй хвалі з перадатчыка вялікай магутнасці пад Катавіцамі. «Вы слухаеце Радыё „Рацыя“ — голас свабоднай Беларусі, радыё, якое для беларусаў робяць беларусы ў вольным свеце», — менавіта гэтымі словамі пачаўся абноўлены эфір.
З 27 красавіка 2006 на FM-частаце выходзіць у эфір кругласутачная праграма з перадатчыка ў Беластоку. З 1 чэрвеня Радыё Рацыя выпускае сваю праграму на сярэдняй хвалі з перадатчыкаў у Вільні, а з 1 жніўня — у Каўнасе. У эфірнай сетцы пераважаюць інфармацыйна-публіцыстычнай праграмы, штодзённа трансліруюцца карэспандэнцыі з Беларусі, якія змяшчаюць шырокі спектр палітычнай, гаспадарчай, грамадскай і культурнай інфармацыі.
У ліпені 2006 г. Беларускае Радыё Рацыя пачало кругласутачнае вяшчанне ў Інтэрнэце. Летам 2007 года рашэннем нацыянальнай Рады па тэлебачанні і радыёвяшчанні Польшчы частата 105,1 FM станцыі, якая ахоплівала толькі Беласток, была замененая на частату 98,1 FM (з перадатчыка ў Крыніцай пад Беластокам у магутнасцю 35 kW) якая зараз ахоплівае значную частку Гарадзеншчыны: Гродна, Шчучын, Ваўкавыск, Масты, Бераставіца, а таксама частку Берасцейшчыны. На той жа частоце 98,1 FM ахоплена таксама ўся тая частка Беласточчыны на якой пражывае беларуская нацыянальная меншасць.
У лістападзе 2009 года Беларускае Радыё Рацыя распачало вяшчаць на частоце 99,2 FM з Белай-Падляшскай (ахапіўшы Брэст і памежную тэрыторыю) у кірунку Высокага — Маларыты. Такім чынам Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца першым незалежным трансгранічным беларускім радыё ў абсягу якога знаходзіцца ўся Польска-Беларуская мяжа. Беларускае Радыё Рацыя з’яўляецца першым кругласутачным незалежным вяшчаннем якое дае магчымасць слухаць радыё звыш 1,5 млн слухачоў па абодвух баказ мяжы. Слухачамі Радыё Рацыя з’яўляюцца таксама турысты, кіроўцы аўтамабіляў з усёй Беларусі перасякаючыя польска-беларускую мяжу на пераходах: Кузніца-Брузгі, Баброўнікі-Бераставіца, Палоўцы-Пяшчатка, Цярэспаль-Брэст.
У гадах 1998—2002 у склад кіраўніцтва Радыё Рацыі ўваходзілі: Яўген Вапа (старшыня ўправы), (Жана Літвіна і Віктар Стахвюк намеснікі старшыні ўправы). Прадстаўнікамі ўласніцкай структуры з’яўляліся: Алег Латышонак (як прадстаўнік Беларускага саюза ў Польшчы) і Зміцер Новікаў (як прадстаўнік журналісцкага асяроддзя Беларусі).
У 2006 годзе ў выглядзе Беларускага інфармацыйнага цэнтра было абноўлена Беларускае Радыё Рацыя, якое ўзначаліў Яўген Вапа. З восені 2006 года да канца сакавіка 2008 года Радыё Рацыя кіраваў Віктар Стахвюк. З мая 2008 года пасаду праграмнага дырэктара Радыё Рацыя заняў радыёжурналіст Яраслаў Іванюк.
Радыё Рацыя сёння
2008 год для Рацыі пачаўся з сур’ёзных праблем — ціск з боку КДБ на журналістаў, правакацыі. У сакавіку 2008 года цягам некалькі дзён журналісты Рацыі былі пад моцным ціскам з боку ўладаў. Адбыўся разгром студыі Радыё Рацыі ў Мінску.
