Аляксандр Леанідавіч Варламаў ці часцей Саша Варламаў ( или чаще Саша Варламов; or Sasha Varlamov; ) (6 мая 1955, Мінск, БССР, СССР) — беларускі мастак-мадэльер, дызайнер, харэограф, рэжысёр, мастацтвазнаўца, педагог, пісьменнік, паэт. Напісаў звыш 70 навуковых артыкулаў для акадэмічнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989). У 1985—1991 гг. быў рэжысёрам, пастаноўшчыкам і харэографам Мінскага тэатра моды. У 1992 г. заснаваў уласнае прыватнае прадпрыемства «Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава» (перайменаванае ў 2000 г. у «Агенцтва моды Сашы Варламава»), якое стала прадаўжальнікам традыцый Мінскага тэатра моды і праіснавала да 2013 года. З 1992 па 2001 гг. — сааўтар, рэжысёр-пастаноўшчык і харэограф тэатра моды «Modetheater Berlin» (Германія). У 1997 і 2001 г. стаў суарганізатарам і саўдзельнікам самага буйнога сусветнага форума моды «Der große Q» у Берліне (Германія) — форум 2001 годзе занесены ў «Кнігу рэкордаў Гінеса» за самы вялікі подыум у свеце даўжынёй метраў. Аўтар калекцый адзення, а таксама аўтар і пастаноўшчык у 1992—2011 гг. шэрагу праектаў, звязаных з сінтэзам моды, харэаграфіі, музыкі, літаратуры і іншых відаў мастацтва, у тым ліку конкурсу «Супермадэль Беларусі» (1992—2000) і фестывалю-конкурсу моды і фота «Млын моды» («Мельница моды») (з 2001) у Беларусі. Арганізатар паказаў беларускай моды ў краінах Еўропы. У 2013—2015 гг. меў свой «Віртуальны дом моды Сашы Варламава» ў Інтэрнэце і з’яўляўся практыкуючым дызайнерам. З лістапада 2013 па 2015 г. таксама з’яўляўся прадстаўніком у Рэспубліцы Беларусь міжнароднага конкурсу маладых дызайнераў адзення «Поколение NEXT» (Санкт-Пецярбург, Расія). У 2014—2015 гг. быў аўтарам і кіраваў сваім праектам Тэатр моды «Шкаф» (Мінск, Беларусь). Кавалер срэбнага медаля ганаровага грамадзяніна Рыма (2005).

Сям’я Аляксандр Леанідавіч Варламаў нарадзіўся 6 мая 1955 г. у Мінску трэцім дзіцём у сям’і Аляксандры Палікарпаўны Варламавай (1918—1991) і яе законнага мужа Леаніда Георгіевіча Тупіцына і ў дакументах аб нараджэнні быў запісаны з прозвішчам маці, а сёстры з прозвішчам бацькі. Маці Аляксандра Палікарпаўна нарадзілася 22 верасня 1918 г. у горадзе Александрыя Кіраваградскай вобласці (УССР). Бацька маці Палікарп Міхайлавіч Варламаў быў камісарам харчразвёрсткі ў першыя гады савецкай улады ў Расіі, а яе маці Неаніла была адной з трох дзяцей (разам з сёстрамі Ганнай і Вольгай) у сям’і адэскага грэка-двараніна Мікалая (валодаў маёнткам у Варвараўцы) і сялянкі яго маёнтка — балгаркі Марыі Іларыёнаўны Кудраўцавай.

Бацька Леанід Георгіевіч Тупіцын нарадзіўся 15 чэрвеня 1915 г. у Мінску і быў старэйшым дзіцём (разам братам Мікалаем і сястрой Тамарай) у сям’і адстаўнога целаахоўніка расійскага імператара (1894—1917) Мікалая II Георгія Уладзіміравіча Тупіцына (ураджэнца Арлоўскай губерні Расійскай імперыі) і яго жонкі мінскай мяшчанкі Таццяны Кляменцеўны Краспановіч, якая валодала пляцам зямлі ў горадзе.

