Іслам у Беларусі мае шматвяковую гісторыю, пачынаючы з XIV стагоддзя. Першапачаткова ён быў прыўнесены татарамі-ліпкамі, якія пасяліліся на землях Вялікага Княства Літоўскага. На працягу стагоддзяў мусульманская супольнасць стала неад’емнай часткай беларускага грамадства, сфарміраваўшы ўнікальную культурную традыцыю, у тым ліку пісьменства на беларускай мове арабскім пісьмом (Кітабы).

У цяперашні час мусульманская суполка краіны ўключае як нашчадкаў гістарычных татараў, так і мусульманскіх імігрантаў з Блізкага Усходу, Паўночнай Афрыкі і Цэнтральнай Азіі. Паводле розных ацэнак, колькасць мусульман у Беларусі складае ад 30 000 да 45 000 чалавек, што складае каля 0,5% насельніцтва. Аснову мясцовай мусульманскай супольнасці складаюць татары, якія кампактна пражываюць у Гродзенскай і Мінскай абласцях.

Гісторыя Ранні перыяд Першыя сведчанне кантактаў паміж беларускімі землямі і ісламскім светам — гэта знаходкі арабскіх срэбраных манет (дырхемаў), самыя старыя з якіх датуюцца VIII стагоддзем. Даследчыкі мяркуюць, што пранікненне арабскіх манет пачалося ў 70—80-я гады VII стагоддзя. Найстарэйшыя скарбы, знойдзеныя, напрыклад, у Глыбоцкім раёне, утрымліваюць манеты халіфаў Абасідаў, такіх як Гарун аль-РашыдLichoedov, Vladimir. Belarus Ve İslam Dunyasi..

Арабскія географы (напрыклад, Аль-Істахры і Ібн Хаукаль) згадвалі краіну Артанія, якую некаторыя гісторыкі атаясамліваюць з землямі сучаснай усходняй Беларусі або крывічоўСанько, С., Кашкурэвіч, Х. Загадкавая краіна Артанія.. У летапісе «Аповесць мінулых гадоў» згадваецца прыход паслоў з Волжскай Булгарыі да князя Уладзіміра з прапановай прыняць іслам у 986 годзе, аднак князь адмовіўся.

Іслам у Вялікім Княстве Літоўскім Бесперапынная гісторыя ісламу ў Беларусі пачынаецца ў XIV стагоддзі, калі вялікія князі літоўскія пачалі запрашаць татараў з Залатой Арды і Крыма для вайсковай службы.

Праўленне Гедзіміна і Альгерда Паводле гістарычных звестак, першыя татары з’явіліся яшчэ пры вялікім князю Гедзіміне. Сутыкнуўшыся з качавымі плямёнамі, ён вырашыў выкарыстаць іх ваенныя навыкі для аховы межаў дзяржавы. Пазней князі Альгерд і Кейстут запрашалі татараў для ўдзелу ў паходах супраць крыжакоў, надаючы ім права сяліцца каля гарадоў і замкаў.

Эпоха Вітаўта

Найбольш актыўную ролю ў пасяленні мусульман адыграў вялікі князь Вітаўт. Пасля паходу 1397 года супраць Залатой Арды ён прывёў у ВКЛ тысячы палонных і добраахвотнікаў, якіх рассяліў у наваколлях Трокаў, Вільні, Навагрудка, Ліды і Гродна. Мусульмане таксама называлі Вітаўта «Белым ханам» і «Ваттадам» (апорай ісламу на Захадзе).

У Грунвальдскай бітве 1410 года на баку Вітаўта змагалася татарская конніца пад кіраўніцтвам Джэлал ад-Дзіна, сына хана Тахтамыша. Паводле легенды, горад Іўе — адзін з галоўных цэнтраў беларускіх татараў — быў заснаваны «князем Баталдам» (верагодна, Вітаўтам) для татараў у падзяку за службу.

Перыяд Рэчы Паспалітай

Да канца XVI стагоддзя на землях сучаснай Беларусі і Літвы пражывала больш за 100 000 татараў. Яны паступова страцілі сваю родную цюркскую мову і перайшлі на старабеларускую, але захавалі рэлігію. Гэта прывяло да ўзнікнення ўнікальнай з’явы — беларускіх тэкстаў, напісаных арабскім пісьмом (кітабы, хамаілы, тафсіры).

Татары ў Рэчы Паспалітай стварылі своеасаблівую субкультуру, якая спалучала ісламскія традыцыі з мясцовымі звычаямі. Яны не асіміляваліся цалкам, дзякуючы строгаму прытрымліванню рэлігійных прадпісанняў, што рэгулявалі ўсе сферы жыцця вернікаў.

У 1686 годзе ў Мінску быў створаны «Мінскі тафсір» — рукапісны пераклад Карана, які з’яўляецца адным з першых перакладаў Карана на еўрапейскую мову. Мусульманскае насельніцтва Беларусі было адзінай канфесійнай групай, якая бесперапынна падтрымлівала традыцыю беларускамоўнага кнігапісання да пачатку XX стагоддзя.

У складзе Расійскай імперыі Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія мусульмане сталі падданымі Расійскай імперыі. У 1797 годзе быў створаны Літоўска-татарскі конны полк. Мусульмане займалі высокія пасады ў расійскай арміі: напярэдадні Першай сусветнай вайны сярод генералаў было больш за дзясятак беларускіх татараў. Да пачатку Першай сусветнай вайны ўрадам прымаліся меры па ўліку мусульманскага насельніцтва, аднак статыстычныя дадзеныя паліцыі і земстваў часта разыходзіліся.

