Хата — жылая, пераважна зрубная пабудова.

Хата ў Беларусі Імаверна, першай формай драўлянага жытла на Беларусі быў просты курэнь. Пазней быў распаўсюджаны аднакамерны дом зрубнай канструкцыі. Са з’яўленнем сенцаў планіроўка хаты ўскладнілася: узнікла двухкамернае і трохкамернае жытло. Тыпы з некалькіх камер былі найбольш распаўсюджанай формай жытла беларусаў у сярэднявеччы і Новым часе.

Як тып жытла хата гістарычна развілася з зямлянкі (паўзямлянкі). На асаблівасці планаў і канструкцый ўплывалі сацыяльна-эканамічныя і прыродна-кліматычныя ўмовы, будаўнічыя матэрыялы пэўных рэгіёнаў. Беларуская хата вызначаецца дасканаласцю апрацоўкі будаўнічых матэрыялаў, прапарцыянальнасцю форм, выразнасцю кампанентаў, дэкаратыўным аздабленнем. Функцыянальныя, канструкцыйныя і дэкаратыўныя элементы хаты (франтоны, ліштвы, вільчыкі, дымнікі, падзоры і іншыя) часта ўпрыгожаны архітэктурнай разьбой. Важны элемент дэкору хаты — мастацкая шалёўка: пэўным нахілам дошак ствараюцца разнастайныя ўзоры (квадраты, ромбы, трохвугольнікі і іншыя).

Архітэктура На тэрыторыі Беларусі з 1-2 ст. вядома 1-камернае жытло з печчу без коміна (курная хата) і вузкімі акенцамі з засаўкамі. З 16 ст. вядомы таксама 2 і 3-камерныя хаты (хата+сенцы+хата) і (хата+сенцы+гаспадарчая пабудова — клець, варыўня). З 19 ст. пераважала так званая белая хата, якая мела печ з комінам. Будавалі хаты найчасцей з хвоі і елкі. Хата на падмурку пашырана з 19 ст. Крылі хаты саломаю, чаротам, дранкай (гонтай), чарапіцай, з 20 ст. выкарыстоўваюць бляху. Да канца 19 ст. быў пашыраны земляны і глінабітны тып падлогі, які змяніла дашчаная падлога на лагах.

Інтэр’ер Інтэр’ер традыцыйнай хаты строга рэгламентаваны. У куце каля дзвярэй стаяла печ, вусцем да прыпечнага акна, побач быў так заваны «бабін кут». Па дыяганалі ад печы была покуць — пачэснае месца ў хаце, там стаялі стол, нерухомыя лавы пры сценах, услон. Ад печы ўздоўж глухой сцяны размяшчаліся палаці. На сцяне каля дзвярэй мацавалася паліца, дзе трымалі посуд і іншае начынне. Інтэр’ер хаты паступова дапаўняўся іншай мэбляй. Удасканальвалася ўнутраная прастора хаты: некапітальнымі перагародкамі выдзялялі кухню, спальню, святліцу. Знадворку перад уваходам пачалі прыбудоўваць ганак і веранду.

План

Літаратура Якімовіч, Ю. А. Драўлянае дойлідства беларускага Палесся. — Мн., 1978.

Спасылкі

Катэгорыя:Драўляная архітэктура Катэгорыя:Беларускае народнае дойлідства Катэгорыя:Народная архітэктура