Беларуская літаратура сярэдзіны XVIII—XIX ст. — якасна новы этап у гісторыі беларускага прыгожага пісьменства.

Гістарычны кантэкст Складанасць і супярэчлівасць развіцця літаратуры Беларусі з 1740-х г. у значнай ступені абумоўлена імклівым чаргаваннем крызісных з'яў і палітычных падзей на тэрыторыі Рэчы Паспалітай (шляхецкая анархія, дэцэнтралізацыя ўлады, каралеўскія рэформы, Барская і Таргавіцкая канфедэрацыі, падзелы Рэчы Паспалітай, Канстытуцыя 3 мая 1791, вызваленчае паўстанне 1794 года пад кіраўніцтвам Т. Касцюшкі і інш.).

У той жа час развівалася асветніцка-філасофская думка (Б. Дабшэвіч, А. Доўгірд, М. Карповіч, К. Нарбут і інш.), распаўсюджваліся погляды Вальтэра і Ж.-Ж. Русо, абнаўлялася адукацыйная сістэма, адбывалася судакрананне элітарнага і народнага мастацтваў, пашыралася кнігадрукаванне, выспяваў краёвы патрыятызм пры шматмоўным спосабе выяўлення думкі, шырокім бытаванні польскай мовы ў беларускім грамадстве і захаванні беларускіх гаворак у асяроддзі сялян і шляхты. У культурным жыцці важнае месца займалі тэатр і музыка, а інтэрмедыі школьных тэатраў сталі важкім аргументам для захавання за беларускай мовай статуса літаратурнай.

Далучэнне Беларусі да Расійскай Імперыі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай у канцы XVIII ст. выклікала лёсавызначальнае ўскладненне грамадска-культурнага жыцця і духоўных пошукаў беларусаў: у шляхецкім асяроддзі пачало нарастаць імкненне да аднаўлення Рэчы Паспалітай і ВКЛ. Нацыянальна-вызваленчы рух, паўстанні 1830—31 і 1863—64 фарміравалі лакальна-гістарычны і мясцовы патрыятызм, а разам з гэтым падводзілі да беларускамоўнага адраджэння літаратуры, якое адбывалася ва ўмовах паланізацыі і русіфікацыі грамадства.

Палітычныя падзеі адцягвалі грамадскую ўвагу ад літаратурных праблем, аднак касмапалітычная эстэтыка класіцызму супярэчыла тэндэнцыям пісьменніцкага самавыяўлення, спасціжэння народнага жыцця і мастацкага адлюстравання з'яў, не асвоеных літаратурай. Расла цікавасць да мясцовай гісторыі і вуснай паэзіі, да славянскай даўніны. На старонках віленскіх часопісаў «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік») у 1817-18 г. пачалі друкавацца фалькларыстычныя працы М. Чарноўскай, К. Ляха-Шырмы і інш. Даследчыкі ставілі асветніцкія задачы ў справе назапашвання і вывучэння вусна-паэтычнай спадчыны. Праца З. Даленгі-Хадакоўскага «Пра славяншчыну да хрысціянства» (1818) змяніла асветніцкае стаўленне да фальклорнай творчасці.

На шляху вяртання ў нацыянальна-моўнае ўлонне тагачасная літаратура прайшла праз польскамоўнае (Ф. Багамолец, А. Нарушэвіч, Ю. Нямцэвіч), рускамоўнае (Г. Каніскі) і лацінамоўнае (М. Карыцкі) выяўленне класіцызму, зведала сентыменталізм (Ф. Князьнін), асвоіла рамантызм (Т. Лада-Заблоцкі, А. Міцкевіч, А. Ходзька і інш.), заклала асновы рэалізму (А. Плуг, У. Сыракомля). Паралельна з гэтым узнікалі беларускамоўныя творы, якія ў 1-й пал. XIX ст. вызначаліся стылявым сінкрэтызмам, хоць адраджэнскія тэндэнцыі спрыялі рамантычнам светаўспрыманню і замацаванню пануючага становішча паэзіі.