Бацькі Сашы Варламава з дзецьмі жылі ў Мінску ў прыватным доме № 40 на вуліцы Гражданскай (зараз раён пажарнай каланчы па вуліцы Магілёўская).

У Аляксандра Варламава ёсць дзве замужнія сястры — Ларыса Леанідаўна Мухарская (нарадзілася 3 лістапада 1941 г. у Адэсе) і Рыма Леанідаўна Шымчонак (нарадзілася 2 верасня 1948 г. у Мінску).

Выхаванне, адукацыя і навуковая дзейнасць У 1962—1964 гг. вучыўся ў Мінску ў сярэдняй школе № 1, у 1964—1968 гг. — у Беларускім дзяржаўным харэаграфічным вучылішчы ў Мінску, у 1968—1973 гг. — у мінскай сярэдняй школе № 90. Яшчэ ў школе пачаў працоўны стаж — у 1971 г. быў паштальёнам па дастаўцы газеты «Вечерний Минск». У 1972 г. займаўся ў народным тэатры Палаца культуры прафсаюзаў у Мінску (пад кіраўніцтвам галоўнага рэжысёра беларускага тэлебачання Юрыя Уладзіміравіча Сцяпанава)Саша Варламаў стварыў Тэатр моды «Шафа» (фота) ..

У 1973 г. пад уплывам твораў Антуана дэ Сент-Экзюперы пачаў працаваць у авіяцыі (авіяматарыстам Мінскага аб’яднанага авіяатрада). У 1973—1975 гг. служыў ва Узброеных сілах СССР (хімічныя войскі), дзе атрымаў званне яфрэйтара. Папярэдне скончыўшы спецыяльныя курсы ў Растове-на-Доне, у 1975—1980 гг. працаваў у ГДР грамадзянскім авіямеханікам на савецкім авіяцыйным заводзе і аэрадроме Шперэнберг. З афіцэрскіх жонак у Шперэнбергу сабраў танцавальны калектыў.

У 1981—1985 гг. быў студэнтам Мінскага інстытута культуры і адначасова там жа быў у 1981—1985 гг. лабарантам галіновай навукова-даследчай лабараторыі беларускай танцавальнай творчасці. У ліпені 1985 г. стаў малодшым навуковым супрацоўнікам той лабараторыі. Вучыўся на факультэце культурна-асветніцкай работы, аддзялення харэаграфіі. Па сканчэнні інстытута ў верасні 1985 г. атрымаў спецыяльнасць «культасветработа, кіраўнік харэаграфічнага калектыву», «чырвоны» дыплом і быў размеркаваны ў тую ж лабараторыю на пасаду яе загадчыка і паралельна стаў намеснікам загадчыка кафедрай харэаграфіі (да верасня 1987 г.); з ліпеня па верасень 1987 г. быў паралельна намеснікам дэкана замежных студэнтаў Мінскага інстытута культуры. З 1982 па 1987 г. рэгулярна выязджаў у этнаграфічныя экспедыцыі даследаваць традыцыйную беларускую культуру (абрады, гульні, танцы, песні і музыку) і аб’ехаў са студэнтамі інстытута ўсе рэгіёны Беларусі, хоць тэма даследавання тычылася толькі Гомельскай воласці. Прымаў удзел у стварэнні ў Мінску інстытуцкага музея беларускага прыкладнога мастацтва з прадметаў, сабраных у экспедыцыях, — афармляў экспазіцыю разам з Тамарай Рудзіцэр.