Летам 2008 года некалькі журналістаў Рацыі звальняюцца, заяўляючы аб немагчымасці працы на радыё.
Пасля ўсіх гэтых падзеяў на Рацыі пачынаецца стабілізацыя творчай і адміністрацыйнай дзейнасці.
За ўвесь час сваёй працы журналістам Радыё Рацыя МЗС Беларусі адмаўляе ў акрэдытацыі, што выклікае папярэджанні адміністрацыйнага характару з боку пракуратуры і КДБ.
У 2009 годзе пачынаецца вяшчанне на Брэст на хвалі 99,2 FM.
У 2010 годзе калектыў радыё папаўняецца новымі асобамі: Яўген Івін, Улад Грынеўскі, Мікола Бянько, Генадзь Барбарыч, Юлія Сівец.
У 2021 годзе станцыя правяла вялікую мадэрнізацыю абсталявання, дазволіўшы значна падвысіць тэхнічную якасць вяшчання.
Пераслед У лютым 2022 года беларуская Генеральная пракуратура абвясціла матэрыялы сайта «Радыё „Рацыя“» экстрэмісцкімі. У кастрычніку 2023 года экстрэмісцкімі прызналі Telegram-канал радыё і яго старонку на Facebook, а таксама іх лагатыпы. У студзені 2024 года КДБ абвясціў радыё экстрэмісцкім фарміраваннем. За стварэнне такога фарміравання і членства ў ім прадугледжана крымінальная адказнасць. 2 сакавіка 2026 года Алега Хаменку прыгаварылі да трох гадоў калоніі і буйнога штрафу за супрацоўніцтва з Радыё Рацыя.
Імёны Рацыі
Адміністрыцыя:
Яўген Вапа — старшыня ўправы суполкі, галоўны рэдактар. Юрка Ляшчынскі — праграмны дырэктар. Віктар Разін — кіруючы па справах тэхнічна-вяшчальных. Марцін Рэмбач — дырэктар па справах прамоцыі і развіцця радыё. Віктар Сазонаў — прамоцыя радыё. Арнольд Точыскі — прамоцыя радыё. Пётр Янкоўскі — намеснік старшыні суполкі ўправы па эканамічна-адміністрацыйных справах.
Журналісты і аўтары:
Міхал Андрасюк — звольніўся ў снежні 2010 года. Працаваў у якасці — журналіста, ді-джэя, аўтара перадачы «Ці можна жыць без?», вядучы «Падляскага канцэрта па жаданнях». Васіль Кроква — аўтар праграмы «Жыццё з літаратурай». Уладзімір Арлоў — аўтар праграмы «Адкуль наш род». Кастусь Бандарук — аўтар праграмы «Крыначка» і «Каментара». Генадзь Барбарыч — журналіст. Аляксандр Каверкаў і Таццяна Парашунтава — аўтары праграмы «Пункціры». Эля Бура — аўтар праграмы «Казкі малышам». Мікола Бянько — журналіст. Ганна Васілевіч — журналістка. Мілана Вераснёва — аўтар праграмы «Музычны веер», «Таямніцы імёнаў», ді-джэй. Зміцер Вайцюшкевіч і Максім Жбанкоў — аўтары праграмы «Мачо-клуб». Барыс Гарэцкі — журналіст, суаўтар праграмы з Наталляй Якавенка «Палітыка дэ-факта» Наталля Герасімюк — аўтар праграмы «Культурнае бязмежжа…», журналістка, штодня вядзе культурную афішу. Яўген Івін — журналіст, вядучы праграмы «Аўта-топ», агляд спартыўных навін. Алесь Зайцаў — журналіст. Таццяна Заміроўская — аўтар праграмы «Ад джаза да Баха». Яна Запольская — аўтар праграмы «Шчыра за гарбатаю», «Агляд беларускага інтэрнэта», вядзе «Акно ў Еўропу» журналістка. Элона Карпюк — аўтар праграмы «Словы з музыкай», ді-джэй. Алесь Краўцэвіч — аўтар праграм «Спакон вякоў», «Дэмакратыя без рэтушы». Зміцер Косцін — журналіст, аўтар праграм «Акно ў Еўропу», «З Бацькаўшчынай у сэрцы», вядучы «Падляшскага канцэрта пажаданняў» Віктар Парфёненка — журналіст. Улад Грынеўскі — журналіст. Валя Лаеўская — журналістка. Кірыл Смяглікаў — аўтар праграмы «Кіна прэм’ера», «Інтэлектуальная сфера», ді-джэй. Сяргей Сыс і Алена Лапцёнак — аўтары праваабарончай праграмы «Людзьмі звацца». Алег Хаменка — вядучы праграм «Радыё Тузін хітоў», «Фолк-брама». Уладзімір Хільмановіч — аўтар праграмы «Краязнаўчыя кропкі», «Імёны Гародні» у суаўтарстве з Андрэям Чарнякевічам, агляд спартыўных навін. Ганна Шайкоўская — журналістка, вядучая «Падляшскага канцэрта пажаданняў». dj zona — аўтар праграмы «Сусветны хіт», «Басовішча на заўсёды».