У 1840—50-я г. судакрананне польскамоўнай пісьмовай і беларускамоўнай вуснай сфер мастацкай свядомасці спрыяла з'яўленню самабытных твораў, істотна ўплывала на дэмакратызацыю літаратуры. Беларускія літаратары пільней прыглядаліся да сялянства. Сустрэчны рух літаратуры і фальклору забяспечваўся і паскараўся фалькларыстыкай, развіццё якой на Беларусі перапляталася з творчасцю пісьменнікаў.

Праблема ўсебаковага літаратурнага выкарыстання беларускай мовы ў сярэдзіне XIX ст. паўстала з асаблівай вастрынёй, калі ў перыёдыцы з'явіліся палемічна-публіцыстычныя матэрыялы, у якіх завастралася ўвага на магчымасці стварэння на нацыянальнай мове паўнавартасных мастацкіх твораў. Гэтую праблему ўзнімалі тыя пісьменнікі, у творчасці якіх даволі шырока замацавалася двухмоўнасць.

Паўстанне 1863—1864 гадоў стала мяжою, якая падзяліла літаратурны працэс на два перыяды: у першым беларускамоўныя творы цесна суіснавалі з іншамоўнымі (найперш з польскамоўнымі), у другім адбылася дыферэнцыяцыя ўласна беларускай літаратуры і яе самаўсведамленне.

Пасля падаўлення паўстання ўлады практычна забаранілі беларускае друкаванае слова, што істотна прыпыніла літаратурны працэс. Арыгінальныя беларускія мастацкія творы друкаваліся пераважна за мяжой, акрамя зборнік Я. Лучыны «Вязанка», які выйшаў у 1903 у Пецярбургу, паэмы «Тарас на Парнасе» (Віцебск, 1896, 1898, 1904; Гродна, 1896, 1899; Магілёў, 1900, 1902), паасобных твораў А. Ельскага, М. Косіч. Разам з гэтым разівалася грамадска-палітычная думка, якая сведчыла пра якасна новы ўзровень самаўсведамлення беларусаў: «Да беларускай моладзі» (1881), «Пісьмы пра Беларусь» Д. Баравіка (1882), «Пасланне да землякоў-беларусаў» Шчырага Беларуса (1884), два нумары гектаграфічнага часопіса «Гомон» (1884).

У літаратуры распрацоўваліся жанры травесційнай («Энеіда навыварат», прыпісваецца В. Равінскаму) і парадыйнай («Тарас на Парнасе» К. Вераніцына) паэмы, гутаркі, быліцы («Купала», «Халімон на каранацыі» В. Дуніна-Марцінкевіча), балады («Нячысцік» А. Рыпінскага), вершаванай драматургічнай сцэнкі («Яжовыя» Я. Чачота), лірычнага верша (П. Багрым, Ф. Багушэвіч, Я. Баршчэўскі, Я. Вуль, В. Каратынскі, Я. Лучына, У. Сыракомля і інш.); з празаічных жанраў — апавядання, заснаванага на бытавым анекдоце (Ф. Багушэвіч, А. Плуг), мемуараў (А. Абуховіч). З'явіліся першыя спробы гістарычнага нарыса беларускай літаратуры (прадмова Р. Падбярэскага да зборніка Я. Баршчэўскага «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»).

Устойлівасць міфалагічнага светаўспрымання як прыкмета беларускага архетыпа была гарантыяй вяртання мастацкай творчасці ўраджэнцаў Беларусі ў нацыянальнае беларускамоўнае ўлонне. Беларуская літаратура XIX ст. — мастацкі феномен на гістарычна-культурным шляху і назапашаны патэнцыял для беларускамоўнага адраджэння ў пачатку XX ст.

