Алькала-дэ-Энарэс () — горад у Іспаніі, які размяшчаецца ў аўтаномнай супольнасці Мадрыд, у 35 кіламетрах на паўночны ўсход ад сталіцы краіны. Цэнтр горада занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. У горадзе было створана адно з першых біскупстваў у Іспаніі.

Гісторыя Першыя людзі пасяліліся тут яшчэ ў часы неаліту, потым у гэтай мясцовасці нейкі час жылі плямёны кельтаў, а ў I стагоддзі да н.э. рымляне заснавалі тут горад Камплютум (). Паводле загаду імператара Дыяклетыяна ў 306 годзе тут пакаралі смерцю двух хлопчыкаў-хрысціян, Хуста і Пастара, пасля чаго ў горад пацягнуліся паломнікі, праз стагоддзе архібіскуп Таледа кананізаваў мучанікаў, якіх шануюць у Іспаніі па гэты дзень. Пасля рымлян навакольныя землі належалі вестготам.

З 711 года мясцовасць трапіла пад уладу арабаў, якія ўзвялі на высокім пагорку крыху ўбаку ад рымскага паселішча крэпасць. 3 мая 1118 года горад быў адбіты войскамі архібіскупа Таледа, і новыя жыхары аддалі перавагу ўсталявацца на рымскім месцы, пакінуўшы замак разбурацца. Горад развіваўся ў асноўным дзякуючы ажыўленаму рынку і выгаднаму становішчу: гэтай дарогай каралі Кастыліі падарожнічалі на поўдзень. У 1496 годзе ў горадзе быў адчынены ўніверсітэт, які быў заснаваны кардыналам Сіснерасам.

У Алькале-дэ-Энарэс адбылася першая сустрэча Хрыстафора Калумба і каталіцкіх каралёў Ізабелы і Фердынанда. У XVIII—XIX стагоддзях горад прыйшоў у заняпад, універсітэт у 1836 годзе перанеслі ў сталіцу, манастыры вакол распрадалі зямлю, і гарадок ператварыўся ў прадмесце Мадрыда.

Славутасці Цэнтр горада занесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Да ліку асноўных славутасцей можна аднесці Саборную царкву, закладзеную ў 1136 годзе, якая была збудавана ў гатычным стылі, аднак яна моцна пацярпела падчас грамадзянскай вайны, і архібіскупскую рэзідэнцыю, у якой цяпер захоўваюцца архівы інквізіцыі.

Гарады-пабрацімы Альба-Юлія, Румынія Форт-Колінс, ЗША Гуанахуата, Мексіка Люблін, Польшча Пітэрбара, Вялікабрытанія Сан-Дыега, ЗША Таланс, Францыя

Спасылкі

Афіцыйны сайт Фотаздымкі горада

Катэгорыя:Універсітэцкія гарады Катэгорыя:Гарады аўтаномнай супольнасці Мадрыд Катэгорыя:Муніцыпалітэты аўтаномнай супольнасці Мадрыд