Самуэль Кміціц (? — ) — вялікі стражнік літоўскі, палкоўнік. Арганізатар аднайменнай канфедэрацыі.

Паходзіў са шляхты Аршанскага павета. Вайсковую службу пачаў паручнікам у 1654 годзе. У час вайны 1654—1667 гадоў быў сярод афіцэраў, якія ўзбунтаваліся супраць Януша Радзівіла і стварылі вайсковую канфедэрацыю ў Вербалове (1655). Вызначыўся гераізмам у вайне са шведамі. Увосень 1658 года прывёў вайсковае злучэнне (12 харугваў) на Віцебшчыну для падтрымкі сялянска-шляхецкага партызанскага руху. Удзельнічаў у бітве пад Палонкай (1660) і пераследзе Хаванскага, у бітве пад Кушлікамі (1661). На чале палка хадзіў на Смаленшчыну (1663), пад Рослаўль і Бранск (1664), ваяваў з Хаванскім пад Полацкам (1665). У канцы вайны стаяў з палком на поўначы Беларусі, блакаваў маскоўскую залогу ў Полацку. Пасля Андрусаўскага перамір’я стала жыў у Аршанскім павеце. Меў маёнткі Невадніцу ў Гарадзенскім, Краснае Сяло ў Менскім, Сідрычын у Аршанскім паветах. Да канца жыцця актыўна ўдзельнічаў у грамадска-палітычным жыцці краіны.

Вобраз Кміціца, паслужыў прататыпам для Анджэя Кміціца ў рамане Генрыка Сянкевіча «Патоп».

Літаратура

Tadeusz Wasilewski Samuel Kmicic // Polski Słownik Biograficzny, t. XIII, 1967—1968. — S. 81-83. Konrad Bobiatyński Testament strażnika wielkiego litewskiego Samuela Kmicica // Rocznik Lituanistyczny № 4, 2018. — S. 137—158.

Катэгорыя:Стражнікі вялікія літоўскія Катэгорыя:Харунжыя аршанскія