Паводле паданняў, пасля руска-персідскай вайны 1826—1828 гадоў генерал Іван Паскевіч пасяліў у сваім маёнтку ў Гомелі групу палонных персаў і курдаў, якія таксама ўліліся ў мясцовую мусульманскую супольнасць.

Савецкі перыяд У БССР іслам, як і іншыя рэлігіі, падвяргаўся ганенням. У 1935 годзе пачалося закрыццё мячэцей. Многія рэлігійныя дзеячы былі рэпрэсаваныя. У 1962 годзе была знішчана гістарычная мячэць у Мінску, на месцы якой пабудавалі гасцініцу «Юбілейная». Адзінай дзеючай мячэццю ў Беларусі ў савецкі час заставалася мячэць у горадзе Іўе.

Нягледзячы на ціск і разбурэнне татарскай слабады ў Мінску ў 1970-я гады, калі татараў расялялі па розных раёнах горада для прадухілення кампактнага пражывання, яны здолелі захаваць сваю рэлігійную ідэнтычнасць у сямейным коле.

Сучасная сітуацыя

У 1994 годзе адбыўся Першы ўсебеларускі кангрэс мусульман, на якім было заснавана Мусульманскае рэлігійнае аб’яднанне ў Рэспубліцы Беларусь. Яго першым кіраўніком стаў доктар Ісмаіл Александровіч, а з 2005 года муфтыем з’яўляецца Абу-Бекір Шабановіч. Гэтая падзея паклала пачатак арганізацыйнаму афармленню сучаснай ісламскай супольнасці краіны.

У 2007 годзе група мусульман-ахмадыя сутыкнулася з забаронай на адкрытую дзейнасць і не змагла атрымаць дзяржаўную рэгістрацыю.

11 лістапада 2016 года пры ўдзеле прэзідэнтаў Беларусі і Турцыі была ўрачыста адкрыта адноўленая Саборная мячэць у Мінску.

Сёння ў Беларусі дзейнічае каля 30 мусульманскіх рэлігійных суполак, большасць з якіх — суніцкія. Існуе таксама адна абшчына шыітаў «Ахль аль-Бейт». Акрамя аўтахтонных татараў, іслам вызнаюць студэнты і імігранты з мусульманскіх краін. Усе абшчыны ўваходзяць у склад двух буйных арганізацый: Рэспубліканскага рэлігійнага аб’яднання «Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» (муфтый Алі Варановіч) і «Мусульманскага рэлігійнага аб’яднання ў Рэспубліцы Беларусь» (муфтый Абу-Бекір Шабановіч).

Праблема радыкалізму У апошнія дзесяцігоддзі ў Беларусі з’явіліся прыхільнікі нетрадыцыйных для рэгіёна плыняў ісламу, такіх як салафізм і вахабізм. Гэта часам прыводзіць да напружанасці ўнутры мусульманскай супольнасці паміж старэйшым пакаленнем татараў і маладымі неафітамі. Праваахоўныя органы перыядычна паведамляюць пра затрыманне прыхільнікаў радыкальных арганізацый (напрыклад, Хізб ут-Тахрыр).

Мячэці

Сёння ў Беларусі дзейнічаюць мячэці ў наступных населеных пунктах: Іўе (помнік драўлянага дойлідства XIX ст.) Навагрудак (адноўлена ў 1997 г.) Слонім (новая мячэць, 1994 г.) Смілавічы (1996 г.) Мінск (Саборная мячэць, 2016 г.) Клецк Відзы Ляхавічы Маладзечна

У мінулым існавалі мячэці ў Міры, Уздзе, Доўбуцішках і іншых месцах пражывання татараў.

Культурная спадчына

Апроч кітабаў, важным элементам спадчыны з’яўляюцца мізары (мусульманскія могілкі). Адным з найбольш вядомых месцаў паломніцтва былі Лоўчыцы пад Навагрудкам, дзе знаходзіцца магіла святога Эўлія Контуса. Паводле паданняў, ён валодаў цудоўнай сілай перамяшчацца ў Мекку і ацаляць хворых. Нягледзячы на крытыку з боку артадаксальнага духавенства, шанаванне магілы Контуса захоўвалася доўгі час і лічылася «беларускай Меккай».

Вядомыя асобы Хаджы Хасроў — персідскі дыпламат беларускага паходжання пры двары шаха Абаса I. Мацей Аляксандравіч Сулькевіч — генерал-лейтэнант, прэм’ер-міністр Крымскага краёвага ўрада, начальнік Генштаба арміі Азербайджанскай Дэмакратычнай Рэспублікі. Якуб Шынкевіч — першы муфтый незалежнай Польшчы (1925). Ібрагім Барысавіч Канапацкі — беларускі грамадскі дзеяч, гісторык, адзін з лідараў татарскага адраджэння. Лейла Раджаб — беларуская лёгкаатлетка іранскага паходжання.

Гл. таксама Іслам у Рэчы Паспалітай Беларускія татары Беларускі арабскі алфавіт Кітабы Мінскі тафсір

Крыніцы

Літаратура Канапацкі І. Б. Гісторыя і культура беларускіх татар. — Мінск, 2000. Мірановіч Я. Беларускія татары: мінулае і сучаснасць. — Мінск: Беларусь, 2000. — 224 с.

Спасылкі

Рэспубліканскае рэлігійнае аб’яднанне «Духоўнае ўпраўленне мусульман у Рэспубліцы Беларусь» Сайт Саборнай Мячэці Мінска

Катэгорыя:Гісторыя ісламу

Катэгорыя:Рэлігія ў Беларусі