По́льска-чэхаслава́цкая вайна́ (), у чэшскай гістарыяграфіі Сямідзё́нная вайна́ () — пагранічны канфлікт у 1919—1920 між Польшчай і Чэхаславакіяй. Разгарэўся з-за спрэчкі датычна прыналежнасці Цешынскай Сілезіі, Оравы і Спіша. У выніку інтэрвенцыі чэхаславацкіх войскаў рэгіён быў уключаны ў склад Чэхаславакіі і з той пары пачаў называцца Заволззем.

Прычыны канфлікту Па Першай сусветнай вайне як Польшча, так і Чэхія са Славакіяй пачалі працэсы ўсталявання сваёй дзяржаўнасці. У 1918 годзе супольным рашэннем тэрыторыя Цешынскай Сілезіі была часова падзеленая паводле этнічнага крытэру з умовай наступнай ратыфікацыі гэтага рашэння ўрадамі абодвух дзяржаў.

Чэшскі бок не пагадзіўся з такім рашэннем, матывуючы гэта тым, што спрэчная тэрыторыя з 1339 года з'яўлялася часткай Багеміі. Акрамя таго, праз гэтыя землі праходзіла стратэгічна важная для Чэхаславакіі чыгунка Багумін — Кошыцы, якая з'яўлялася адзіным чыгуначным шляхам між Чэхіяй і Славакіяй, над якой намагалася ўсталяваць кантроль наваствораная Венгерская Савецкая Рэспубліка. Акрамя таго, спрэчная вобласць мела багатыя заляжы каменнага вуглю і развітую цяжкую прамысловасць.

Чэхаславацкі ўрад не прызнаў рашэння Пілсудскага пра прызначэнне выбараў у Заканадаўчы Сойм, якія меліся адбыцца ў тым ліку і на тэрыторыі, часова прызнанай належнай да Польшчы. Урад Рэчы Паспалітай не пайшоў на саступкі, і Чэхаславакія распачала ў раёне ЦешынаAndrzej Leszek Szcześniak. Historia 1918—1939, Innowacja, Warszawa 1993. канцэнтрацыю войскаў, складзеных з ветэранаў I сусветнай вайны.

Баявыя дзеянні thumb|Чэхаславацкія легіянеры з Францыі на Цешыне (1919) У сярэдзіне студзеня 1919 чэшскія войскі перайшлі мяжу і занялі Спіш і Ораву, узяўшы верх над слабейшымі польскімі падраздзяленнямі. Далей, скарыстаўшыся занятасцю Польшчы ў вайне з Заходне-Украінскай Народнай Рэспублікай, 23 студзеня войскі колькасцю 16 тысяч салдат з бронецягніком і артылерыяй увайшлі ў Цешынскую СілезіюTomasz Janowicz. Czesi. Studium historyczno-polityczne. Wojna o Śląsk Cieszyński, Wydawnictwo ANTYK, 2010, ISBN 978-83-89920-56-5.. Ім супрацьстаялі паляўнічыя аддзелы, складзеныя з мясцовых шахцёраў і польскай моладзі, а таксама нешматлікія аддзелы польскай самаабароны колькасцю каля 1500 чалавек. Ужо ў першы дзень чэхі занялі Багумін і прымусілі абаронцаў адступаць у бок Віслы.

На наступны дзень былі заняты Карвіна, Суха і Ябланкаў, а 26 студзеня пасля сутычкі палякі былі выбіты з Стонавы. У адказ чэхі занялі Цешын, Галешаў, Германіцы, Устрань і Нерадзім.

У канцы студзеня Антанта змусіла Чэхаславакію спыніць агрэсію, і 3 лютага 1919 у Парыжы бакі падпісалі польска-чэшскі ўклад пра ўсталяванне дэмаркацыйнай лініі ўздоўж кошыцка-багумінскай чыгункі. Такім чынам, да чэшскага боку перайшла частка тэрыторыі з Цешынам і ФрыштатамGrzegorz Gąsior. «Zaolzie. Polsko-czeski spór o Śląsk Cieszyński 1918—2008», Ośrodek KARTA 2008, ISBN 978-83-612-8311-9.. Аднак канчаткова чэшскія войскі пакінулі польскую тэрыторыю толькі 24 лютага пасля неаднаразовых пагрозаў заходніх дзяржаў.

