Тавары́ства амата́раў наву́к, Навуковае таварыства, Навучальнае таварыства — адно з першых тайных таварыстваў на Беларусі, створанае ў 1819 годзе ў Свіслацкай гімназіі. У стварэнні вялікую арганізацыйную і ідэйную ролю адыграў выдавец «Dekada Polska» В. Гельтман, які пазней быў актыўным дзеячам паўстання 1830—1831 гадоў, ён распрацаваў праект статута ад 7 студзеня 1820 года (складаўся з 7 раздзелаў, 30 параграфаў). Першым старшынёй таварыства быў Дыянісій Шлаеўскі. Сакратар Р. Вашчыловіч. Члены таварыства (вядома 15 членаў) падзяляліся на на кандыдатаў, правадзейных членаў, членаў-карэспандэнтаў, ганаровых членаў.

Мэта Мэтай таварыства заключалася ў тым, каб «сумеснымі сваімі працамі ўдасканальваць айчынную мову і памнажаць творы польскага красамоўя».

Дзейнасць Паводле сацыяльнага паходжання члены таварыства былі прадстаўнікамі незаможнага духавенства, збяднелай шляхты, дробных чыноўнікаў. Члены таварыства падтрымлівалі ідэю адраджэння Рэчы Паспалітай у межах 1772 года. Характарам дзейнасці Таварыства аматараў навук не адрознівалася ад падобных арганізацый у Польшчы і беларуска-літоўскіх губернях. Навучэнцы гімназіі наладжвалі тайныя сходы, на якіх абмяркоўвалі свае літаратурныя творы. У іх творах, вершаваных і празаічных, у прамовах выяўляліся, як засведчана ў матэрыялах следства, «патрыятычныя думкі ў польскім духу, успаміны пра славутых дзеячаў былой Польшчы, заклік наследаваць іх дзеля славы айчыны і ўгаворы, каб у таварыстве захаваць адзінства, роўнасць і (дзеля канспірацыі) паслухмянасць начальству вучылішча». Пасля заканчэння гімназіі (6-га класа) амаль усе члены Таварыства аматараў навук сталі членамі так званага Маральнага таварыства.

Ёсць меркаванне, што таварыства існавала да арышту В. Гельтмана ў 1821 годзе.

Зноскі

Літаратура

Таляронак, С. В. Тайныя Свіслацкія гурткі «Навуковы» і «Маральны» (1819—1820) / С. В. Таляронак // Весці АН Беларусі. Серыя гуманітарных навук. — 1994. — № 3.

Катэгорыя:З’явіліся ў 1819 годзе Катэгорыя:Свіслацкая гімназія Катэгорыя:Арганізацыі Беларусі