Супрацоўнікі:
Галіна Беденічук — сакратар. Альжбэта Тышук — бухгалтэр. Кшыштаф Ангельчык — тэхнічная база, dj zona — тэхнічная база, гукач. Яўген Маліноўскі — тэхнічная база, Стэфан Свярубскі — тэхнічная база. Віктар Стахвюк — вяшчальна-тэхнічны кансультант управы.
Памяць Рацыі
1 кастрычніка 2009 года ў Беластоку ў свае 40 год памірае Альгерд Невяроўскі. Працаваў журналістам у Беластоку, выпускаў навіны, рыхтаваў матэрыялы і вёў аўта-перадачу. Да працы на Радыё Рацыя працаваў доўгі час на Радыё Свабода, супрацоўнічаў з СМІ Расіі і Польшчы. Пахаваны ў Мінску.
Госці Радыё Рацыя Гасцямі Радыё Рацыя ад моманту яе абнаўлення 2006 год былі дзесяткі, калі не сотні вядомых асоб, пачынаючы ад дзяржаўных дзеячаў Беларусі, Польшчы, Літвы і канчаючы прадстаўнікамі грамады Беларусі.
Штодня на хвалях Рацыі можна пачуць міністраў, дэпутатаў, юрыстаў, праваабаронцаў, сенатараў і проста выбітных людзей. Дзякуючы Рацыі можна адсочваць важнейшыя падзеі разам з каментарамі і прадамі ад Зянона Пазняка, Станіслава Шушкевіча, Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, Аляксандра Казуліна, Сяргея Калякіна, так і дзяржаўных асоб Беларусі Паўла Латушкі, Віктара Гайсёнка і інш.
У Рацыі ёсць і «сябры», якіх можна пачуць часцей іншых, якія даюць свае прагнозы, каментары ў асноўным, гэта палітолагі, якія гатовыя прадставіць слухачам радыё аб’ектыўную інфармацыю.
Перадачы Радыё Рацыя Музыка тыдня
Аўтар: Сяргей Будкін
Цягам гадзіны ў праграме — самыя гарачыя навіны беларускай музычнай сцэны, апошнія айчынныя рэлізы і лідары продажаў, музычныя рарытэты і хіты на ўсе часы. Перадача разбітая на некалькі рубрыкаў — «Канцэрт тыдня», «Песьня тыдня», «Альбом тыдня», «Скандал тыдня», «Імяніннік тыдня» і інш. Будзьце ў курсе і слухайце беларускае!
Жывая чытанка
Аўтар: Сяргей Будкін
«Жывая чытанка» — літаратурна-музычны праект Радыё Рацыя. З навінкамі беларускай літаратуры слухачоў знаёмяць самі аўтары твораў — паэты, пісьменнікі, публіцысты. Героі «Жывой чытанкі» самі абіраюць месца чытання і самі замаўляюць музыку.