Стэфан Грабоўскі (, вёска Асташына Наваградскага павета — ) — ваенны і дзяржаўны дзеяч, генерал. Адзін з кіраўнікоў паўстання Т. Касцюшкі.

Біяграфія Прадстаўнік шляхецкага роду Грабоўскіх герба «Окша», сын Тамаша Марыяна, генерал-маёра літоўскага войска, і Дароты з Отэнгаўзенаў. Стрыечны брат Паўла Яна Грабоўскага.

Пасля сканчэння Рыцарскай школы ў Варшаве харужы ў войску Вялікага Княства Літоўскага. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай (1792) падпалкоўнік, вызначыўся ў баях пад Мірам і Брэстам.

Член масонскай ложы «Шчаслівага вызвалення» ў Гродне, майстар цырыманіяла.

Па перамозе Таргавіцкай канфедэрацыі далучыўся да падрыхтоўкі паўстання ў Вільні, у часе вызвалення якой ад расійскай залогі (красавік 1794) падыход яго аддзела змусіў расійскія войскі пакінуць ваколіцы горада. Браў удзел у баях пад вёскамі Солы і Паляны ў складзе паўстанцкага войска пад камандай Я. Ясінскага. Удзельнічаў у абароне Вільні ў ліпені 1794 года. У канцы жніўня 1794 года ўзначаліў рэйд 2-тысячнага аддзела паўстанцаў на Меншчыну і Магілёўшчыну (Араны — Койданаў — Пухавічы — Бабруйск — Любань). У дарозе да яго далучалася дробная шляхта і сяляне. Аднак пасля Любанскай бітвы (4 верасня 1794) вымушаны быў капітуляваць.

Улады Расійскай імперыі выслалі С. Грабоўскага ў Кастрамскую губерню. Волю атрымаў дзякуючы амністыі паўстанцам ад Паўла I.

У расійскую-французскую вайну (1812) перайшоў на бок Напалеона. Абіраўся берасцейскім маршалкам, дзе сабраў войска. У званні генерал-маёра ўзначальваў Ваенны камітэт Камісіі часовага ўраду Вялікага Княства Літоўскага. Па адступленні войскаў Напалеона змагаўся супраць антыфранцузскай кааліцыі разам з Ю. Панятоўскім. Пад Лейпцыгам трапіў у палон.

Дзякуючы падтрымцы Адама Чартарыйскага з захаваннем ваеннага звання ўвайшоў у склад найвышэйшай адміністрацыі Герцагства Варшаўскага. З 1825 міністр-сакратар Царства Польскага. Бараніў інтарэсы свайго краю. З 1826 года генерал дывізіі. Браў удзел у руска-турэцкай вайне (1826—1829). У 1832—1839 гадах член Дзяржаўнага савета Расіі.

З 1839 года ў адстаўцы.

У шлюбе з Н. Гладкоўскай нашчадкаў не пакінуў.

Літаратура

Спасылкі

Катэгорыя:Удзельнікі вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1792 года Катэгорыя:Удзельнікі паўстання 1794 года Катэгорыя:Генералы Рэчы Паспалітай Катэгорыя:Постаці Пухавічаў