200px|thumb|Эрнст Жалезны

Эрнст Жалезны (; , Брук-ан-дэр-Мур — , там жа) — герцаг Унутранай Аўстрыі ў 1402—1424 гадах з Леапальдзінскай лініі дынастыі Габсбургаў. Эрнст быў трэцім сынам аўстрыйскага герцага Леапольда III і Вірыдзіс Вісконці, дачкі Бернабо Вісконці, кіраўніка Мілана.

Біяграфія Пасля гібелі бацькі ў бітве пры Земпаху ў 1386 годзе Эрнст знаходзіўся пад апекай свайго дзядзькі Альбрэхта III, герцага Аўстрыі, а ў 1401 годзе суправаджаў германскага караля Рупрэхта ў яго кампаніях у Італіі. У 1402 годзе Эрнст быў прызнаны сваімі старэйшымі братамі Вільгельмам і Леапольдам IV у якасці герцага Штырыі.

Пасля смерці старэйшага брата, герцага Вільгельма, у 1406 годзе астатнія сыны Леапольда III падзялілі паміж сабой спадчынныя ўладанні: старэйшы Леапольд IV атрымаў Пярэднюю Аўстрыю, Карынтыю, Крайну і апеку над юным герцагам Аўстрыі Альбрэхтам V; Эрнст — Штырыю, а малодшы Фрыдрых IV — Ціроль. Аднак ужо ў наступным годзе ўспыхнуў канфлікт паміж Эрнстам і Леапольдам IV за кантроль над Венай. У гэтым сутыкненні Эрнста падтрымалі гарадскія вярхі і купецкія гільдыі аўстрыйскай сталіцы, тады як за Леапольда IV стаялі цэхі. Нягледзячы на пэўныя поспехі ў вайне супраць Леапольда, у 1409 годзе Эрнст быў вымушаны саступіць старэйшаму брату і пакінуць прэтэнзіі на Вену.

Пасля смерці Леапольда IV у 1411 годзе Эрнст, як старэйшы ў родзе, стаў главой Габсбургскага дому. Землі Аўстрыйскай манархіі былі зноў падзелены: Альбрэхту V пакінута ўласна Аўстрыя, Фрыдрых IV у дадатак да Ціроля атрымаў Пярэднюю Аўстрыю, а Эрнст стаў кіраўніком Штырыі, Карынтыі, Крайны, а таксама Трыеста і ленаў у Фрыўлі і Істрыі (усё разам — Унутраная Аўстрыя). Гэты падзел паклаў пачатак фарміраванню Штырыйскай (спадчыннікі Эрнста) і Цірольскай галін (нашчадкі Фрыдрыха IV) дому Габсбургаў.

Эрнст Жалезны быў апошнім кіраўніком Карынтыі, якія каранаваўся ў 1414 годзе паводле старажытнага славенскага абраду на Гаспасвецкім полі. Ён таксама першым з Габсбургаў стаў выкарыстоўваць тытул эрцгерцага, які быў уведзены Рудольфам IV у 1358 годзе, але з таго часу не ўжываўся з-за супраціўлення імператараў Свяшчэннай Рымскай імперыі.

З 1412 года Эрнст знаходзіўся ў бесперапынным канфлікце з імператарам Жыгімонтам. Калі ў 1417 годзе яго брат Фрыдрых IV быў пазбаўлены сваіх уладанняў імператарам, Эрнст спачатку паспрабаваў сам замацавацца ў Ціролі, але потым, дамовіўшыся з братам, узначаліў аўстрыйска-цірольскія войскі, якія далі адпор спробам імператара захапіць уладу ва ўладаннях Фрыдрыха.

Ад Эрнста Жалезнага вядуць сваё паходжанне ўсе наступныя імператары Свяшчэннай Рымскай і Аўстрыйскай імперый з дынастыі Габсбургаў.

Шлюб і дзеці (1392) Маргарыта Памеранская (1366—1410), дачка Багуслава V, герцага Памераніі (1412) Зімбург Мазавійская (1394—1429), дачка Земавіта IV, князя Плоцкага і Куяўскага Фрыдрых V (1415—1493), герцаг Аўстрыі і імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі (як Фрыдрых III) Маргарыта (1416/1417—1486), у шлюбе (1431) з Фрыдрыхам II Пакорлівым, курфюрстам Саксонскім Альбрэхт VI (1418—1463), эрцгерцаг Аўстрыі Аляксандра (1420) Рудольф (пам. 1423) Леапольд (пам. 1424) Эрнст II (пам. 1432) Катарына (1424—1493), у шлюбе (1447) з Карлам I, маркграфам Бадэнскім Ганна (пам. 1429)

Літаратура Митрофанов, П. История Австрии с древнейших времён до 1792 г. — М., 2003 Пристер, Е. Краткая история Австрии. — М., 1952 Шимов, Я. Австро-Венгерская империя. — М., 2003

Папярэднік Вільгельм герцаг Штырыі 1402—1424Суправіцель: Вільгельм (да 1406) ПераемнікФрыдрых V герцаг Карынтыі і Крайны1411—1424

Катэгорыя:Кіраўнікі Штырыі Катэгорыя:Кіраўнікі Карынтыі Катэгорыя:Габсбургі