Ольса — рака ў Беларусі, у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці, Клічаўскім і Кіраўскім раёнах Магілёўскай вобласці, левы прыток ракі Бярэзіна (басейн Дняпра).

Даўжыня ракі 92 км. Плошча вадазбору 1690 км². Сярэднегадавы расход вады ў вусці 9,3 м³/с. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,3 ‰.

Назва На думку В. Жучкевіча, І. Яшкіна і Э. Мурзаева, назва ракі Ольса паходзіць ад беларускага слова ольс — «альховы лес»В. А. Жучкевич. Краткий топонимический словарь Белоруссии. Минск, 1974. С. 269.І. Я. Яшкін. Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. Мінск, 1971. С. 123.Э. М. Мурзаев. Словарь народных географических терминов. Москва, 1984. С. 412..

У. Тапароў лічыць, што назва, можа быць, звязаная з жамайтск. Альса, Ольса, з літ. elksnis, літ., лтш. alksnis «вольха», дакладней — з als- да ўстаўкі -k-В. Н. Топоров, О. Н. Трубачев. Лингвистический анализ гидронимов Верхнего Поднепровья. Москва, 1962. С. 199.В. Н. Топоров. Прусский язык. A-D. Москва, 1975. С. 53—54..

Гідраграфія Пачынаецца за 3,4 км у напрамку на паўночны ўсход ад вёскі Каменны Барок Бярэзінскага раёна, вусце за 5 км на захад ад аграгарадка Любонічы Кіраўскага раёна. Цячэ ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны. Лясістасць вадазбору 57 %.

Даліна пераважна невыразная, каля горада Клічаў, вёскі Ваевічы і паміж аграгарадкамі Бацэвічы і Заполле Клічаўскага раёнана трапецападобная (шырыня 0,8—1 км). Схілы спадзістыя, вышынёй 2—7 м, месцамі слабапарэзаныя; правы адкрыты, разараны, левы амаль на ўсім працягу парослы мяшаным лесам. Пойма двухбаковая, ніжэй Клічава чаргуецца па берагах (шырыня 0,6—1,5 км), нізкая, месцамі забалочаная; ад вусця Сушы да аграгарадка Заполле Клічаўскага раёна перасечаная меліярацыйнымі каналамі. У разводдзе затапляецца вадой на глыбіню 0,5—1 м тэрмінам да 2 тыдняў.

Рэчышча ў вярхоўі на працягу 10 км каналізаванае, ніжэй шырыня ракі ў межань 12— 18 м. Берагі ў вярхоўі нізкія, забалочаныя, паміж вёскай Ваевічы і аграгарадком Заполле Клічаўскага раёна спадзістыя, ніжэй да вусця стромкія і абрывістыя.

Асноўныя прытокі справа: Нясета, Цімень; злева: Дулебка, Сушанка, Ганчанка, Суша, Кастрычка, Цераболь. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярацыйных каналаў.

Максімальны ўзровень веснавога разводдзя ў ніжнім цячэнні ў канцы сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,2 м. Замярзае ў 1‑й дэкадзе снежня, крыгаход у 3‑й дэкадзе сакавіка.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Общая характеристика речной сети Могилёвской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь» Общая характеристика речной сети Минской области (в разрезе районов) // Справочник «Водные объекты Республики Беларусь»

Катэгорыя:Рэкі Бярэзінскага раёна Катэгорыя:Рэкі Клічаўскага раёна Катэгорыя:Рэкі Кіраўскага раёна