Літаратура другой паловы XVIII стагоддзя Першыя прыкметы новай беларускай літаратуры адлюстраваны ўжо ў «Прамове Мялешкі» і «Лісце да Абуховіча», у інтымнай лірыцы і грамадзянскай паэзіі, гісторыка-мемуарнай прозе эпохі барока. Літаратурныя творы паступова набывалі свецкі характар, а ідэі Асветніцтва займалі пануючае становішча.

Шматмоўнасць мастацкай творчасці выяўлялася праз устойлівае выкарыстанне польскай мовы, адыход ад стараславянскай, старабеларускай, лацінскай моў і зварот да народна-гутарковых пластоў беларускай мовы. У беларускай літаратуры выявілася білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з'яўляюцца «Камедыя» К. Марашэўскага (1787), інтэрмедыі да школьных драм, макаранічныя вершы.

Калі ў даўняй літаратуры асноўнае месца належала прозе, то цяпер яно канчаткова перайшло да паэзіі і драматургіі.

Традыцыі школьнага тэатра, інтэрмедыі і народнай драматургіі набылі развіццё ў «Камедыі» выкладчыка Забельскага калегіума К. Марашэўскага. У ёй выявілася пазітыўнае, гуманістычнае стаўленне да мужыка, якое абуджала цікавасць да народнага жыцця і яго духоўнага напаўнення, выяўленага ў мове. Твор своеасабліва сінтэзаваў старыя традыцыі і новыя, асветніцкія тэндэнцыі: з аднаго боку, прасочваецца залежнасць ад барочнай драмы-маралітэ (біблейскі матыў, павучальны фінал); з другога — праўдзіва адлюстроўваюцца супярэчнасці прыгоннай вёскі, умовы жыцця беларускага сялянства.

Мацей Радзівіл стварыў лібрэта оперы «Агатка, або Прыезд пана» (1784), якое выявіла беларускую ментальнасць і абазначыла традыцыі нацыянальнай драматургіі, развітыя пазней у творах В. Дуніна-Марцінкевіча.

Батлейкавы тэатр у XVIII ст. зазнаў прынцыповыя змены: яго рэпертуар стаў больш свецкім, набыў рысы дэмакратычнасці; рэлігійным па змесце застаўся толькі пралог. Наладжваліся паказы драмы «Цар Ірад», народнай камедыі «Мацей і доктар-шарлатан» і інш. Лепшыя традыцыі батлейкавага тэатра працягваліся і ў XIX ст. («Цыган і цыганка», «Антон з казой і Антоніха»).

Беларуская паэзія 2-й пал. XVIII ст. адметная пашырэннем бурлескна-сатырычных твораў, якія дасціпна парадзіравалі біблейскія сюжэты («Того дня вельмі слаўного», «Уваскрэсенне Хрыстова і сашэсце яго ў пекла»). Білінгвальныя творы, а таксама ананімныя вершы і песні, напісаныя па-беларуску, сведчылі аб адыходзе беларускага пісьменства ад старабеларускай кніжнай мовы і яго звароце да народна-гутарковых пластоў. Полілінгвальная літаратура Беларусі пакінула рэдкія (пераважна рукапісныя) прыклады выкарыстання беларускай мовы ў «высокіх» мастацкіх жанрах (верш-віншаванне «Всем многі век в новой хаці...» І. Храптовіча, верш «Шчоб ліха не знало дом Радзівілаў...» на прыезд у Дубай пад Пінскам караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага).

У рознастылёвай шматмоўнай літаратуры Беларусі сцвярджаўся класіцызм (Ф. Багамолец, К. Марашэўскі, М. Цяцерскі і інш.) і сентыменталізм (Ф. Князьнін), працягваліся традыцыі барока (Ю. Бака, К. Беніслаўская) і перадрамантычныя тэндэнцыі (А. Нарушэвіч); узнікалі вершаваныя ўзоры, арыентываныя на жывую народную гаворку (І. Храптовіч) і стылізаваныя пад творы старажытнай беларускай паэзіі (вітанні каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму), з'явіліся рускамоўныя творы прыезджых аўтараў (І. Сакольскі), распаўсюджвалася ананімная і агітацыйна-паўстанцкая літаратура.