У 1985 г. таксама паступіў у аспірантуру Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва (ГИТИС) у Маскве на аддзяленне «мастацтвазнаўства, тэатральная крытыка», а тэмай выбраў танцавальную культуру Заходняга Палесся. З вялікай павагай і ўдзячнасцю ўспамінае свайго навуковага кіраўніка — доктара мастацтвазнаўства, прафесара Юлію Міхайлаўну Чурко, якая многаму навучыла Варламава ў той час, у тым ліку тэатральнай крытыцы. Яна ж была да 1985 г. загадчыцай лабараторыяй, дзе быў лабарантам Варламаў. Публікаваў вынікі сваіх даследаванняў у газеце «Голас Радзімы» і ў часопісе «Літаратура і мастацтва». Пісаў крытычныя артыкулы аб тэатральных пастаноўках, браў інтэрв’ю ў артыстаў. Напісаў звыш 70 навуковых артыкулаў для акадэмічнай энцыклапедыі «Этнаграфія Беларусі» (1989), якая была выдадзена Інстытутам мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Акадэміі навук БССР. Частка фотаматэрыялаў, зробленых Варламавым у экспедыцыях, увайшла ў энцыклапедыю. Прымаў удзел у выданні ў 1989 г. акадэмічнага зборніка па традыцыйнай беларускай харэаграфіі (каля 30 навуковых артыкулаў). У аспірантуры правучыўся толькі два гады і не дапісаў дысертацыю, бо з восені 1987 г. вырашыў прысвяціць сябе цалкам Мінскаму тэатру моды.

Творчая дзейнасць у галіне моды

Мінскі тэатр моды (1983—1991)

Яшчэ студэнтам пачаў працаваць (з 1981 г.) мадэллю (ці як тады гэта афіцыйна называлася — «дэманстратарам адзення») у Доме моды ў Мінску, сукупна займаючыся гэтым каля 10 год; у тым ліку з 1982 па 1987 г. раз-пораз працаваў мадэллю ў мадэльера Вячаслава Зайцава ў Маскве. У 1983 г. заснаваў у Мінску супольна з дызайнерам адзення Галінай Мяшковай першы ў БССР тэатр моды — Мінскі тэатр моды (вул. Мельнікайтэ, 4)Зараз у гэтым будынку знаходзіцца Нацыянальная школа прыгажосці (Беларусь)., дзе працаваў спачатку мадэллю, а з 1985 г. рэжысёрам, пастаноўшчыкам і харэографам побач з дызайнерам адзення Іннай Булгакавай. У 1987 г. перайшоў у Мінскі тэатр моды як на асноўнае месца працы. Сам тэатр у 1987 г. быў перададзены НПА «Белбыттехпроект» (Мінск), а галоўным мастаком тэатра засталася Булгакава. Паралельна з пачатку 1980-ых гг. пачаў вучыцца дызайну адзення ў тых мадэльераў, з якімі яго зводзіў лёс, і лічыў сваімі галоўнымі настаўнікамі ў гэтым дызайнераў Галіну Якаўлеўну Мяшкову (ПА «Прогресс», Мінск), Інну Барысаўну Булгакаву (кіраўнік эксперыментальнай лабараторыі Дома моды ў Мінску), Вячаслава Міхайлавіча Зайцава (Масква), Ірыну Уладзіміраўну Емяльянаву, мастака па трыкатажы НПА «Белбыттехпроект» Тамару Мендзелеўну Рудзіцэр.

У 1987 г. Мінскі тэатр моды выступаў з паказам калекцый беларускіх дызайнераў у Крамлёўскім палацы на ўрачыстым пасяджэнні ЦК КПСС на чале з Міхаілам Гарбачовым, якое было прысвечана 70-годдзю Савецкай улады. У 1987 г. на ВДНГ СССР Мінскі тэатр моды заняў 1-е месца сярод тэатраў моды ў СССР. Тэатрам у 1987—1990 гг. былі створаны спектаклі «Время, мы, мода», «Капризная, упрямая!», «Весенний репортаж». У снежні 1989 г. тэатр таксама стварыў спектакль «Credo» (Верую), які быў прысвечаны асобе і часу Францыска Скарыны і паказваўся чатыры разы ў тыдзень у рамках святкавання ў БССР 500-годдзя з дня нараджэння беларускага першадрукара. Навуковым кансультантам спектакля быў беларускі доктар гістарычных навук Анатоль Пятровіч Грыцкевіч. Летам 1990 г. Мінскі тэатр моды паказаў спектакль «Credo» у Беластоку (Польшча). Дакументальны фільм «Мінскі тэатр моды» (1990), які змяшчае фрагменты з двух спектакляў тэатра ад 1988 і 1989 г. (у тым ліку і «Credo»), зараз захоўваецца ў Нацыянальнай бібліятэцы БеларусіЭпізоды фільма здымаліся і ў Мірскім замку..

