Свята-Раства-Багародзіцкая царква — праваслаўны храм у в. Ятра, Навагрудскага раёна.
Гісторыя Першыя пісьмовыя згадкі пра царкву ў Ятры адносяцца да 1761. У 1773 годзе на сродкі памешчыцы Кашыцавай была пабудавана новая драўляная царква ў выглядзе карабля. Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Ятра знаходзілася Свята-Раства-Багародзіцкая, пятага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1773 годзе памешчыцай Кашыцавай. Пры храме дзейнічала вучылішча для дзяцей.
У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года — царква ў сяле Ятра Пачапаўскай воласці Навагрудскага павета драўляная, пабудаваная ў 1773 годзе, капітальна адрамантавана. Прамавугольны ў плане будынак, завершаны адным глухім купалам над гонтавым дахам. Інтэр’ер храма асвятляўся вокнамі, размешчанымі ў адзін рад, меў два ўваходы. Столь падшыта дошкамі, падтрымліваецца 6 драўлянымі слупамі, сцены пафарбаваныя алейнай фарбай, падлога зроблена з дошак. Іканастас быў пафарбаваны ў белы колер з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 8 абразоў, размешчаных ў 1 рад. На званіцы, размешчанай асобна, было пяць званоў.
Настаяцелем храма да 1893 года быў святар Адам Неслухоўскі, пасвечаны ў 1875 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавала штатнае народнае вучылішча. У склад прыходу ўваходзілі вёскі Ятра, Кабыльнікі, Заполле, Концавічы, Ціхінка, Мілеўцы, Ганчары, Лабачы.
У Памятных кніжках Мінскай губерніі захавалася прозвішча яшчэ аднаго святара Свята-Раства-Багародзіцкай царквы вёскі Ятра: Мікалай Баландовіч (1894—1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).
У 1929—1939 гадах настаяцелем храма быў святар Кіпрыян Клімуц (далучаны да ліку мясцовашанаваных святых у 2011 годзе на пасяджэнні святога Сінода Беларускай праваслаўнай царквы), асуджаны за веру Хрыстову савецкай уладай, які прыняў пакутніцкую смерць у папраўча-працоўным лагеры ў 1942 годзе.
Пад час Другой сусветнай вайны настаяцелем храма быў святар Барыс Канстанцінавіч Кірык. У гады Другой сусветнай вайны мясцовыя партызаны ўзарвалі храм.
Царква ў гонар Раства Прасвятой Багародзіцы ўчынена ў 1940-я гады ў драўляным будынку школы 1932 года.
Архітэктура Вырашана працяглым прамавугольным зрубам, накрытым двухсхільным дахам, завершаным па цэнтры 3 цыбулепадобнымі купаламі. Да франтальнага фасада далучаны двух'ярусны прытвор-званіца пад мансардавым пакрыццём. Гарызантальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі.
Літаратура Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007. — стар. 645. Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202—213. Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879. Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады. Святыя зямлі Беларускай. Жыццеапісанні. Уклад. Л. Я. Кулажанка, Т. А. Матрунчык — Мінск. Прыход Свята-Петра-Паўлаўскага сабора. 2012. — 184 с.: іл. С. В. Силова, Православная церковь в Белоруссиив годы Великой Отечественной войны(1941—1945 гг.), Монография, Гродно 2003, стр. 72, 77.
Спасылкі
Катэгорыя:Ятра Катэгорыя:Праваслаўныя храмы Навагрудскага раёна Катэгорыя:Храмы Навагрудскай епархіі