Аблога Ро́даса (1480) — аблога крэпасці на в. Родас, якая належала Ордэна гаспітальераў, войскамі Атаманскай Турцыі (23 мая — 29 ліпеня 1480).
Перад падзеямі У 14 — 16 ст. ордэн гаспітальераў з'яўляўся сур'ёзнай марской сілай на Міжземнаморскім тэатры, з якой мусілі лічыцца як Атаманская Турцыя, так і карсарскія дзяржавы Паўночнай Афрыкі. У 1440 егіпецкія войскі спрабавалі напасці на Родас, але былі лёгка адбітыя.
У 1480 султан Мехмед II, пераможца Канстанцінопаля, пастанавіў знішчыць «гняздо сыноў шайтана».
Сілы бакоў
Атаманская Турцыя Каля 70 тыс. чал., вялікі флот. Камандаванне — султан Мехмед II.
Ордэн гаспітальераў 600 рыцараў і слуг Ордэну, ~2000 наймітаў і мясцовага апалчэння. Камандаванне — гросмайстар П'ер д'Абюсон.
Аблога Турэцкія войскі высадзіліся на Родасе 23.5.1480, і прыступілі да атак на ўмацаванні. Аблога вялася зацята, з нечувана моцнай артылерыйскай падтрымкай (да 1000 гарматных ядраў за дзень, паводле ацэнак д'Абюсона). З свайго боку, абаронцы праявілі мноства прыкладаў інжынернай імправізацыі ў абароне. Пералом наступіў 27.7.1480, калі турэцкія войскі павялі на італьянскі сектар муроў масіўны штурм з удзелам вялікай колькасці янычарскіх войскаў. Туркі здолелі пераадолець пралом, ордэнскія сілы адыходзілі, д'Абюсон, які быў паранены яшчэ да гэтага, атрымаў рану кап'ём у грудзі, але ў гэты момант сілы башы-бузукаў, якія сваёй «людскай хваляй» пракладвалі шлях янычарам, запанікавалі, убачыўшы выявы хрысціянскіх святых на мностве ордэнскіх харугваў. Лічыцца, што тагачасныя мусульмане не былі яшчэ звыклыя да людскіх выяў, забароненых іх рэлігіяй, і шматлікія харугвы ў клубах дыму нечакана ўразілі іх і напалохалі. Башы-бузукі кінуліся ў панічныя ўцёкі, проста на янычарскія войскі, якія ішлі за імі, парушылі тым баявы парадак, паніка распаўсюдзілася, і ордэнскія войскі адбілі муры. Толькі ў праломе ў гэты дзень турэцкія войскі панеслі страты каля 3—5 тыс. Праз два дні султан зняў аблогу, пакляўшыся ўчыніць страшную помсту. Аднак, на зваротнай дарозе ў Турцыю, султан памёр.
Пасля падзей Адбіццё аблогі супраць шматразова большых сілаў узняло прэстыж Ордэна ў Еўропе нечувана высока, балазе, міжземнаморскі фланг абароны Еўропы ад Турцыі набываў гэтым часам усё большае значэнне. Ордэн стаў атрымліваць вялікія грашова-матэрыяльныя ўнёскі, крэпасць Родасу была перабудаваная на сучасны лад.
Гл. таксама Аблога Канстанцінопаля (1453) Аблога Родаса (1522)
Заўвагі
Крыніцы
Літаратура
Катэгорыя:Бітвы паводле алфавіта Катэгорыя:Гісторыя Родаса Катэгорыя:Бітвы Асманскай імперыі Катэгорыя:Мальтыйскі ордэн Катэгорыя:Бітвы ў Грэцыі Катэгорыя:Бітвы XV стагоддзя Катэгорыя:Аблогі XV стагоддзя Катэгорыя:1480 год у Еўропе Катэгорыя:Канфлікты 1480 года Катэгорыя:XV стагоддзе ў Грэцыі