Сямён (Саламон) Савельевіч Казіміроўскі () — беларускі і савецкі тэатральны рэжысёр. Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1973). 

Біяграфія Вучыўся ў тэатральнай студыі пры Маскоўскім дзяржаўным яўрэйскім тэатры. У 1940 годзе скончыў рэжысёрскі факультэт Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва ў Маскве.

3 1931 года працаваў у Дзяржаўным яўрэйскім тэатры БССР. У 1940—41 гадах быў рэжысёрам у Беларускім тэатры імя Якуба Коласа. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Адслужыўшы восем гадоў у арміі, маёр Казіміроўскі быў дэмабілізаваны. 

Працаваў рэжысёрам у Дагестанскім рускім тэатры і Іркуцкім драмтэатры, галоўным рэжысёрам Іркуцкага ТЮГа (1953—1957). Галоўны рэжысёр Рускага тэатра драмы Дагестанскай АССР (1957—1959). Быў галоўным рэжысёрам Краснаярскага драмтэатра (1959—1963), Алма-Ацінскага рускага тэатра драмы, Саратаўскага драмтэатра, Беларускага тэатра імя Якуба Коласа ў Віцебску (1967—1975)Гісторыя Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, Іркуцкага тэатра драмы (з 1978). 

Жыў у Швецыі з канца 80-х гадоў.

Творчасць Рэжысёрскай манеры Казіміроўскага ўласцівы пошук выразнай сцэнічнай формы, псіхалагізм, імкненне да сацыяльна-грамадскіх абагульненняў. Пастаноўкі паводле п’ес беларускіх драматургаў вылучаліся ансамблевасцю, паглыбленым пранікненнем у драматычны твор, падкрэсленым вылучэннем нацыянальнага каларыту.

Сярод пастановак: «Нашы дні» С. Герасімава, «Лекар паняволі» Мальера (абедзве 1940), «Шостага ліпеня» М. Шатрова, «Начная аповесць» К. Хаінскага (абедзве 1967), «Зыкавы» М. Горкага, «Варшаўская мелодыя» Л. Зорына (абедзве 1968), «Слуга двух гаспадароў» К. Гальдоні (1969), «Трыбунал» А. Макаёнка (1970), «Многа шуму з нічога» У. Шэкспіра (1971), «Багна» А. Астроўскага, «Снежныя зімы» паводле І. Шамякіна, «Доктар філасофіі» Б. Нушыча (усе 1972), «Жыла-была Сыраежка» В. Зіміна, «Прыніжаныя і зняважаныя» паводле Ф. Дастаеўскага (абедзве 1973), «Апошняя інстанцыя» М. Матукоўскага, «Матухна Кураж і яе дзеці» Б. Брэхта (абедзве 1976), «Заставайцеся сонцам» А. Папаяна (1977) і інш.

Узнагароды Дзяржаўная прэмія БССР (1968) — за пастаноўку «Шостага ліпеня»; Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1973).

Літаратура Сямён Савельевіч Казіміроўскі // Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя : у 2 т. / рэдкал.: Г. П. Пашкоў [і інш.]. — Мн., 2002. — Т. 1.

Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры паводле алфавіта Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры СССР Катэгорыя:Тэатральныя рэжысёры Беларусі Катэгорыя:Постаці Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа