Ангау́р () — востраў Каралінскага архіпелага ў складзе Палау. Мае статус асобнага штата гэтай краіны. Плошча — 8,4 км². Насельніцтва (2005 г.) — 320 чал.

Геаграфія і прырода Востраў Ангаур знаходзіцца на поўдні групы астравоў Палау Каралінскага архіпелага ў 84 км на паўднёвы захад ад Нгерулмуда. Даўжыня — 4,32 км. Найбольшая шырыня — 3,4 км. Уяўляе сабою падняты каралавы востраў, які месціцца на вяршыні старажытнага падводнага вулканічнага хрыбта. Паверхня даволі плоская. Найвышэйшы пункт — 61 м. Пад тонкім пластом глебы знаходзіцца порыстая вапняковая паверхня, якая выдатна ўсмоктвае вільгаць. Таму, нягледзячы на значныя сезонныя ападкі, сталых паверхневых вадацёкаў на Ангауры няма.

Значная частка вострава пакрыта лесам і хмызнякамі. На Ангауры спыняюцца пералётныя птушкі, таксама вылучаюцца мясцовыя эндэмічныя віды. На востраве жыве некалькі марскіх кракадзілаў.

Гісторыя

У старажытнасці Ангаур быў населены мікранезійцамі, продкамі сучасных палаўанцаў. У XVIII ст. па невядомых прычынах большая частка жыхароў пакінула востраў і перасялілася на Бабелдааб, дзе ў нашы дні захаваліся вёскі, заснаваныя імі.

У 1885—1899 гг. Ангаур знаходзіўся пад кантролем Іспаніі, у 1899—1914 гг. — Германіі, у 1914—1944 гг. — Японіі. У 1909 г. нямецкія прадпрымальнікі наладзілі тут здабычу фасфатаў. Яна працягвалася і ў перыяд японскага кантролю над востравам. У якасці рабочых прыцягваліся выхадцы з розных кутоў Мікранезіі, Акінавы і Карэі. Многія сучасныя ангаурцы фактычна з’яўляюцца мікранезійска-азіяцкімі метысамі. Яны размаўляюць на мясцовым дыялекце палаўанскай мовы з багатым лексічным запазычаннем з японскай.

Падчас II сусветнай вайны, 17 верасня 1944 г. на Ангаур высадзіліся амерыканскія войскі. Да 20 верасня 1944 г. яны цалкам захапілі японскія пазіцыі. У 1947 г. востраў трапіў у склад тэрыторый Мікранезіі, што былі перададзены ААН пад апеку ЗША. З 1994 г. — у складзе незалежнай Рэспублікі Палау.

Кіраванне Востраў Ангаур складае асобны штат у складзе Рэспублікі Палау. Ён мае сваю Канстытуцыю, выбарнага губернатара і выбарны заканадаўчы сход. Адміністрацыя штата фактычна знаходзіцца ў Корары.

Спасылкі Islands of Palau Angaur Island — Palau Visitors Authority Angaur Island (Ngeaur) Angaur and Ulithi, battle for, (Operation Stalemate II), September 1944 Angaur State Swingin' on a Star Blog

Катэгорыя:Астравы Ціхага акіяна Катэгорыя:Астравы Аўстраліі і Акіяніі Ангаур