Літаратура XIX стагоддзя Да 1820-х г. літаратурнае жыццё Беларусі працягвала развівацца ў рэчышчы Асветніцтва. Аўтары прытрымліваліся яго галоўнага кірунку — класіцызму. У 1-й пал. XIX ст. пісьменнікі карысталіся пераважна польскай і беларускай мовамі, часам рускай (П. Шпілеўскі, В. Равінскі і інш.). Эстэтыка класіцызму дапускала выкарыстанне побач з іншымі жывой беларускай мовы, але толькі ў «нізкіх» жанрах (інтэрмедыя, камедыя, пародыя).

Да сярэдзіны XIX ст. ў беларускай літаратуры выявілася апрабаваная раней білінгвальнасць у межах аднаго твора. Беларуска-польскімі ў моўных адносінах з'яўляюцца макаранічныя вершы, змешчаныя ў кнізе А. Рыпінскага «Беларусь» («Плач пакінутага каханай», «За пекнай паненкай аж душа сумуе»), лібрэта камедыйнай оперы В. Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», 1846), вершаваная сатырычная мініяцюра І. Легатовіча «Скажы, вяльможны пане» (1838).

У жанры травесціі (бурлеска) напісана парадыйна-сатырычная паэма «Энеіда навыварат» (каля 1820-х г.), што ўзнікла як дэмакратычная рэакцыя на класіцызм. Твор напоўнены рэаліямі беларускага жыцця часоў прыгонніцтва. Аўтар дэманструе дасканалае веданне беларускага фальклору, вялікія выяўленчыя магчымасці беларускай мовы. У паэме «Тарас на Парнасе» (сярэдзіна XIX ст.) упершыню ў беларускай літаратуры апавяданне вядзецца ад імя простага селяніна. Твор адстойваў сапраўдную народнасць літаратуры, сцвярджаў неўміручасць народа, яго таленавітасць і жыццялюбства. Абедзве паэмы прасякнуты народным гумарам, напісаны жывой гутарковай мовай; яны істотна паўплывалі на літаратурны працэс, узмацнілі яго дэмакратычную плынь.

Перагляд застылых эстэтычных нормаў класіцызму, што не дапускалі ўзаемадзеяння літаратуры і вуснай паэзіі, асабліва ў «высокіх» жанрах, быў здзейснены ў краі філаматамі, членамі нелегальнага студэнцкага згуртавання, і найбольш таленавіта — у паэзіі А. Міцкевіча, першая кніга якога «Балады і рамансы» (1822) распачынала новы рамантычны кірунак у польскамоўнай літаратуры. Беларуская народная паэзія ўвайшла ў творчасць А. Міцкевіча арганічна і натуральна. Рамантычнае асваенне беларускамоўнай вусна-паэтычнай творчасці адкрыла перад пісьменнікам магчымасці разнастайнага літаратурна-фальклорнага ўзаемадзеяння, што найперш выявілася ў баладах «Свіцязь», «Свіцязянка», «Рыбка» (усе 1822).

З'яўленне А. Міцкевіча ў друку з паэзіяй рамантычнага складу паўплывала на рост пісьменніцкай цікавасці да вусна-паэтычнага набытку беларусаў, выклікала да жыцця значную колькасць твораў, заснаваных на беларускім фальклорным матэрыяле найперш у філамацкім асяроддзі (Т. Зан, А. Петрашкевіч, А. Ходзька, Я. Чачот), а пасля ў іншых паэтаў (А. Грот-Спасоўскі, Т. Лада-Заблоцкі і інш.). Гэта прадвызначыла збліжэнне «кніжнай» і народнай творчасці, а таксама характар узаемадзеяння літаратуры і фальклору ў наступныя дзесяцігоддзі.