Аднак у сакавіку 1920 года канфлікт разгарэўся з новай сілай. Масавыя выступы палякаў у Цешынскай вобласці змусілі ўрад Чэхаславакіі ўвесці на гэтай тэрыторыі ваеннае становішча тэрмінам на 1 месяц. У сярэдзіне мая ў сувязі з новымі хваляваннямі ваеннае становішча было ўведзенае зноў. Скарыстаўшыся цяжкім становішчам Польшчы, якая ў той час удзельнічала ў вайне з бальшавікамі, чэхаславацкі міністр замежных спраў Эдвард Бенеш фарсіраваў на канферэнцыі ў Спа ўлетку 1920 падзел Цешынскай Сілезіі без правядзення плебісцыту. Польшча, пераляканая перспектывай вайны на два фронты, пайшла на саступкі. 28 ліпеня да Чэхіі адышла частка дэмілітарызаванай зоны, тэрыторыя Цешынскай Сілезіі з гарадамі Тржынец, Карвіна, Ябланкаў і паўднёвай часткай Цешына, а таксама большасць спрэчнай тэрыторыі Спіша і Оравы.

Вынікі thumb|Магіла польскіх салдат, загінуўшых пад Стонавай 26 студзеня 1919 года Большая частка спрэчных земляў плошчаю 1280 км² і насельніцтвам 295,2 тыс. чалавек (139 тыс. палякаў, 113 тыс. чэхаў, 34 тыс. немцаў), у тым ліку тэрыторыі пад адміністрацыяй польскай Нацыянальнай рады Цешынскага княства з 179 тысячамі чалавек (123 тыс. палякаў, 32 тыс. чэхаў, 22 тыс. немцаў) апынулася ў межах Чэхаславакіі. Усходняя частка Цешынскай Сілезіі — 44 % тэрыторыі плошчаю 1002 км² з 139,6 тыс. чалавек — засталася Польшчы.

У выніку чэхізацыі ўжо ў 1921 годзе па выніках перапісу насельніцтва палякаў на чэшскай частцы Цешынскай Сілезіі налічвалася 69 тысячHistoria Śląska, red. Marek Czapliński, Wrocław 2002, s. 351.. На частцы чэшскай тэрыторыі з пераважна польскім насельніцтвам паўстала гэтак званае Заволззе — частка Фрыдэцкага, Фрыштацкага і Цешынскага паветаў разам з паловай Цешына, які атрымаў назву Чэскі-Цешын.

У выніку канфлікту пагоршыліся стасункі паміж абодзвюма дзяржавамі. У 1938 годзе Польшча анексавала Заволззе, калі Чэхаславакія апынулася ў падобнай безвыходнай сітуацыі, атакаваная нацысцкай Германіяй.

Літаратура Grzegorz Gąsio. «Zaolzie. Polsko-czeski spór o Śląsk Cieszyński 1918—2008», Ośrodek KARTA 2008, ISBN 978-83-612-8311-9 Tomasz Janowicz. «Czesi. Studium historyczno-polityczne. Wojna o Śląsk Cieszyński», Wydawnictwo ANTYK 2010, ISBN 978-83-89920-56-5 Marek Kazimierz Kamiński. Konflikt polsko-czeski 1918—1921, Neriton 2001. ISBN 83-88973-05-3 Jerzy Szczurek. Z wielkich dni Śląska Cieszyńskiego V., O milicjach ludowych w latach 1918—1920, Cieszyn 1933. J. Wiechowski. «Spór o Zaolzie 1918—1920 i 1938», Warszawa 1990.

Спасылкі Польска-чэхаславацкі Цешынскі канфлікт

Катэгорыя:Асобы Катэгорыя:Войны Польшчы Катэгорыя:Войны Чэхаславакіі Катэгорыя:Войны XX стагоддзя Катэгорыя:Канфлікты 1919 года Катэгорыя:Канфлікты 1920 года Катэгорыя:Польска-чэшскія адносіны Катэгорыя:Польская Рэспубліка (1918—1939) Катэгорыя:Гісторыя Цешынскай Сілезіі Катэгорыя:Студзень 1919 года