Гео́рг А́ўгуст Гаўль (; года, Гросгайм, цяпер раён Ганау, Гесэн — года, Берлін, Германія) — нямецкі скульптар-анімаліст.

Біяграфія Сын муляра Філіпа Гаўля (1840—1910), Аўгуст Гаўль з 13 гадоў пачаў навучацца ў мастацкай школе ў Ганау. Затым на працягу двух гадоў працаваў на фабрыцы па вырабе сярэбраных вырабаў. У 1888 годзе ён з дапамогай свайго настаўніка Вайсэ быў накіраваны на вучобу ў Берлін. Працягваючы вучыцца ў майстэрні скульптара Аляксандра Каландрэлі, стаў сталым наведвальнікам Музея прыкладных мастацтваў. Там ён атрымаў абанемент для наведвання Берлінскага заапарка і захапіўся вывучэннем экзатычных жывёл, цэлымі днямі робячы замалёўкі з натуры.

З 1894 па 1898 гады А. Гаўль працаваў у майстэрні вядомага берлінскага скульптара Рэйнгальда Бегаса і браў удзел у абмеркаванні ўзвядзення манумента кайзеру Вільгельму I каля Гарадскога палаца. У 1897 годзе быў накіраваны ў паездку ў Італію.

У 1898 годзе Гаўль стаў адным з заснавальнікаў Берлінскага сецэсіёну, у які ўвайшлі такія мастакі, як Макс Ліберман і Вальтэр Лейстыкаў.

У 1900 годзе Аўгуст Гаўль ажаніўся з Кларай Хертэль (1874—1940). У іх нарадзіліся дзве дачкі (Катарына і Шарлота) і сын Карл Петэр.

У 1912 годзе стварыў скульптурную кампазіцыю «Зубры, якія змагаюцца», якая была перададзена Кёнігсбергу і ўсталявана перад будынкам Вярхоўнага суда Усходняй Прусіі, сімвалізуючы барацьбу абароны і абвінавачвання. Адна з нешматлікіх захаваных у горадзе пасля Другой сусветнай вайны скульптура і сёння ўпрыгожвае Калінінград.

А. Гаўль супрацоўнічаў з вядомым берлінскім выдаўцом і гандляром творамі мастацтва Паўлем Касірэрам. Сярод яго блізкіх сяброў былі Генрых Цыле і Эрнст Барлах.

Гаўль адмовіўся ад абрання сенатарам Берлінскай акадэміі мастацтваў, палічыўшы, што можа паспяхова займацца мастацтвам і без афіцыйнага статусу.

Шэраг яго твораў знаходзяцца ў родным Ганау (на Рохусплац і перад школай каля фантана Гаўля). Бронзавая скульптура арла яго працы ўсталявана на вяршыні гары ў горным масіве Рон. Перад берлінскім Рэнесанс-тэатрам у 1911 годзе быў усталяваны яго фантан з качкамі.

Аўгуст Гаўль сканаў у Берліне ў 1921 годзе ад раку.

Творы

Спасылкі

Біяграфія Аўгуста Гаўля Біяграфія Аўгуста Гаўля Біяграфія і спіс прац Аўгуста Гаўля на сайце «Нямецкія біяграфіі»

Катэгорыя:Скульптары Германіі Катэгорыя:Памерлі ў Берліне Катэгорыя:Нарадзіліся ў Ганау Катэгорыя:Памерлі ад раку Катэгорыя:Мастакі-анімалісты Катэгорыя:Берлінскі сецэсіён Катэгорыя:Постаці Кёнігсберга Катэгорыя:Скульптары паводле алфавіта