Восенню 1988 г. Мінскі тэатр моды быў удзельнікам, а Саша Варламаў стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам I Усесаюзнага фестывалю маладзёжнай моды (СССР), які праходзіў у Мінску ў Палацы спорту адразу на трох подыумах (адначасова ў адной залі). У фестывалі ўдзельнічалі дызайнеры краін СССР: БССР была прадстаўлена Мінскім тэатрам моды і Беларускім домам мадэляў (Вольга Ламака прадставіла сваю калекцыю адзення «Паляванне»). У 1989 г. стаў рэжысёрам-пастаноўшчыкам праекта «Модарт», з якім пабываў у многіх гарадах Беларусі і ў рамках якога ў Брэсце адбыўся дэбют Алёны Свірыдавай як спявачкі (з песняй «Ваши пальцы пахнут ладаном»). Пасля закрыцця летам 1991 г. тэатра моды, Варламаў працаваў пад эгідай спартыўнага клуба Аляксандра Мядзведзя ў Мінску.

Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава (Агенцтва моды Сашы Варламава) У 1992 г. заснаваў прыватнае прадпрыемства «Рэкламнае Агенцтва Сашы Варламава» (пазней перайменаванае ў 2000 г. у сувязі з абавязковай перарэгістрацыяй у «Агенцтва моды Сашы Варламава»), якое стала прадаўжальнікам традыцый Мінскага тэатра моды. Яно наладзіла супрацоўніцтва з агенцтвам «Ford Models» (Парыж, Францыя), арганізавала ў 1992 г. у Мінску першы конкурс «Супермадэль Свету» у Беларусі і атрымала ад «Ford Models» спецыяльны дазвол на правядзенне штогадовага конкурсу «Супермадэль Беларусі» (1992—2000), першы з якіх адбыўся ў тым жа годзе ў Мінску, дзе прысутнічалі прадстаўнікі агенцтваў «Ford Models» (прадзюсар Наомі Кэмпбел), «Models 1» (Лондан), «Еуе for I» (Мілан). Агенцтва адкрыла курсы падрыхтоўкі прафесійных мадэляў з праграмай навучання «супермадэль». Акрамя таго Рэкламнае агенцтва Сашы Варламава мела патэнт на гандлёвую марку «Тэатр моды Сашы Варламава», бо гэта добра гучала і мела прамое дачыненне да формы праводзімых паказаў і праграм. Гандлёвая марка «Тэатр моды Сашы Варламава» выкарыстоўвалася і была запатэнтавана да сярэдзіны 2000-х гг., а пасля агенцтва не стала прадоўжваць гэты патэнт.

У 1992 г. па запрашэнні сената Берліна пачалося шматгадовае супрацоўніцтва (1992—2001) агенцтва з нямецкім тэатрам моды «Modetheater Berlin» (Берлін), дзе з 1992 г. кіраўніком тэатра працавала даўняя знаёмая Варламава дызайнер Тамара Рудзіцэр. Варламаў стаў сааўтарам, рэжысёрам-пастаноўшчыкам і харэографам спектакляў у «Modetheater Berlin»: у 1992—2001 гг. рабіў пастаноўкі шоу моды (кожны год па два новых спектаклі) у берлінскім палацы культуры «Siemensvilla» і ў берлінскім тэатры «Podevil».

У 1992—2000 гг. рабіў цыкл перадач «Супермадэль Беларусі» на беларускім тэлебачанні. 5 студзеня 1997 г. у Мінску ў час правядзення конкурсу «Супермадэль Мінска 1997» у кінатэатры «Кастрычнік» адбылося першае выступленне на сцэне беларускага гітарыста і кампазітара Валерыя Дзідзюлі, сцэнічны касцюм якому тады пашыў Саша Варламаў. У 1997 г. у рамках праекта «Супермадэль Беларусі» Саша Варламаў арганізаваў першую паездку ў Еўропу беларускіх дызайнераў з мэтай паказу калекцый іх адзення.